Нядзеля з унукам

У першыя дні верасня я вырашыў выправіцца з унукам на прыроду. Можа, грыбы пазбіраць, можа, пасядзець на беразе з вудамі. Аднак, калі мы сустрэліся ў Мінску, то ў яго ўжо быў свой план на выходныя. Я сам вінаваты, на пачатку лета “падсадзіў” малога на тэму вайны, калі звазіў у Брэсцкую крэпасць, якую ў чэрвені 1941 года бараніў мой бацька — ягоны прадзед. Цяпер на камодзе ва ўнука стаяць гільзы часоў вайны і аплаўленая нямецкім агнямётам цэгла з казематаў крэпасці.

Вось і цяпер унук недзе вычытаў ці пачуў, што самыя жорсткія баі пад Мінскам ішлі ў раёне Заслаўя, якое, калі ехаць электрычкай, 17 кіламетраў ад яго дома. Вось і пацягнуў мяне на станцыю, каб з’ездзіць, знайсці што на месцы баёў. Да бліжэйшага цягніка заставалася хвілін сорак, мы паспелі адшукаць у інтэрнэце прымітыўную схему абароны заслаўскага накірунку і прачытаць пару старонак успамінаў іх удзельніка. Мы выйшлі на Зялёным, што перад Заслаўем, недзе паміж гэтымі станцыямі чырвонаармейцы і далі 25 чэрвеня бой нацыстам, якія ірваліся да беларускай сталіцы ўздоўж чыгункі і па аўтамабільнай дарозе. Мне адразу зрабілася ясна, што ніякіх ваенных артэфактаў мы не знойдзем, як і не адшукаем у лесе рэшткі палкавой штабной зямлянкі, пра якую былі згадкі ва ўспамінах ветэрана-артылерыста.

Мы ішлі з унукам па асфальтаванай дарозе ўздоўж чыгункі. Абапал стаялі дагледжаныя прыгарадныя катэджы. Праносіліся сучасныя швейцарскія электрычкі, што ўжо пачалі вырабляць у нас на сумесным прадпрыемстве ў Баранавічах. Так, тут нашы войскі спынілі немцаў у 1941-м і нават здолелі выбіць іх з Заслаўя. Але нішто не нагадвала пра тыя падзеі. Старана абкошаныя газоны, платы з металапрофілю, брамы. Спадзяванні на тое, што нядаўнія дажджы, як у Брэсце, павымывалі з зямлі вайсковыя артэфакты, былі марныя. Так мы дайшлі да віядуку, якога, ясная рэч, у даваенны час яшчэ не было. За ім пачыналася сучаснае Заслаўе.

Я зразумеў, што проста так здавацца не варта – згадаў, як сябра-археолаг на гарадзішчы вікінгаў Маскавічы, што пад Браславам, тлумачыў мне прынцыпы пошукаў. “Каб зразумець, дзе на возеры быў порт, на гары склады, капішча, жытло і нават сметнік – самае каштоўнае для археалогіі, уяві сабе тым вікінгам, які толькі прыплыў у гэтыя мясціны на сваім баявым чоўне-дракары. Выбірай месца сам. Там і знойдзеш…” І я згодна сваёй вайсковай адукацыі сапёра ўявіў, дзе б размясціў агнявыя пазіцыі, палкавую штабную зямлянку, калі б мне спатрэбілася перакрыць шляхі ад Заслаўя на Мінск. Улічыў балота, рачулку, перакрыжаванне чыгункі і аўтамабільнай дарогі, лес, рэльеф.

Даўняя парада сябры-археолага спрацавала. Праз чвэрць гадзіны мы з унукам ускараскаліся на лясны пагорак, з якога праглядаліся-прастрэльваліся і шаша, і чыгунка. Тут у зямлі выразна прамалёўваліся парослыя старымі соснамі правалы ад штабной зямлянкі, кулямётных гнёздаў, акопаў, артылерыйскіх пазіцый. Менавіта адсюль сваім агнём нашы войскі спынілі нацыстаў. Праўда, абаронцам потым не пашанцавала, немцы прарваліся да сталіцы з боку Брэста і Радашковічаў, нашы трапілі ў “кацёл”. У завалах нам удалося адшукаць рэшткі жалезнай печкі і амаль некрануты іржой абруч ад невялічкай драўлянай бочачкі, у якой хутчэй за ўсё захоўвалі змазку для зброі. Таму ён і не заіржавеў. З ім мы і вярнуліся ў Мінск.

У электрычцы ўнук марыў пра машыну часу, якая б дазволіла нам апынуцца хаця б на гадзіну ў гэтым месцы ў 41-м. А я казаў, што за мой, куплены на рынку бундэсвераўскі камуфляж, чырвонаармейцы палічылі б мяне за нямецкага шпіёна.