“Ой, каляды, каляды…”

Каляды, Новы год у старэйшага пакалення асацыююцца з пахам хвоі і мандарынаў. Як мы чакалі, калі прыйдуць навагоднія святы! Калі ў школе пройдзе перад зімовымі вакацыямі маскарад. Большасць дзяўчынак будзе пераапранута ў сняжынкі. Іх амаль балетныя строі ўпрыгожаць каскады бялюткіх карункаў. А большасць хлопчыкаў прыйдзе ў строях, ці то клоўнаў, ці тое мушкецёраў. І толькі некалькі крэатыўных, як кажуць цяпер, надзенуць строі касманаўтаў і робатаў.

Будуць віктарыны ад Дзеда Мароза, у якім нам, тагачасным школьнікам, будзе ўгадвацца адзін з настаўнікаў, хараводы вакол елкі і потым – галоўнае. Раздача падарункаў. Усім аднолькавых невялікіх кардонных каробак з цукеркамі фабрыкі “Спартак” або “Камунарка” і парай мандарынаў ўсярэдзіне. Аднолькавых, каб нікому не было зайздросна. Зрэдчас тыя падарункі заставаліся цэлымі па дарозе дадому. Хіба, хто нёс іх меншаму брату ці сястрычцы. А потым мы з бацькамі ішлі купляць ялінку і браліся яе ўпрыгожваць. Даставалі з антрэсоляў кардонкі з-пад абутку, дзе захоўваліся елачныя цацкі. Былі сярод іх і даволі новыя, і тыя, што паспелі зрабіцца каламутнымі ад часу. Але яны памяталі – адбівалі некалі дзецьмі яшчэ нашых бацькоў. Мы ўмудраліся распраўляць леташні алюмініевы “дожджык”, які драўся ад першага ж дотыку. Загортвалі ў станіёль грэцкія арэхі і нейкім цудам прывязвалі да іх ніткі. Галінкі ўпрыгожвалі ватай, якая імітавала снег. І, каб яна блішчэла ільдзяной скарынкай, мазалі яе сілікатным клеем.

Пад ялінку ставілі фігуркі Дзеда Мароза і Снягуркі. Асаблівым шыкам лічылася, калі ў каго была светлавая гірлянда – з пару дзясяткаў цьмяных лямпачак, якая штогод гасла з-за таго, што перагарала адна з іх. Паміж аконных шыбаў звычайна клалі вату, нібыта там ляжаў снег, а на іх, калі зіма была дастаткова цёплай, раскладалі яблыкі.

Сціплыя радасці мінулай эпохі, калі ўсяго было мала, калі па ўсё стаялі чэргі. Але ж, Новы год з Калядамі быў часам, калі трэба было, хоць крыху, ды шыкануць. І цяпер не так важна, што на свята лічылі мандарыны штукамі, а не кілаграмамі. Елкі звычайна прадавалі такія рэдкія і абдзёртыя, што даводзілася купляць адразу дзве-тры і потым звязваць іх вяроўкай у адну. Затое засталіся ўспаміны дзяцінства, лепш якіх нічога няма.

Самае дзіўнае, што, нягледзячы на антырэлігійную прапаганду, слова “Каляды” не забывалася. Часам толькі замянялася іншасказаннем — Навагодня Святы. І Калядная зорка, хай сабе і пяціканцовая, але красавалася на вяршаліне галоўнай елкі горада і ўсёй Беларусі. Хто памятаў, той ведаў, што гэта Вефліемская зорка, што заззяла пры нараджэнні Збавіцеля, і што потым, кіруючыся на яе, да маленькага Хрыста прыйшлі пакланіцца з дарамі Тры Каралі: Каспар, Мільхіёр і Балтазар. Нам пра гэта расказвалі дзяды і бабулі, якія памяталі сваё дзяцінства і чулі хрысціянскую гісторыю ад сваіх дзядоў, ад святароў. Цяпер мы пераказваем яе сваім дзецям і ўнукам…

Цяпер крыху па другому. Елкі ў кватэрах сталі густымі, але штучнымі і не пахнуць хвояй. Бо нехта распусціў чуткі, нібыта з натуральнымі ялінкамі мы прыносім у жытло лясных кляшчоў. Шчыра кажучы, не памятаю, каб такое калі-небудзь здарылася ў маім дзяцінстве. Мяркую, гэта прыдумалі прадаўцы штучных ялінак, каб падняць свае продажы. Дзеці ўжо не так радуюцца мандарынам. Ды і вату ў трохслойны шклопакет не заткнеш. Затое на вокнах вісяць, падміргваюць сотнямі агнёў гірлянды. А галоўнне: знікла з большасці елак пяціканцовая зорка, і яе месца справядліва заступіла сапраўдная калядная – васьміканцовая. І зімовыя святы ўсё часцей асацыююцца менавіта з Калядамі, з Божым нараджэннем.

 

Максім КЛІМКОВІЧ