На дзядзьку, ці на сябе?

Відаць, кожнаму з вас даводзілася быць сведкам таго, як нехта са знаёмых заяўляў, што не жадае больш працаваць на дзядзьку або на дзяржаву. Маўляў, працадаўцы нажываюцца на сваіх супрацоўніках. Вось адкрыць свой уласны бізнес – гэта крута. Здавалася б, усё лагічна. Бяры і распачынай сваю справу.

Пачнём з таго, што для кожнай справы павінен быць талент. Не кожны можа стаць пісьменнікам, мастаком, спеваком. Тое самае і з уласным бізнесам. Да яго таксама павінен быць талент. А ён або ёсць, альбо яго няма. І нічога з гэтым не паробіш. Да таго ж, практычна ўсе эканамічныя нішы на сёння ўжо занятыя. І прыдумаць удалы бізнес-план вельмі складана. Найбольш перспектыўна не капіраваць чужы поспех, а стварыць такую нішу, якой дагэтуль не існавала. Не абавязкова замахвацца на глабальныя рэчы.

Адзін мой знаёмы яшчэ з дзевяностых гадоў працаваў рамонтнікам тэле-радыё апаратуры ў Доме быту. Паяў, замяняў згарэлыя радыёдэталі ў старых прыймачах і тэлевізарах, а па выходных займаўся ўлюбёным хобі — рыбалкай. Аднак, неўзабаве змянілася пакаленне тэхнікі. Цяпер ужо мяняць асобныя дэталі не трэба, проста выкідаеш згарэлую мікрасхему, а на яе месца ставіш новую. Вось і ўвесь рамонт. Часцей за ўсё людзі цяпер і не рамантуюць электронную апаратуру, яна літаральна за некалькі гадоў маральна старэе, хутчэй, чым паспявае зламацца. Варта паглядзець на сметнік у сваім двары. Выкідаюць яшчэ працоўныя тэлевізары з кінескопамі, маніторы, відэамагнітафоны, халадзільнікі. Вось і застаўся мой знаёмы радыёрамонтнік без працы.

І самае дзіўнае, што ягонае хобі – рыбалка, зрабілася для яго сродкам існавання. Не, ён не стаў лавіць рыбу на продаж. У яго быў незвычайны талент рабіць “шчаслівыя” блёсны. Раней спецыяльна нікому не рабіў, нават сябрам, толькі для сябе. А тут уменне прыдалося. Глядзеў я тыя блёсны, трымаў у руках. Не ведаю, чаму драпежная рыба сама адразу на іх кідаецца? Абсалютна не кідкія, да рыбкі-жыўца не падобныя. Але, сапраўды, “шчаслівыя”. Цяпер ён добра зарабляе. Раз на месяц ездзіць у Мінск, каб закупіцца на тутэйшым “полі цудаў” Ждановіцкага рынка срэбным, мельхіёравым ломам. Потым па тыдні сядзіць на дачы і куе з яго блёсны. Потым яшчэ з тыдзень прыпайвае на лоджыі гарадской кватэры да блёснаў рыбалоўныя гачыкі, павадкі. Раней прадаваў свае вырабы сам, цяпер іх у яго адразу забіраюць рыбалоўныя крамы. Канкурэнцыі не баіцца, такіх майстроў, кажа, на ўсю краіну, добра, калі з дзясятак набярэцца. А вольны час аддае сям’і і рыбалцы.

Той, хто на словах не хоча працаваць на дзядзьку, звычайна толькі словамі і абмяжоўваецца. Бо доля дзядзькі – гэта не толькі прыўлашчванне прыбытку. Дзядзька, у адрозненні ад наёмнага працаўніка, рызыкуе сваімі грашыма, укладзенымі ў справу. Ён прыдумляе “фішку”, на якой можна зарабіць, нясе адказнасць перад партнёрамі. Наёмны ж працаўнік дакладна ведае, колькі ён заробіць у канцы месяца, у наступным. Працай яго галава зянятая толькі восем гадзін на дзень. Ён прыкладна ведае, калі зробіць наступны крок па кар’ернай лесвіцы. Можна, праўда, уперціся галавой у так званую “шкляную столь”, калі рух угару спыняецца, а знізу пачынаюць падціскаць больш маладыя і больш амбітныя калегі. Але ж, максімум, чым рызыкуе наёмны працаўнік – гэта тым, што яго звольняць. Пры гэтым яму не варта баяцца, што назаўтра прыйдуць банкаўскія калектары выбіваць пазыкі па крэдытах, узятых на развіццё бізнесу.

У любым становішчы ёсць свае плюсы і мінусы. Відавочна адно: “Сапраўдны талент ніколі не застаецца без працы”.