Начны прывід

Нядаўна ў самую спёку выбраўся я з унукам на дачу. Вечар выдаўся вельмі цёплы, вячэралі на вуліцы, смажылі на барбекю, палілі вогнішча.

Дзверы ў нашу хатку пакінулі адчыненымі, каб крыху састыла, бо было ў ёй горача, як у духоўцы. Заседзеліся каля агню да цемры. Прыходзіла да нас частавацца мясцовая бадзяжная котка, яшчэ месяц таму яна была цяжарная, а цяпер аб’явілася худая і галодная, відаць акацілася, таму дзяліліся мы з ёй шчодра. Я расказваў унуку розныя жахлівыя гісторыі, якія так любяць слухаць дзеці. А наш участак каля самага лесу, побач са старажытным язычніцкім капішчам і курганам-пахаваннем, дзе на пачатку лета паганкі растуць “вядзьмарскімі коламі”. Нібыта яны вырастаюць там, дзе ведзьмы водзяць начамі свае карагоды. Так што неўзабаве ўнук сам папрасіўся ў хату, перш, чым легчы, зачыніў уваходныя дзверы на ўсе замкі, а каля дзвярэй паставіў важкую качэргу, каб ляснуць ёй паміж вачэй якой нахабнай вядзьмарцы, калі тая пасунецца на ганак.

Прачнуліся мы ад сталёвага бразгату на кухні. Было адчуванне, што гэта матэрыялізаваўся і грыміць іржавымі кайданамі кентэрвільскі прывід з казкі Оскара Уайльда, якую я толькі што расказваў. Малы забіўся ў кут на ложку і анямеў ад жаху. Я пазапальваў святло і выйшаў на кухню. Там нікога, стаяла поўная ціша, дзверы на вуліцу замкнёныя на ўсе засаўкі. Аднак, па падлозе валяліся раскіданыя газеты, не памытыя з вечара відэльцы з лыжкамі і краты ад барбекю. Хаця ўсё выглядала на з’яўленне палтаргесйсту, я нарэшце здолеў пераканаць унука, што проста мы крыва паставілі краты пад стол, вось яны і зваліліся ноччу. Унука пераканаў, але сам сабе не верыў. Не паспелі заснуць, як у кухні зноў пачалася розная чартаўшчына. Нехта закашляўся, зачыхаў, гучна бразнула, стала выразна чутно, як гэты невядомы ашалела грызе жалеза. Адразу прыгадаліся словы з Пісання пра “геену вогненную і скрыгат зубоўны”.

Я выскачыў на кухню. Не паспеў пстрыкнуць выключальнікам, як гукі імгненна сцішыліся. Унук учарэпіўся за маю руку і пацягнуў назад у пакой. Запаліў святло. Зноў нікога, ціша, дзверы замкнёныя, але сталёвыя краты ад барбекю ўжо ляжалі ў іншым месцы. Цяпер я спрабаваў знайсці больш рэальнае тлумачэнне, чым мінулым разам, і сказаў: “Гэта ўсяго толькі пацук, унучак”, — узяўся зазіраць пад стол і шафу. Нарэшце ў цёмным куце згледзеў шэры клубок і асцярожна крануў яго качэргай. На сярэдзіну кухні выкаціўся малады вожык. Адразу ж раскруціўся, падбег да кратаў і ў дзеянні патлумачыў нам, што адбылося. Звечара ён неўпрыкмет убіўся ў хату. Калі мы заснулі, пачаў шныпарыць, чхаць, паваліў не памытыя краты і ўзяўся згрызаць з іх прыгарэлыя кавалачкі мяса.

Страх імгненна змяніўся замілаваннем. Унук сядзеў на кукішках, асцярожна лашчыў вожыка, нібы ката, і частаваў рэшткамі смажанага мяса. Жанр сітуацыі адразу змяніўся з “фільма жахаў” на “вясковую ідылію”. Падгадаванага вожыка мы выпусцілі на вуліцу.

На другі дзень схадзілі да крамы ў бліжэйшае мястэчка, апроч харчоў для сябе купілі кілаграм замарожанай да стану шкла кількі. Пад вечар яна памякчэла,  мы абдалі яе кіпнем, выклалі каля паркана. Першымі прышлі тры вожыкі, адзін з іх, здаецца, учарашні. Следам з’явілася котка, у зубах яна прынесла кацянё, паставіла яго перад рыбай, шмыганула ў цемру і прыцягнула яшчэ дваіх. Каты і вожыкі мяўкалі, чмыхалі і частаваліся без ніякае варажнечы. Мы з унукам назіралі за імі, выгодна ўладкаваныя на пластыкавых дачных крэслах. І ўсе былі шчаслівыя пад зорным беларускім небам.