Палескія вандроўкі

Лета – час падарожжаў. І неабавязкова выпраўляцца глядзець егіпецкія піраміды, антычныя руіны ці заходнееўрапейскую готыку. Падарожнічаць можна і па Беларусі. Тут нават віза з медычнай страхоўкай не спатрэбяцца. Вось і я паддаўся днямі на спакусу, што сыходзіла ад сяброў – даследчыкаў айчыннай старасвеччыны, зрабіць разам невялікае падарожжа па нашым Заходнім Палессі.

Заходняе Палессе – даўно вядомы турыстычны маршрут. Яшчэ ў міжваеннай Польшчы ён карыстаўся поспехам у турыстаў нароўні з Карпатамі і Татрамі. У 1930-я гады быў нават выдадзены адмысловы падарожны даведнік для тых, хто сюды прыязджаў на адпачынак. У Пінску можна было ўзяць ь напракатаўтамабіл, арандаваць палескі човен пад ветразем з тутэйшым правадніком, каб трапіць у “палескія джунглі”.

Цікавасць Палесся не толькі ў велічных архітэктурных помніках, хаця, і іх тут нямала. Гэта ўнікальны рэгіён, дзе захаваліся некаторыя рэчы, што ў іншых мясцінах даўно сышлі ў нябыт. Таго, хто бачыў сабор Парыжскай Божае Маці ці Кёльнскі сабор, наўрад ці здзівіш пінскімі храмамі. А вось самабытныя палескія драўляныя цэрквы можна адведаць толькі тут. Ёсць іх яшчэ крыху на поўначы ўкраінскай Валыні, ці на ўсходзе польскага Падляшша. Пабудаваныя большай часткай на мяжы ХVIII-ХІХ стагоддзяў, яны захавалі драўляную скульптуру і разьбярскае аздабленне. І таму прыкра, калі бачыш, як некаторыя прыходы занадта смела “абнаўляюць” гістарычныя інтэр’еры. Зойдзеш у такі абноўлены храм і падумаеш, ці тое ў Падмаскоўе заехаў, ці ў Саратаў. Бо новыя абразы, аздабленні закупляюць большай часткай у Расіі. А старыя, мясцовыя абразы і скульптуры старадаўняй працы ў лепшым выпадку складаюць на хорах ці на гарышчы да “лепшых часоў”, маўляў, яны “некананічныя – уніяцкай традыцыі”. Але ж яны намоленыя стагоддзямі! Перад імі маліліся нашыя дзяды-хрысціяне грэцкага абраду. У іх наша пакручастая гісторыя і памяць. Менавіта яны вабяць турыстаў.

Затое прыемна бачыць, як некаторыя, цяпер ужо гарадскія жыхары, пакідаюць на вясковым падворку дзедаву хату некранутай, зносяць туды старыя гаспадарчыя прылады, мэблю, а побач будуюць сучасны дом з усімі выгодамі. Так захоўваецца каларытны палескі краявід, у якім арганічна глядзяцца і галоўны вясковы помнік – сціплая драўляная царква. А такая хата з часам пры жаданні можа стаць прыватным музейчыкам.

На некаторых палескіх могілках захаваліся архаічныя пахаванні з масіўнымі дубовымі калодамі, якія ставілі на капец уздоўж замест помніка. Так хавалі на Палессі ажно да 1990-х гадоў. На брусе, падобным да труны, які называюць нарубам, або прыкладам, пакідаюць тоўсты сук, у якім мацуюць крыж. Некалі вельмі даўно так хавалі і ў іншых рэгіёнах Беларусі, але падобная традыцыя захавалася толькі на Заходнім Палессі. У сёлетняй вандроўцы нам удалося адшукаць нават магілу міжваеннага часу, на якой наруб быў адліты з бетону ў 1930-я гады. То бок, у міжваеннай Польшчы нябедныя людзі паставілі сваяку бетонны помнік, але згодна з мясцовай традыцыяй драўляных надмагілляў!

Шкада, што разам з добраўпарадкаваннем могілак пакрысе знікаюць і старыя нарубы, бо яны адметная рыса Палесся. Імі цікавіліся нямецкія даследчыкі падчас Першай сусветнай вайны, польскія пісьменнікі Юзаф Крашэўскі і Марыя Канапніцкая, сусветна вядомая амерыканская падарожніца Луіза Арнер Бойд і мясцовая міжваенная знакамітасць — фатограф Сафія Хамянтоўская.

Турыстаў вабіць унікальнасць Заходняга Палесся, а гэта не толькі прырода, а і культурная, мастацкая спадчына, звычаі. Таму і трэба іх захоўваць.