Няспраўджаныя мары

Сёння можа падасца крыху кур’ёзным, але ў міжваеннай Польшчы, у якую ўваходзіла і Заходняя Беларусь, даволі ўплывовым грамадскім рухам была Марская і каланіяльная ліга. Мэта гэтай арганізацыі была наступнай. Паколькі Рэч Паспалітая з-за трох падзелаў дзяржавы Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй не паспела паўдзельнічаць у каланіяльным падзеле свету, то пасля аднаўлення незалежнасці ў 1918 годзе ёй неабходна прыдбаць уласныя калоніі ў Афрыцы, Амерыцы, на Ціхім акіяне…

З сённяшняга пункту гледжання ідэя дастаткова вар’яцкая. Але ж тады еўрапейскія каланіяльныя імперыі знаходзіліся ў росквіце. Улады міжваеннай Другой Рэчы Паспалітай афіцыйна не моцна падтрымлівалі такі рух, але і не заміналі праводзіць дэманстрацыі Марской і каланіяльнай лігі ў буйных гарадах. Іх удзельнікі неслі плакаты з патрабаваннямі набыцця ўласных калоній, мазалі твар і рукі гуталінам, або фарбавалі ў чырвоны колер, — прадстаўлялі сабой неграў і індзейцаў. Некаторыя надзявалі каланіяльныя коркавыя шаломы і мацавалі на іх кукарды з Белым Арлом. Дарэчы, такія дэманстрацыі праходзілі і ў самым “марскім” горадзе Палесся – ваяводскім Пінску.

Самае цікавае, што пэўныя законныя падставы для такіх патрабаванняў былі, але ж не ў саміх палякаў, а ў беларусаў. Рэч у тым, што ў XVII стагоддзі Курляндыя, дзяржава з дастаткова моцным вайсковым флотам, стала васалам менавіта Вялікага Княства Літоўскага, а не Каралеўства Польскага, якія разам складалі Рэч Паспалітую – дзяржаву двух народаў. Такім чынам, у наша Вялікае Княства фармальна ўвайшлі і курляндскія заморскія калоніі Трынідат і Табага, а таксама Гана. Але ж нашым тагачасным уладам было асабліва не да заморскіх уладанняў. Крыху больш, чым праз стагоддзе само ВКЛ спыніла сваё існаванне, захопленае Расійскай Імперыяй.

Былі ў гэтым даваенным руху і польскія вялікадзяржаўнікі, якія жадалі ўвесці краіну ў лік еўрапейскіх каланіяльных імперый, але ж у такіх дэманстрацыях бралі ўдзел і так званыя “простыя людзі”, чыё матэрыяльнае становішча наўрад ці змянілася б ад наяўнасці заморскіх калоній. Так што рух за набыццё калоній быў даволі папулярным. Людзям здавалася, што пры наяўнасці калоній можна будзе вырашыць праблему перанаселенасці, бо ў той час насельніцтва імкліва павялічвалася. А таксама забяспечыць прамысловасць таннай сыравінай.

Улады адроджанай Польшчы ўпершыню паднялі пытанне калоній у Лізе Нацый – тагачаснай арганізацыі кшталту сённяшняга ААН. Яны прыводзілі аргумент, што паколькі пераможаная ў Першай сусветнай вайне Германія валодала 10% тэрыторыі Польшчы, то пасля перамогі, як мінімум 10% яе заморскіх уладанняў мусяць быць перададзеныя Другой Рэчы Паспалітай. Тагачасныя каланіяльныя імперыі не пагадзіліся з такой прапановай. Былыя германскія калоніі падзялілі паміж сабой Бельгія, Вялікабрытанія, Партугалія і Японія.

Аднак, адзін з каланіяльных праектаў прасунуўся даволі далёка. Ёсць такая афрыканская краіна Ліберыя, якую заснавалі вызваленыя ў ЗША цемнаскурыя рабы. У 1934 годзе Ліберыя афіцыйна, дзякуючы падпісаным з Марской і каланіяльнай лігай дамовамі, стала пратэктаратам Польшчы. А сакрэтны пратакол да гэтых дамоў дазваляў Польшчы ў выпадку новай сусветнай вайны завербаваць у сваё войска 100 000 жыхароў гэтай краіны.

Гісторыя Польшчы і Заходняй Беларусі падчас і пасля Другой сусветнай вайны магла пайсці крыху інакш, калі б, хаця б адзін з гэтых праектаў ажыццявіўся. Урад у выгнанні апынуўся б не ў Лондане, а ў адной з калоній, куды б хутчэй за ўсё паспелі б з’ехаць польскія і беларускія габрэі.