Напярэдаднi дзядоў

Набліжаецца свята Дзяды, калі беларусы памінаюць памерлых продкаў. Некалі на магілах у нагах палілі вогнішчы і называлі гэта “грэць продкаў”. Цяпер мы ставім на пахаваннях толькі запаленыя лампадкі – галоўнае, каб агонь быў.

Сённяшняе жыццё такое, што ўсе пахаванні продкаў за адзін дзень не наведаеш. Прадзеды жылі ў адным месцы, дзяды, бацькі потым з’язджалі. Таму і наведаўся я ў вёску на магілу прадзеда і прабабулі напярэдадні свята, каб паглядзець, ці ўсё там у іх у парадку. Звычайна могілкі асацыююцца са спакоем. Але сёлета адвеку ціхія вясковыя могілкі сустрэлі мяне віскатам бензапіл, грукатам сякер і воклічамі спрацаваных мужчын. Яны акуратна валілі дрэвы паміж пахаваннямі і рэзалі іх. Палова могілак была ўжо “лысая”, над другой шчыравалі дрывасекі. Я дачакаўся, калі яны рассядуцца на калодах, каб крыху адпачыць і перакурыць. З аднога боку, тое, чым яны займаліся, мне не вельмі падабалася. Я прывык, што могілкі ўзвышаюцца за вёскай цёмнай купінай старых дрэваў. З другога боку, я разумеў, што яны робяць цяжкую працу не для таго, каб шкодзіць. Таму павітаўся, вельмі спакойна пачаў распытваць, нашто яны валяць векавыя сосны і бярозы. Высветлілася, што рабіць гэта загадала начальства, бо ўлетку навальніца пару дрэваў абрынула проста на крыжы і помнікі. Пярэчыць не было як, магло разваліць і надмагіллі маіх прадзедаў. Так што рацыя была за людзьмі з піламі і за іх начальствам. Аднак, пачуццё неадпаведнасці ўсё ж заставалася. “А са спілаванымі дрэвамі што будзе?” – спытаў я. “На дровы пойдуць”, — прагучала ў адказ не вельмі ўпэўненае. І тут я пацікавіўся, ці стане хто-небудзь з прысутных паліць грубку дровамі з могілкавых дрэваў. Такіх не знайшлося, сталі гаварыць нешта няўцямнае пра тое, што дровы прададуць у іншым месцы. Але адразу намалявалася карціна, што нехта зможа тыя дровы і ў мангал кінуць, каб смажыць шашлыкі. Карацей, праца спынілася і пачаліся развагі – што рабіць з тымі спілаванымі дрэвамі? Нарэшце, прыйшлі да высновы, што іх лепш распусціць на дошкі і брусы, а піламатэр’ялы пусціць на новы плот вакол могілак, на крыжы ды труны. З магіл выраслі – у магілы і пойдуць. Абяцаліся расказаць пра такі варыянт начальству, каб не было ні на кім граху.

На наступны дзень я ўжо быў у Мінску, каб наведаць магілу сваіх дзеда і бабулі на старых Вайсковых могілках, што ў самым цэнтры сталіцы. І там было неспакойна. Старыя дрэвы ніхто не чапаў, але рабочыя спілоўвалі “балгаркай” іржавыя крыжы з агароджамі, крышылі ламамі яшчэ даваенныя бетонныя надмагіллі і сцягвалі друз бліжэй да цэнтральнай алеі. Я адшукаў інжынера, які кіраваў працай. Той растлумачыў, што ўсё робіцца па законе. На недагледжаных магілах загадзя былі вывешаныя папярэджанні, што яны праз тры гады будуць дэмантаваныя. Калі сваякі за гэты час прывялі магілу ў належны стан, яе ніхто не чапае, калі не – надмагілле “утылізуецца”, а саміх нябожчыкаў пакідаюць пад зямлёй у спакоі. Маўляў, у некаторых заходніх краінах заканадаўства больш жорсткае. Там сваякі мусяць пастаянна плаціць за арэнду зямлі. Не заплацяць, нябожчыка праз год выкапаюць і перапахаваюць у агульнай магіле.

Паднавіць занядбанае пахаванне не так ужо і складана. Бляшанка фарбы, пакет будаўнічага росчыну, недарагая шыльдачка з нержавейкі, на якой выгравіраванае прозвішча і гады жыцця. Дзень працы! Згадайце, калі ласка, прадзедаў, і не спадзявайцеся, што нехта іншы, апроч вас, прыбярэ іх пахаванні. Іначай, праз пэўны час і на нашых магілах вывесяць папярэджанне: “Праз тры гады…”