Палеская сям’я

Той, хто канчаў школу ці інстытут за часамі існавання БССР, напэўна памятае вызначэнне Фрыдрыха Энгельса, што “сям’я з’яўляецца першаснай ячэйкай грамадства”. У наш час у юрыдычным плане сям’ёй лічацца муж, жонка і іх дзеці. Нават дзяды з бабулямі членамі сям’і не з’яўляюцца. А ці так было крыху больш ста гадоў таму назад – да Першай сусветнай вайны, якая, як лічыцца, і зламала традыцыйны жыццёвы лад беларусаў. Сведчанні пра гэта пакінуў нам этнограф, знакаміты даследчык Палесся Мітрафан Доўнар-Запольскі.

У канцы ХІХ стагоддзя сем’і на Палессі былі вялікія. Часам даходзіла да 50 чалавек. Такая сям’я складалася з бацькоў, жанатых дзяцей. Жыць яны маглі ў некалькіх хатах, але іх аб’ядноўвалі агульныя праца і зямельны надзел. Правілы існавання такіх сем’яў рэгуляваліся і афіцыйным заканадаўствам, і так званым звычаёвым правам. У спрэчных момантах правы сямейнікаў адстойвалі не толькі яны самі, спрэчкі вырашаліся і сялянскімі сходамі, і валаснымі судамі. На чале сям’і звычайна стаяў старэйшы мужчына, яго і называлі гаспадаром. Ён адказваў за вядзенне гаспадаркі, вызначаў ход працы ў полі, догляд жывёлы. Ён жа і распараджаўся заробленымі грашыма, хаця, нярэдка добраахвотна перадаваў гэтую функцыю гаспадыні. У яго абавязкі ўваходзіў кантроль за жыццём моладзі, чытанне малітвы, выкананне самых галоўных абрадаў.

Калі гаспадар быў п’яніцам, або гультаём, біў жонку, дзяцей, то на агульным сходзе сям’я магла пастанавіць выбраць замест яго другога мужчыну са старэйшых. Гаспадар мусіў быць бездакорным прыкладам іншым сямейнікам. Нягледзячы на тое, што менавіта гаспадар валодаў зямлёй, але ён не мог яе прадаць, калі ў сям’і меліся малыя дзеці. Валасныя суды заўсёды скасоўвалі такія здзелкі.

Калі гаспадар паміраў, не пакінуўшы прамых спадкаемцаў па мужчынскай лініі, то яго правы пераходзілі гаспадыні, за выключэннем аднаго, яна не магла стаць уласніцай яго спадчыннай маёмасці, тая заставалася сям’і. Удава мела права забраць сабе толькі палову з таго, што зарабіла разам з памерлым мужам. Суды ніколі не прызначалі жанчынам цялесных пакаранняў, толькі штрафы або грамадскія працы.

Удавец звычайна жаніўся другі раз праз некалькі месяцаў пасля пахавання першай жонкі. Маладыя дзяўчаты неахвотна ішлі за ўдаўцоў. Таму новай жонкай звычайна станавіліся ўдовы, дзяўчаты з якім-небудзь фізічным недахопам, або тыя, хто скампраметаваў сябе распуснымі паводзінамі.

Уласныя юрыдычныя правы дзеці набывалі толькі пасля таго, як бралі шлюб. Да гэтага незалежна ад узросту адказнасць за іх неслі бацькі. Сыноў імкнуліся ажаніць, як мага раней, бо нявестка – яшчэ адныя працоўныя рукі ў гаспадарцы. А вось дачок стараліся прытрымаць пры сабе хаця б пару гадкоў, каб было каму працаваць.

Звычаёвае права дазваляла жонцы пакінуць мужа, калі ён моцна п’е, або крыўдзіць яе. Пры гэтым яе рэпутацыя ў вачах аднавяскоўцаў не цярпела. У выпадках, калі жонка сыходзіла з сям’і без важкіх прычынаў, то грамадская думка і суды заўсёды станавіліся на бок мужа.

Калі гаспадар рабіўся слабым і не мог ужо працаваць напоўніцу, то ён перадаваў гаспадарку і права распараджацца зямлёй старэйшаму сыну, пры гэты захоўваў права на сваю долю надзелу. Дзеці былі абавязаныя даглядаць старых бацькоў. Правіла прадпісвала апекавацца імі самага малодшага сына, калі ў яго была свая сям’я. Тлумачылася гэта так – у яго менш за іншых братоў працаздольных дзяцей, таму нават слабыя бацькі нечым дапамогуць у гаспадарцы.