Насыпаць горы

Ураджэнцам Беларусі па вялікім рахунку не стае на сваёй Бацькаўшчыне дзвюх рэчаў: гор і мора. Магчыма, таму столькі нашых людзей і раз’ехалася па свеце. Ураджэнцы Пінска – не выключэнне. Шмат сусветных знакамітасцяў даў наш горад. І адзін з іх — майстра польскага рэпартажу Рышард Капусцінскі.

Школа польскага рэпартажу лічыцца адной з лепшых у свеце. Кнігі Капусцінскага перакладзены на дзясяткі моў, іх можна пабачыць у кнігарнях усяго свету. І гэта пры тым, што пісьменнік, якога двойчы вылучалі на Нобелеўскую прэмію, скора дзесяць гадоў, як адышоў у лепшы свет. Народжаны ў міжваенным Пінску, ён на ўсё жыццё захаваў у сэрцы любоў да свайго горада, дзе прайшло дзяцінства. Пастаянна згадваў яго ў рэпарцёрскіх кнігах, прысвечаных самым экзатычным краінам. Варта было яму сысці з самалётнага трапу ў Экватарыяльнай Афрыцы, водар тропікаў адразу нагадваў Капусцінскаму пахі даваеннай крамы каланіяльных тавараў у Пінску, дзе прадавалі бананы, апельсіны, лімоны і прыправы. Усё жыццё ён марыў напісаць кнігу пра родны Пінск і Палессе, але паспеў зрабіць толькі некалькі раздзелаў у іншых выданнях.

Ведаючы пра мару мэтра, яго задуму споўніла выдатная прадстаўнічка польскай рэпарцёрскай школы, адным з заснавальнікаў якой з’яўляецца Рышард Капусцінскі, Малгажата Шэйнэрт. Як прызналася пані Малгажата: “У адным з тэкстаў пра Палессе было нешта вельмі цікавае для мяне, таму Палессе прывабіла і мяне. Ён напісаў, што калі ў Пінску сесці ў човен, то на ім можна даплыць і да Балтыйскага, і да Чорнага мораў. Такім чынам, Пінск ёсць месцам, адкрытым для свету. Мяне гэты факт моцна зацікавіў”. А яшчэ пані Малгажату здаўна інтрыгавала папулярнае дагэтуль у Польшчы даваеннае танга “Палескія чары”. Ёй здавалася, што нешта з тымі чарамі “не так”. І яна выправілася ў падарожжа на радзіму Капусцінскага, сустракалася з людзьмі, запісвала іх. Малгажата Шэйнэрт расказала, што назва кнігі «Насыпаць горы» належыць не ёй, так называецца песня беларускага гурта TonqiXod, яе яна пачула падчас сустрэчы са шведскай фотажурналісткай, якая шмат працуе ў Беларусі. Песня якраз пра тое, што беларусам варта насыпаць свае горы, а ў яміне ад выкапанай зямлі ўтворыцца сваё – беларускае мора.

Кніга “Насыпаць горы. Палескія гісторыі” летась выйшла ў Кракаве, а сёлета з’явіўся ў папяровым выглядзе і беларускі пераклад кнігі, які быў прэзентаваны ў Мінску і Брэсце з удзелам самой аўтаркі і перакладчыцы на беларускую мову Марыі Пушкінай.

Такіх выданняў пра Піншчыну дагэтуль не было. Гэта не толькі займальна расказаная гісторыя зямлі, на якой здаўна жылі ў міры і суладдзі розныя народы: беларусы, палякі, габрэі. Гэта па большай частцы жывыя гісторыі з сучаснасці, лёсы людзей, іх праблемы і радасці. Менавіта гэтым каштоўныя кнігі-рэпартажы – жывымі эмоцыямі. І яшчэ кніга каштоўная тым, што гэта погляд на нас з боку. Шмат чаго пра саміх сябе, чым адметныя, чым цікавыя, мы проста не заўважаем, не можам убачыць і самастойна асэнсаваць.

На адно з пытанняў на прэзентацыі, ці не згіне ў бліжэйшы час прафесія журналіста і пісьменніка, бо людзі ўсё меней і меней чытаюць, пані Шэйнэрт адказала: “Не згіне. Пакуль людзям цікавыя іншыя людзі, яны будуць чытаць, і нашая прафесія не згіне”.

Выданне “Насыпаць горы” з’явілася, дзякуючы Месяцу польскай літаратуры ў Беларусі, што ладзіўся цягам лістапада пры падтрымцы Інстытута Польшчы ў Мінску. У межах месячніка таксама пабачыла святло ў перакладзе на беларускую і кніга самога Рышарда Капусцінскага “Чорнае дрэва. Афрыканская ліхаманка”, у якой ёсць згадкі і пра даваенны Пінск.