Палескi Іерусалiм

27 студзеня ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту. Генеральная асамблея ААН узяла за аснову дату, калі ў 1945 годзе савецкія войскі вызвалілі адзін з самых страшных канцэнтрацыйных лагераў нацысцкай Германіі – Асвенцым. У ім былі закатаваныя каля 2 мільёнаў чалавек. У асноўным габрэі. Потым, цывільныя немцы казалі, нібыта нічога не ведалі пра тое, што рабілася за калючым дротам. І кіраўніцтва нямецкай фірмы, што выпускала печы-крэматорыі для лагераў смерці, клялася і бажылася, нібыта не падазравала, чаму попыт на іх прадукцыю, як і прыбыткі, у час панавання Гітлера ўзраслі ў некалькі разоў.

У Беларусі габрэі масава з’явіліся каля 500 гадоў таму. Выгнаныя з Іспаніі, яны праз Германію прыйшлі да нас. З таго часу нашыя народы мірна жылі поруч. Захаваліся ўспаміны замежных сярэднявечных дыпламатаў, якія са здзіўленнем адзначалі, што ў нашых мястэчках за адным сталом, каб абмеркаваць надзённыя пытанні сваіх пастваў, маглі сабрацца за вячэрай бацюшка, ксёндз, рабін і пратэстантскі пастар. Сітуацыя амаль немагчымая для тагачасных краін Заходняй Еўропы. Вядома, і ў нас іўдзей, калі толькі не браў хрост, не мог займаць дзяржаўныя пасады, беларусы на побытавым узроўні кпілі з габрэяў, тыя кпілі з нас. Аднак, да пагромаў на нашых землях ніколі не даходзіла. Мы заўсёды былі суседзямі.

Габрэі складалі каля паловы насельніцтва нашых гарадоў і мястэчак. У тым ліку і ў Пінску. Пінск увогуле называлі Палескім Іерусалімам. У даваеннай БССР дзяржаўнымі былі абвешчаны чатыры мовы: беларуская, руская, польская і ідыш. На іх працавалі тэатры, выдаваліся газеты, часопісы, кнігі, на кожнай з чатырох можна было звяртацца ў дзяржаўныя ўстановы.

Трагедыяй для ўсіх еўрапейскіх габрэяў стала другая сусветная вайна. Большасць беларусаў пад акупацыяй паказалі сябе з лепшага боку. Немцы спадзяваліся рэалізаваць адносна габрэяў у нас такі самы сцэнарый, як у Польшчы, Літве, Латвіі – адпачатку не пэцкаць самім рукі ў крыві, а з дапамогай прапаганды падбухторыць карэннае насельніцтва да пагромаў. Самім потым толькі правесці канчатковую “зачыстку”. Акупацыйныя ўлады пісалі даклады ў Берлін, што яшчэ пара тыдняў і, дзякуючы разгорнутай прапагандзе, беларусы кінуцца знішчаць іўдзеяў, рабаваць іхняе майно. Але беларусы не чапалі сваіх суседзяў. І тады нацысты абвесцілі масавае знішчэнне габрэяў. Яны нават не да канца давяралі гэтую справу беларускай паліцыі. Было нямала выпадкаў, калі паліцаі дапамагалі ўцячы сваім суседзям. Давялося прывезці паліцэйскія батальёны карнікаў з Літвы, Латвіі, Украіны, пазней прыцягнуць да гэтага рускіх з РАА – так званай Арміі Уласава. Нягледзячы на пагрозу расстрэлу, шмат хто з беларусаў хаваў габрэяў, браў на выхаванне іх дзяцей. Бралі габрэяў і ў партызанскія атрады, праўда, толькі з уласнай зброяй. Але ж такое правіла дзейнічала для ўсіх, незалежна ад нацыянальнасці. Існавала некалькі цалкам габрэйскіх партызанскіх атрадаў.

Пасля вайны колькасць габрэйскага насельніцтва зменшылася ў разы. У жывых засталіся ў асноўным тыя, хто паспеў эвакуявацца, а потым вярнуўся ў родныя мясціны. Нажаль, у пасляваенным СССР камуністам паўсюль мроілася міжнародная сіянісцкая змова. Таму і помнікі на месцах масавых пахаванняў ставілі даволі дзіўныя. Спачатку ішоў пералік у колькі дзясяткаў славянскіх прозвішчаў, а потым дадавалася не вельмі ўцямнае “… і яшчэ 2000 савецкіх грамадзянаў”. Таму большасць помнікаў, мемарыялаў ахвярам Халакосту з’явіліся ў Беларусі ўжо ў часы незалежнасці, калі габрэяў у нас засталіся лічаныя тысячы.

 

Максім КЛІМКОВІЧ