“Ой, сівы конь бяжыць…”

Так пачынаецца адна, на мой погляд, з лепшых беларускіх народных песняў. З першых яе радкоў мне адразу ўяўляецца начны туман, з якога выбягае сівы конь з белай грывай. У даўнія часы для нашых продкаў конь быў ці не самым каштоўным набыткам. Селянін араў на ім зямлю, вазіў дровы, траляваў бярвёны на будоўлю. Купцы везлі тавар у іншыя краіны. Шляхта ваявала ў асноўным у складзе кавалерыі. І ад каня, ад яго вывучкі, ад умення слухацца гаспадара, ці не ў першую чаргу залежала падчас бітвы жыццё гусара ці ўлана.

За добрага каня магнаты і нават каранаваныя асобы гатовыя былі пайсці на якія заўгодна выдаткі і рызыку. Яны высылалі на закуп коней сваіх прадстаўнікоў за межы Рэчы Паспалітай. Часцей за ўсё ў Асманскую імперыю. Падобныя выправы былі вельмі небяспечнымі для падарожнікаў. Так у 1578 годзе недалёка ад Стамбула злодзеі забілі каралеўскага канюшага Якуба Падладоўскага, які вёз для караля Стэфана Баторыя закупленых ў Турэччыне арабскіх скакуноў. Пасада кіраўніка каралеўскаіх стайняў далёка не апошняя ў дзяржаве. Таму турэцкі султан чаўш Мустафа зрабіў усё, каб злавіць забойцаў, і даставіў іх да Стэфана Баторыя ў Гродна, дзе той меў сталую рэзідэнцыю. У лісце да нашага караля султан шчыра выбачаўся за забойства і прасіў сувора пакараць злачынцаў – сваіх падданых.

У нас цаніліся не толькі арабскія, але і англійскія коні, мясцовыя пароды. Конезаводчыкі скрыжоўвалі іх, каб атрымаць ідэальнага скакуна. Неадменным атрыбутам дыпламатычнага поезда ў той час былі коні. Паслы Рэчы Паспалітай намагаліся здзівіць іншаземных манархаў так званым сармацкім – усходнім, стылем, бо лічылася, што мясцовая шляхта паходзіць ад старадаўніх сарматаў. Пры чым не так было важна, выпраўляліся паслы на Захад ці на Ўсход. У Парыж ці ў Маскву. Вось як відавочца апісвае такі ўезд нашага пасольства ў Маскву ў 1606 годзе: “… за шчытаносцамі вялі верхавога белага турэцкага каня… на якім была багатая збруя, сядло і чарпак упрыгожаныя чорнымі пёрамі чаплі. Вялі яго два персы на доўгіх ядвабных лейцах, складзеных утрая і пераплеценых золатам. Следам двое неграў, апранутых у срэбны глазет, вялі гнядога турэцкага каня. Следам – рудога і сівога коней, таксама багата ўпрыгожаных. Пры кожным з іх былі па два туркі ў парчовых ферэзіях і ярмолках са страўсінымі пёрамі”.

Зразумела, што пры такім стаўленні да коней сапраўдныя шляхціцы не пазбаўляліся ад іх, калі тыя ўжо не маглі ўдзельнічаць у войнах і парадах. Іх адпраўлялі на “пачэсную пенсію”. Старыя коні ўтрымліваліся ў стайнях, іх даглядалі да самага скону. Вядомыя выпадкі, калі іх уладальнікі ў тастаменце адпісвалі пэўныя сумы на ўтрыманне сваіх састарэлых улюбёнцаў і баявых сяброў.

Цяперашні свет стаў не такім жорсткім, якім быў у часы ранейшай Рэчы Паспалітай, але толькі не ў стаўленні да коней. Цяпер іх выкарыстоўваюць не ў войнах і парадах, а ў спорце, здымках гістарычных фільмаў, для забавы турыстаў. Коні працуюць, здабываюць узнагароды і грошы для сваіх гаспадароў. А потым, калі яны ўжо не могуць даць рэкорды, не могуць несці на сабе вершніка, іх “выбракоўваюць”. Гэтае страшнае слова азначае, што жывёлу, нават, калі яна алімпійскі чэмпіён, адправяць на мясакамбінат, ператвораць у кілбасу ці кансерваваную тушаніну.

Нехта скажа – рацыянальна, але я мяркую, што гэта жорстка, несправядліва і не па-людску. Нашы продкі так не рабілі. Дзякуючы адзінкам энтузіястаў, і ў нашай краіне цяпер створана некалькі прытулкаў для заслужаных коней, дзе яны могуць спакойна дажыць да натуральнага скону.