Наша школа

Школа — такая інстытуцыя, ад якой нікуды не падзенешся цягам усяго жыцця. Спачатку вучышся сам. Пакуль ходзіш на ўрокі, ненавідзіш яе. Заканчваеш, і пачынаеш сумаваць па тых днях. Бо тады шмат якія рэчы мы спазнавалі ўпершыню. Сяброўства, каханне, першыя перамогі, паразы, любімыя настаўнікі, якіх памятаем дагэтуль. Потым мінае колькі дзясяткаў гадоў, і ідуць у школу твае дзеці. Зноў пачынаеш нервавацца з-за некарэктна складзеных заданняў у падручніках, злуешся на настаўнікаў, на іншых дзяцей, якія “псуюць” тваіх. Мінае час, і ў школу ідуць твае ўнукі. Зноў даводзіцца садзіцца за падручнікі і дапамагаць з урокамі, браць да галавы школьныя праблемы…

Зразумела, што вучыцца трэба. Прынамсі, кожны сучасны беларус школу закончваў, сярэдняя адукацыя ў нас абавязковая. Не ведаю, ці існуюць у свеце ідэальныя школы, хацелася б у гэта верыць. Магчыма, дзесьці яны і ёсць, і вучаць у іх таму, што можа, сапраўды, спатрэбіцца ў жыцці.

Сённяшні свет мяняецца імкліва. Цягам чалавечага жыцця адбываюцца кардынальныя змены, якія закранаюць усё нашае існаванне. Цяпер тэхналогіі цалкам змяняюцца прыкладна кожныя пяць гадоў. Зразумела, што састарэлымі становяцца і атрыманыя веды. Але як навучыць чалавека таму, што яшчэ не вынайшлі? Парадокс у тым, што цяперашнія дзеці шмат у чым апярэджваюць сваіх настаўнікаў, бацькоў, бабуль і дзядоў. Няхай, яны нават прыкладна не падазраюць пра тое, што адбываецца ўсярэдзіне гаджэта – планшэта, кампутара, але ж на ўзроўні карыстальніка за імі цяжка ўгнацца. Не паспееш міргнуць, як ужо інсталявалі новую праграму, завялі старонку ў сацыяльнай сетцы, адшукалі патрэбнае відэа. Зрэшты, для практычнага жыцця гэта і патрэбна.

Ну, а большасць фізічных, матэматычных, хімічных формул, ці шмат мы іх памятаем? Ці даводзілася нам імі карыстацца? Прафесіяналам, так, але не паспалітым людзям. Цяпер, нават самыя сучасныя прафесійныя веды неўзабаве становяцца састарэлымі. Так, адзін мой знаёмы інжынер-будаўнік гадоў шэсць таму сышоў у бізнес, а цяпер вырашыў вярнуцца ў прафесію. Пасаду сябры прапанавалі добрую — у будаўнічым наглядзе. Праверка будоўляў і прыёмка гатовых будынкаў. Трэба было толькі пацвердзіць сваю кваліфікацыю, здаўшы іспыты камісіі. Іспыт ён заваліў, паловы новых матэрыялаў і тэхналогій проста не ведаў, бо яны з’явіліся толькі апошнім часам. Давялося давучвацца. Цягам двух месяцаў.

Бацькі і настаўнікі вучаць дзяцей, настройваюць іх на жыццёвы лад, якім жылі і жывуць сёння самі. Вось толькі сённяшні дзень і сённяшнія жыццёвыя настройкі заўтра стануць учорашнімі. Цяпер дзяцей адразу скіроўваюць яшчэ ў школе выбраць прафесію і паступаць на адпаведны факультэт, адразу рабіць кар’еру. Заваленыя ў ВНУ іспыты ўспрымаюцца ледзь не трагедыяй. Але не кожны школьнік у стане зрабіць асэнсаваны выбар на ўсё жыццё. Магчыма, ёсць сэнс колькі гадоў працаваць, мяняючы прафесіі, прыглядацца.

Ды і жыццё чалавечае мае тэндэнцыю падаўжацца, пенсійны ўзрост павялічвацца. Часу на тое, каб потым перавучыцца, змяніць прафесію будзе дастаткова. Некаторыя прафесіі з цягам часу проста знікнуць. Не будзе патрэбы ў аўтамеханіках, здольных адрамантаваць, адладзіць рухавік унутранага згарання, пераматаць аўтамабільны старцер ці генератар. Дый вадзіцелі стануць непатрэбнымі. Праз колькі дзясяткаў гадоў увесь аўтапарк будзе складацца з электрамабіляў, якімі кіруюць аўтапілоты. Патрэба ў прафесіяналах стане іншая. І гэта не фантазіі. Згадайце, што першыя мабільныя тэлефоны з’явіліся ў нас ва ўжытку ў пачатку 90-х і былі памерам з кейс-дыпламат і вагой пад пяць кілаграмаў. А цяпер?