Палац Бутрымовіча

Пінск лічыцца самым “марскім” горадам Беларусі. Сапраўды, адсюль ляжыць водны шлях, як у Балтыку, так і ў Чорнае мора. А яшчэ Піншчына лічыцца краем самых прадпрымальных грамадзян Беларусі. Варта прайсціся па рынках буйных гарадоў краіны і пераканацца, што шыльдачка з надпісам “Пінск” сталася своеасаблівым брэндам, які сведчыць пра якасць.   

Бадай, што самым вядомым жыхаром Пінска, які шмат у чым спрычыніўся да стварэння падобнай рэпутацыі горада над Пінай, быў Мацей Бутрымовіч. Мясцовы шляхціц, які жыў у 1745-1814 гадах. Ён займаў высокія дзяржаўныя пасады ў Рэчы Паспалітай. Абіраўся дэпутатам Чатырохгадовага Сойма, быў пінскім падстарастам, мечнікам, суддзёй Літоўскага трыбунала. Бутрымовічу давялося жыць у цяжкі для Радзімы час, калі Рэч Паспалітую па частках расцягвалі тры суседнія манархіі: Расійская і Аўстрыйская імперыі, Прусія. Ён быў з тых, хто спрабаваў рэфармаваць дзяржаву, уратаваць яе.

Большасць нацыянальных герояў – гэта героі войнаў, альбо дзеячы культуры. А вось Мацей Бутрымовіч застаўся ў беларускай памяці і ў гісторыі больш умелым гаспадарнікам, мецэнатам, прадпрымальнікам. Тагачасная шляхта яшчэ з пагардай глядзела на тых сваіх прадстаўнікоў, хто займаўся гандлем, вытворчасцю. А Бутрымовіч бачыў у капіталізме будучыню. Ён наладзіў на асушаных балотах у сваім маёнтку Крыстынаў узорную гаспадарку, заснаваў на ўласныя сродкі школу для дзяцей рамеснікаў і сялян.

Ідэя спалучыць водным шляхам Чорнае і Балтыйскае мора існавала з даўніх часоў. Першыя рэальныя земляныя працы па рэалізацыі гэтага праекту рабіла яшчэ каралева Бона са Сфорцаў у XVI стагоддзі. Аднак сапраўдны суднаходны канал паўстаў толькі ў канцы XVIII стагоддзя. Агінскі канал і Днепра-Бугскі былі збудаваныя, у тым ліку і дзякуючы Мацею Бутрымовічу. Як ён сам пісаў у сваіх успамінах, што быў “сведкам яго пачатку на паперы і першым выканаўцам таго ж на зямлі”.  Будаўніцтва вялося часткова за дзяржаўныя грошы, але ў асноўным за сродкі вялікага гетмана літоўскага Міхала Агінскага. Дарэчы, роднага дзядзькі Міхала Клеафаса Агінскага – аўтара славутага паланезу.

Агінскі канал быў разлічаны на пропуск караблёў і сплаў лесу. Бутрымовіч здолеў зрабіць і, як бы цяпер сказалі, прэзентацыю скончаных каналаў. Вясною 1784 года ён урачыста выправіўся на дзесяці гружаных таварамі караблях з Пінска, далей праз Буг, па Вісле ў Варшаву, а адтуль у Гданьск. Гэтае падарожжа мела не столькі камерцыйны характар, колькі мусіла паказаць новыя транспартныя магчымасці. Уздоўж каналаў былі пракладзеныя добрыя па тых часах дарогі для іх абслугоўвання і падарожжаў.

Увосень таго ж года Пінск адведаў і сам кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, каб пераканацца, наколькі змяніўся гэты край, дзякуючы высілкам Мацея Бутрымовіча. Тады кароль падняўся на палубу і агледзеў адзін з караблёў, а таксама паклаў закладны камень у падмурак будучага палаца, які стаіць у горадзе і па сёння. Палац Бутрымовіча — адзін з лепшых архітэктурных помнікаў горада. Спачатку Мацей узводзіў яго як рэзідэнцыю для брата караля Міхала Панятоўскага, які з’яўляўся прымасам – главою усіх каталіцкіх біскупаў краіны. Аднак пасля смерці прымаса ўладальніцай недабудаванага палаца стала дачка Мацея – Юзэфа.

Нажаль, Мацей Бутрымовіч пасля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай застаўся незапатрабаваны новымі расійскімі ўладамі. Нават невядома дакладна калі ён памёр – ці тое ў 1810, ці тое ў 1814 годзе. Але ж дакладна вядомы год яго нараджэння – 1745. Так што сёлета Мацею Бутрымовічу 275 год.