Наш Грунвальд

У кожнага народа існуюць паваротныя пункты ў гісторыі. Каб не перамога пад Грунвальдам 15 ліпеня 1410 года аб’яднаных войскаў Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства над Нямецкім Ордэнам, то магчыма, сама беларуская нацыя ў будучым не адбылася б.

Супрацьстаянне ваяўнічага рыцарскага Ордэна, палякаў і ліцвінаў было даўнім. Ордэн практычна перакрыў нашай і польскай дзяржавам выхады да Балтыйскага мора, здзяйсняў рабаўнічыя напады на памежныя гарады, рабаваў, паліў іх, уганяў коней, быдла, паланіў людзей. У пачатку XV стагоддзя Ордэн пачаў праводзіць палітыку, якая ў пазнейшых гісторыкаў атрымала назву “Дранг нах Остэн”. Ордэн паставіў перад сабой задачу захапіць Польшчу, ВКЛ, Наўгародскую і Пскоўскую рэспублікі. І шанцы на гэта ў нямецкіх рыцараў меліся вялікія. Першай ахвярай павінна было стаць Польскае Каралеўства, дзе правіў Ягайла. Нашаму вялікаму князю Вітаўту нямецкія рыцары прапанавалі або далучыцца да агрэсіі, або проста трымаць нейтралітэт.

Здавалася б, Вялікаму Княству Літоўскаму сэнсу ўвязвацца ў чужую вайну ні на адным з бакоў не было. Але ж Вітаўт разумеў, што наступнай ахвярай стане яго краіна, і толькі саюз з Польшчай дае шанец разграміць Ордэн. Як кожны вялікі палітык, ён здолеў узняцца над уласнымі крыўдамі і пайшоў на прымірэнне з Ягайлам.

Нарада Ягайлы і Вітаўта адбылася ў Берасці у снежні 1409 года. На ёй быў распрацаваны дакладны план летняй кампаніі. Гэта быў стратэгічны план, які ўлічваў шляхі перасоўвання войскаў, іх забеспячэнне, агульнае камандаванне, фармуляваў канчатковую мэту вайны супраць Ордэна. Было вырашана абзавесціся самым сучасным на той час ўзбраеннем – артылерыяй і ўпершыню ў нашай гісторыі прымяніць яе на полі бою.

Каб забяспечыць войска правіянтам, Вітаўт загадаў правесці паляванне ў Белавежскай пушчы. Кожны дзень палявання на зуброў і дзікоў даваў па 50 бочак салёнага ці сушанага мяса.

Польскае і ліцвінскае войскі сустрэліся на Вісле ніжэй Варшавы. Немцы адчувалі сябе ў адноснай бяспецы і не спяшаліся выступаць, бо шырыня ракі у гэтым месцы сягала 500 метраў, а ордэнскія шпегі даносілі, што паблізу не вялося нарыхтоўкі драўніны. Але па плане, які прыдумаў Вітаўт, значна вышэй па плыні Віслы загадзя зрабілі разборны мост на драўляных пантонах-чаўнах, сплавілі яго па рацэ і сабралі літаральна за паўдня.

Пераправа праз Віслу доўжылася дзень-два. Аб’яднанае войска налічвала каля 29 000 конных воінаў, 10 000 пехацінцаў. Абоз з артылерыяй, ядрамі, порахам, харчамі, вопраткай, намётамі, рамеснікамі-збраярамі складаўся мінімум з 10 000 вазоў. Калона расцягнулася на 80 кіламетраў.

Ордэнскія войскі вымушаны былі спешна высунуцца наперад значна раней за тэрмін, на які разлічвалі. Праціўнікі сустрэліся пад Грунвальдам.

Лёс бітвы вырашыў тактычны прыём, якому нашы продкі навучыліся ад татараў і пра які не ведалі ў Заходняй Еўропе. Падчас сечы наша лёгкая кавалерыя па сігнале пачала адступленне. Як і прадбачылі Вітаўт з Ягайлам, немцы палічылі гэта ўцёкамі, ордэнская кавалерыя паімчалася наўздагон. І ў гэты момант польская кавалерыя ўдарыла немцам у фланг. Завязалася сеча. Вярнулася ліцвінская кавалерыя, і рыцары практычна апынуліся ў акружэнні.

У бітве 8 000 ордэнскіх воінаў загінулі, яшчэ 14 000 трапілі ў палон. Уратавалася менш за 1 500. У выніку разгрому Ордэн назаўсёды страціў сваю магутнасць. Больш 500 гадоў нага ўзброенага германца не ступала на нашу зямлю. У ліку 40 ліцвінскіх харугваў на Грунвальдскім полі ваявала і Пінская.