Навясны замок

Старыя людзі любяць згадваць былое. Вось, напрыклад, захапляюцца тым, што даўней у вёсках пра замкі людзі не ведалі. Як пайшлі гаспадары з хаты на працу, то дзверы кійком падперлі і ўсё. Прыйдзе прыстойны чалавек, паглядзіць і адразу зразумее, што гаспадароў у хаце няма. Ну, а ўвішнага злодзея ніякі замок не спыніць, не праз дзверы ў хату забярэцца, то праз вакно. Маўляў, ранейшыя людзі былі куды прыстайнейшыя, не тое, што сённяшнія.

Пэўная рацыя ў такіх словах ёсць. Але ж, не час вызначае маральнасць. Проста ў ранейшай вёсцы асабліва не было чаго браць у хаце. У прынцыпе, ва ўсіх адное і тое ж. Ды і мясцоваму чалавеку, які рэч украдзе, ні прадаць яе не магчыма, ні карыстацца. Усё навідавоку. А чужынца ў вёсцы з першых крокаў згледзяць, прасочаць, адкуль прыйшоў, што рабіў, куды падаўся, з чым прыходзіў, з чым сыходзіў.

Замкі з’яўляюцца там, дзе заводзіцца багацце. Самы першы замок археолагі знайшлі ў пірамідзе егіпецкага фараона. А на нашых землях першыя замкі трапляюцца ў раскопках старажытных гарадоў з Х-га стагоддзя. Тады яны былі ўсе навясныя. Практычна, тады ж у абароце даволі масава з’яўляюцца і грошы. Есць, што хаваць, купляй замок. Ды і ў сялянскіх хатах дзверы кійком падпіралі, але ж на куфры, дзе захоўвалі самае дарагое і дакументы, замкі вешалі.

У беларусаў здаўна было шмат магічных абрадаў, звязаных з замком. Разам з ключом ён згадваўся пры разнастайных жыццёвых здарэннях. Так, у часе першага выпасу жывёлы на Юр’я, ён выконваў функцыю абярэгу ад драпежнікаў. Яго – замкнёны, кідалі пад дзверы хлява, насілі ў кішэні пастухі: “Няхай замкнецца пашча ў ваўка на ўсё лета!” Размыканне замка магло палегчыць пакуты таго, хто паміраў. Такім чынам душа нібыта размыкалася з целам. Пры пагрозе выкідышу у дужку замкнёнага замка тройчы праштурхоўвалі знізу ўгару зерне або прасоўвалі хлебную скарынку, пры гэтым вялі лік наадварот. А потым замок пры родах абавязкова адмыкалі, каб палегчыць разлучэнне маці і дзіцёнка.

Калі паміраў малы, то маці клала яму ў труну замкнёны замок. Так, яна “замыкала смерць”, каб тая не прыйшла па другіх дзяцей. З ключом варажылі дзяўчаты – апускалі на вяроўцы ў калодзеж. Куды ключ адхіляўся, з таго боку і мусіў прыйсці жаніх. Яшчэ можна было звечара скласці трэсачкі “калодзежам”, усярэдзіну паставіць шклянку вады, а зверху пакласці замок. Тады ў сне прыйдзе будучы жаніх і адамкне замок.

Цяпер навясныя замкі сталі адным з атрыбутаў вяселля. Жаніх і нявеста вешаюць замок на парэнчы моста, ці на паркавую агароджу, замыкаюць, а ключ выкідаюць – пажадана ў раку. Маўляў, цяпер яны з’ядналі свае жыцці, і нікому іх не разлучыць. Розныя вясельныя замкі я бачыў. Тут і самыя простыя, і з гравіроўкай імёнаў, прызнанняў у каханні, пажаданняў, абклееныя стразамі, чырвонымі сэрцайкамі, пафарбаваныя гламурным лакам для пазногцяў. Але лёс гэтых замкоў аднолькавы. Калі настае час фарбаваць парэнчы моста, ці агароджу, прыходзяць работнікі камунальных службаў з балгаркамі і, рызыкуючы адцяць сабе пальцы, зразаюць вясельныя замкі, выносяць іх вёдрамі на металалом.

Не ведаю, хто прыдумаў такі новы вясельны рытуал, яшчэ гадоў трыццаць пра яго ў Беларусі не чулі. Наадварот, традыцыйна лічылася, што, калі дзяўчына першыя гады замуства не хоча мець дзяцей, то яна таемна ад жаніха перад першай шлюбнай ноччу замыкала замок і хавала разам з ключом. Калі ж жанчына нарэшце вырашала, што трэба зацяжарыць, яна адмыкала замок.

Казаць пра дзейснасць рытуалаў не выпадае. Відаць, кожнаму даецца тое, у што ён верыць.

Афиша города