Наша месца ў свеце

Журналісты ў сваім прафесійным асяродку нярэдка падзяляюць калегаў на так званых “чарнушнікаў” і “пазітыўшчыкаў”. Маўляў, першыя пішуць толькі пра кепскае, вышукваюць недахопы. Рэч не ў тым, што “чарнушнікі” маняць, факты могуць быць і сапраўднымі, але ж карціна свету пасля прачытання іх матэрыялаў становіцца змрочнай. “Пазітыўшчыкі”, наадварот, пішуць толькі пра добрае, пра дасягненні, перамогі, шчаслівыя развязанні праблем. Рэальная ж карціна заўсёды недзе пасярэдзіне. Свет складаецца са святла і ценяў, таму ён і аб’ёмны, жывы. Суткі з дня і ночы.

Сёння я вырашыў пабыць крыху гэткім “пазітыўшчыкам”, для гэтага ёсць нагода, у рукі мне трапілі дадзеныя замежных даследчыкаў, якія вывучаюць становішча розных моў у свеце. Прычым агучыў іх чалавек абсалютна варты даверу — акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Лукашанец.

Я ніколі не казаў, не пісаў, што з беларускай мовай у нас няма праблем і складанасцяў. Яны існуюць. Але ж, як высветлілася, беларусам ёсць і чым ганарыцца. Пачнём з месца ў свеце, якое беларуская мова займае па колькасці носьбітаў. На моўнай карце свету мы 69-я. І гэта вельмі някепскі паказчык. Усіх моў прыблізна 3 500, з іх толькі 400 развітых літаратурных, на якіх створана мастацкая літаратура, існуюць акадэмічныя слоўнікі, выдаюцца кнігі і перыёдыка. Праўда, у 1970-я гады мы ўваходзілі ў чатыры дзясяткі самых развітых моў. Але падзенне на два дзясяткі пазіцый за палову стагоддзя абумоўлена не тым, што мы адсталі ад іншых еўрапейцаў, проста, развіваюцца азіяцкія, афрыканскія дзяржавы, вось нас і пасунулі больш шматлікія суседзі па зямным шары. Зрэшты, мы далёка не першыя ў футболе ці ў хакеі.

Юрыдычна статус беларускай мовы замацаваны ў чатырох краінах. У Беларусі яна дзяржаўная, у Польшчы – рэгіянальная, у Чэхіі і ва Украіне – мова нацыянальных меншасцяў. Калі нешта цэніцца за мяжой, то мы аўтаматычна пачынаем крыху па іншаму ставіцца да гэтага і ў сваёй краіне.

Ёсць сфера, дзе ўжыванне беларускай мовы моцна пашырылася літаральна за апошнія дзесяцігоддзі – гэта богаслужэнне. У большай ступені з’ява тычыцца касцёлаў, у меншай – праваслаўных цэркваў. Прычым, у хрысціянскіх храмах выкарыстоўваецца сучасная беларуская літаратурная мова. У той час, нават святары спрачаюцца, ці ўжываецца там жывая руская мова, ці яе сумесь з царкоўна-славянскай. Практычна ўся богаслужэбная літаратура перакладзеная і выдадзена па-беларуску.

Яшчэ адна ніша, у якой актыўна выкарыстоўваецца беларуская мова, гэта Інтэрнэт. І гаворка ідзе не пра афіцыйныя сайты дзяржаўных устаноў, у іх якраз часам у беларускай версіі існуе толькі галоўная старонка, а асноўны кантэнт — рускамоўны. Родная мова выкарыстоўваецца менавіта пры жывым стасаванні ў сацыяльных сетках без ніякага прымусу. Існуе даследаванне таго, наколькі поўна прадстаўленая тая ці іншая мова ў сферы інтэрнэт-камунікацый. Паводле яго толькі 3,6% моў з’яўляюцца жывымі для Інтэрнэту. І гэтыя 3,6% умоўна падзеленыя даследчыкамі на тры групы: “мовы, якія шырока выкарыстоўваюцца ў Інтэрнэце”, “мовы, якія дастаткова шырока выкарыстоўваюцца” і “мовы, якія вельмі абмежавана выкарыстоўваюцца”. Да першай групы адносяцца мовы міжнародных зносін, якімі карыстаюцца ў розных дзяржавах: англійская, французская, іспанская… Беларуская мова знаходзіцца ў другой групе, разам з італьянскай, чэшскай, шведскай… І займае 39 месца ў свеце.

Так што не так і кепска ў нас у сэнсе распаўсюджвання беларускай мовы. Мы не сярод першых, але і далёка не сярод апошніх, як і належыць еўрапейскай дзяржаве сярэдніх памераў.