Палескі кірмаш

Палескае ваяводства у міжваеннай Польшчы з адміністрацыйным цэнтрам у Пінску з’яўлялася самым вялікім па тэрыторыі ва ўсёй адноўленай у 1918 годзе Рэчы Паспалітай. З падручнікаў савецкіх часоў укаранілася думка, што пры даваеннай Польшчы яе ўлады свядома не клапаціліся пра эканамічны ўздым Заходняй Беларусі. Маўляў, тут не было збудавана ніводнага прамысловага прадпрыемства. У пэўнай ступені гэта так. Калі і будаваліся, то невялікія, што перапрацоўвалі сельскагаспадарчую прадукцыю. Новыя прамысловыя — больш нагадвалі майстэрні па адвёртачнай зборцы. Аднак, не трэба забывацца, што вайсковыя дзеянні на тэрыторыі Заходняй Беларусі распачаліся ў 1915 годзе падчас Першай сусветнай вайны, а Савецка-польская вайна скончыліся адно ў 1920-м. Зразумела, што вольных грошай у дзяржавы і ў бізнесу бракавала. Тым не менш, аўтамабільныя дарогі, вузкакалейная чыгунка, судаходныя каналы будаваліся. Больш з вайсковымі мэтамі, але ж выкарыстоўваліся яны і ў грамадзянскіх.

І толькі з сярэдзіны 1930-х гадоў на адносным уздыме эканомікі дайшла чарга і да Заходняга Палесся. Пінск здаўна з’яўляўся месцам правядзення маштабных кірмашоў. Так, яшчэ пры Расійскай імперыі ў 1906 годзе на Палескі кірмаш было завезена тавараў на 50 000 царскіх рублёў, прадалі іх на 37 000 рублёў. На той час кілаграм свініны каштаваў ад 35 да 45 капеек. Гандлявалі тады ў асноўным непадалёк ад Езуіцкага калегіума з чаўноў, што прыплывалі па Піне. Сучаснікі згадвалі, што і ракі з-за іх амаль не было відаць. Гандаль з вазоў разгортваўся каля цяпер ужо не існуючых гандлёвых радоў – іх знішчылі ў 1960-х гадах, крыху пазней, чым зруйнавалі Езуіцкі касцёл.

Мясцовыя ўлады вырашылі высока ўзняць планку новага Палескага кірмашу, што мусіў адбыцца ў 1936 годзе. Дзеля гэтага яны заручыліся падтрымкай Варшавы і атрымалі дзяржаўны патранаж. У 30-я гады ужо пачынаўся эканамічны ўздым Палесся. Развіваўся турызм, праходзілі культурніцкія мерапрыемствы, праводзілася меліярацыя. У Пінску запланавалі ўзвесці будынкі адміністрацыі і музея.

Галоўны ўпор пры правядзенні новага кірмашу вырашылі зрабіць на традыцыйных перавагах Палесся. На ўнікальную прыроду, фальклор, асаблівасці. Дастаткова пісьменны маркетынгавы ход. Месцам правядзення стаў тагачасны Ляшчынскі сквер – цяперашні гарадскі парк. У ім збудавалі шапікі, павільёны, рэстарацыі, кавярні. Узвялі і дзве скульптуры. Адну на ўваходзе – паляшук з вяслом, другую ў цэнтры – помнік Юзафу Пілсудскаму. Галоўную алею аддалі стэндам, прысвечаным гісторыі Палесся. Асноўную тэрыторыю разбілі на сектары. Там паўсталі павільёны сувязі, прамысловасці, культуры, адукацыі. Проста на вачах у наведвальнікаў працавалі майстэрні: мэблевая, ткацкая па вырабе дываноў, гарбарня. Асаблівым поспехам карыстаўся будан, дзе сабралі усе віды рыбалоўных прылад мясцовых жыхароў. Цікаўны турыст-наведвальнік мог дазнацца практычна ўсё пра жыццё на палескіх абшарах.

Паралельна з гэтым вёўся і традыцыйны гандаль. Сваю прадукцыю прапаноўвалі мясцовыя прадпрыемствы, майстэрні, рамеснікі, сяляне. Прадаваліся брусы і дошкі, матэрыял для вырабу гонты, кераміка, сена, дровы, прадукты сельскай гаспадаркі, рыба, грыбы. На сцэне выступалі музычныя і спеўныя калектывы, праходзілі рэканструкцыі традыцыйных народных свят. Кірмаш удаўся і стаў штогадовым. Апошні раз ён прайшоў у 1939-м годзе. Падчас яго правядзення стала вядома, што 1 верасня пачалася вайна. Удзельнікі раз’ехаліся і не ведалі, што больш ім не давядзецца сустрэцца ў гэтым цудоўным месцы ў самым сэрцы сталіцы Палесся – Пінску.