Нашы звычкi

Усе мы родам з СССР, нават тыя, хто ўжо нарадзіўся за часамі незалежнасці Беларусі, бо сённяшніх маладых выхоўвалі іх бацькі, якія выраслі ў Савецкім Саюзе. Французскі філосаф Густаў Лебон сцвярджаў, што грамадству, нацыі, каб пазбавіцца ад пэўных звычак, неабходна столькі ж часу, колькі тыя традыцыі яму прышчапляліся. Так што, савецкія звычкі з нас не скора выпетрацца. Густаў Лебон – даследчык сур’ёзны, яму можна верыць. Яго знакамітае даследаванне “Псіхалогія натоўпу” было па ўспамінах сучаснікаў настольнай кнігай у Леніна, у Гітлера.

Такім чынам, каб паўнавартасна ўліцца ў капіталістычны свет у псіхалагічным плане, карэнным жыхарам Піншчыны спатрэбіцца яшчэ чвэрць стагоддзя, калі браць для іх за пункт адліку 1939 год, а ўсходнім беларусам на 22 гады долей. Гэтая тэндэнцыя, зрэшты, і назіраецца. Прадпрымальнасць заходніх палешукоў сёння значна вышэйшая, чым у жыхароў Гомельскай вобласці. Варта прайсціся летам па сталічных харчовых рынках. На цэнніках першых агуркоў, трускалак, памідораў будзе напісанае слова “Пінск”. Яно для Беларусі ўжо стала брэндам.

А яшчэ ёсць звычкі побыту. Усе савецкія людзі жылі ва ўмовах дэфіцыту. Купіць нешта людскае было вельмі цяжка. Таму стараліся нічога са старога не выкідаць, збіралі адзенне, абутак. Стараліся насіць не новае – яго адкладалі на будучае. Падраныя калготкі цыравалі. Карысталіся расколатымі, шчарбатымі талеркамі і кубкамі, у той час, як новыя былі выстаўленыя у зашклёным стэлажы. І хаця у сённяшні час можна купіць усё, што заўгодна, былі б толькі грошы, мы працягваем збіраць у кватэрах старыя рэчы. Варта зазірнуць ва ўласны гардэроб. Гэтая праблема вядомая кожнай жанчыне: з аднаго боку – няма куды складаць новую адзежу, з другога – няма чаго насіць.

Проста трэба не паленавацца і правесці рэвізію. Сабраць тое, з чаго людзі, скажам так, “выраслі”, тое, што выйшла з моды, тое, што не надзявалі колькі гадоў запар. Усё непатрэбнае, але цэлае, сабраць і занесці ў царкву ці касцёл, або проста акуратна выставіць у пакетах каля сметніцы. І не шкадуйце старыя рэчы, яны толькі займаюць месца ў кватэры і прывабліваюць моль. Тое ж тычыцца і састарэлай тэхнікі: тэлевізараў, кампутараў, радыёпрыймачоў, прайгравальнікаў пад вініл. Ім месца не на балконе, ці на шафе. Упэўнены, што ў кожнай кватэры знойдзецца па некалькі зарадных прыстасаванняў ад ужо не існуючых мабільных тэлефонаў і няспраўных трубак. Усё гэта на сметнік. Толькі не забудзьцеся выцягнуць з іх акумулятары і батарэйкі. Народныя ўмельцы імгненна дастануць са старой апаратуры ўсё, што мае нейкую вартасць, і каляровыя металы набудуць новае жыццё. Адразу пазбаўцеся ад спакусы завезці непатрэбнае вам на дачу, ці на вёску, там яно таксама будзе ляжаць без руху. А старое футра стане нарэшце мышыным гняздом. Праўда, можна наладзіць хепенінг. Так днямі мы з унукам нішчылі сякерай на калодзе стары ноўтбук, які ўжо не падлягаў рэанімацыі.

І не варта збіраць на кухні старыя пластыкавыя пакеты. Іх дастаткова мець у запасе тры-чатыры штукі. А лепш купіце пару палатняных, больш карысці для экалогіі. Ды і акупяцца яны хутка, а праслужаць не адзін год.

Ад старой, лішняй мэблі таксама варта пазбаўляцца. Сапраўднай плошчай кватэры з’яўляецца толькі вольная ад мэблі падлога. Трымаць непатрэбную канапу для гасцей, якія заначуюць – лішняе. На такі выпадак дастаткова мець у кладоўцы надзіманы матрац.

Ёсць яшчэ савецкія звычкі ў паводзінах, ад якіх варта пазбавіцца ў новых умовах, а ёсць і карысныя звычкі тых часоў. Але пра іх як-небудзь іншым разам.