Небяспечныя гульнi

Для дарослага чалавека сам па сабе пачатак чэрвеня мала што значыць. Ну, пачалося лета, а на працу, службу ўсё адно хадзіць трэба. Хаця ў кожнага ў душы захаваўся рэфлекс са школьных гадоў. З пачаткам лета пачыналіся і самыя доўгія вакацыі. Для дзіцёнка процьма вольнага ад вучобы і гурткоў часу. І вядома ж, гульні, гульні, гульні.

Сённяшнія бацькі і дзядулі з бабулямі абсалютна справядліва перажываюць за бяспеку сваіх дзяцей-унукаў падчас вакацыяў. Маўляў, будуць сядзець у сваіх гаджэтах – зрок псаваць, ганяць на роварах, рабіць акрабатычныя піруэты на самакатах і скейтах.

А, давайце, згадаем сваё дзяцінства, якое прайшло яшчэ за часамі БССР. Вазьму свой досвед 1960-70-х гадоў. Зрок дзеці калі і псавалі, то чытаннем папяровых кніжак. Пагартайце масавыя выданні тых гадоў. Драбнюткі, кепска адбіты шрыфт і жахлівая папера. У прыстойным афармленні выходзілі толькі нешматлікія падарункавыя выданні. Па тэлевізары глядзець асабліва не было чаго. Мастацкі фільм увечары і пара-тройка забаўляльных праграм на выходныя. І дзеці большую частку летніх вакацый праводзілі на вуліцы ў гульнях.

Ровары ў маім дзяцінстве былі далёка не ва ўсіх. Каталіся на іх у двары па чарзе. Дый тое, што было, назваць роварам у сучасным разуменні цяжка. У лепшым выпадку, гэта падлеткавы “Арляня” з нажным тормазам, але гэта ўжо прэміюм-клас. Свой першы дзіцячы ровар згадваю з жахам. На колах надзетая літая гума. Задняя зорачка без трашчоткі, таму, калі коціш з гары, даводзіцца, шалёна паспяваць круціць педалі, калі нага зляцела на хуткасці, то злавіць педаль зноў не здолееш — пакалечышся, ну, і пры гэтым поўная адсутнасць тармазоў. Крамных самакатаў амаль не было. Затое хлопцы каталіся на самапальных — дошка, па канцах каторай замацаваныя падшыпнікі, яны ж – колы. Руля, як і тармазоў, няма, ёсць толькі вертыкальная дошка з ручкамі па баках. На такіх монстрах у асноўным ганялі з горак. Асаблівым шыкам лічылася на скрыжаванні вуліц зачапіцца качэргай за задні борт або фаркоп грузавіка і пракаціцца квартал “з ветрыкам”. Потым часам трэба было яшчэ здолець уцячы “свінячымі сцежкамі” ад раз’юшанага вадзіцеля. Як маё пакаленне не пазабівалася цалкам, не пакалечыліся на такой тэхніцы, не ведаю.

У вайну гулялі таксама з самаробнай драўлянай зброяй, якая страляла прабоямі з алюмініевага дроту пры дапамозе жмута мадэльнай гумкі. Часам выкарыстоўвалі і рагаткі, дзе снарадам з’яўляўся металічны шарык з падшыпніка. Сіла ўдару была такой, што з некалькіх метраў прабівала ліст шыферу.

Аднак, небяспечныя дзіцячыя гульні майго пакалення – гэта проста анёльскія забавы ў параўнанні з гульнямі пакалення, чыё дзяцінства прыпала на першыя пасляваенныя гады. Аднойчы давялося размаўляць са старым, які жыў у Гомелі. Недалёка ад горада была пустка, якую мясцовыя называлі Гарэлае Балота. Адразу пасля вайны туды звозілі падбітую нямецкую тэхніку. Асабліва запомніліся яму “Тыгры” і “Пантэры”, размаляваныя ў жоўтыя разводы – пад пустэльню, танкі і самаходкі немцы тэрмінова перакінулі ў Беларусь з Афрыкі, нават не паспелі перафарбаваць. Дзеці лазілі ў іх, шукалі і знаходзілі зброю. Так што ў вайну яны гулялі з сапраўднымі нямецкімі аўтаматамі, карабінамі, пісталетамі, і патроны ў іх былі баявыя. Ішлі ў лес і стралялі, гранатамі глушылі рыбу. Неўзабаве хлопцамі зацікавілася міліцыя, пайшлі ператрусы. Мой суразмоўца шчасліва паспеў утапіць свой трафейны арсенал.

Так што, калі будзеце сварыцца на дзяцей-унукаў за небяспечныя гульні, згадвайце і дзяцінства ранейшых пакаленняў.