Мужчынская планета

Лічыцца, што мужчына ў ідэале, павінен умець зрабіць усё ўласнаруч. І рамонт, і сайт стварыць. Рэаліі крыху іншыя. Пытанне ў тым, хто на каго вучыўся, якое абсталяванне ёсць пад рукамі.

Трапілася мне сітуацыя, якую сам не мог “разруліць”. Трэба было прымацаваць да агароджы на могілках мармуровую шыльду ў памяць сваёй бабулі. Могілкі, дзе ляжыць мой дзед – старыя, там падзахаванні толькі праз крэмацыю. Ну, а дзе ж хаваць прах жонкі, як не каля мужа. Супрацоўнікі сталічнага крэматорыя старана зрабілі каменную плітку, як я і замовіў. Надпіс па-беларуску, сімволіка веравызнання, медальён. Пайшоў я з гэтай пліткай па фірмах, якія займаюцца добраўпарадкаваннем пахаванняў. Нікога мая прапанова не зацікавіла. Паўсюль браліся толькі за комплексную замову – агароджа, помнік. Капеечны заказ нікога не крануў.

Я ўжо і канструкцыю прыдумаў, каб з яе дапамогай замацаваць каменную таблічку на дзедавай агароджы 50-х гадоў. Можна было пайсці на якую будоўлю, дзе відно сполахі зваркі. Але ж, разумеў, што пачну адцягваць чалавека ад афіцыйнай працы, што матэрыялы на рамку для надмагільнай шыльды ён скрадзе ва ўласніка… А бабуля-нябожчыца з дзяцінства сувора вучыла мяне, што нельга красці і купляць скрадзенае. Хоч не хоч, прымхлівым станеш — скрадзенае на агароджу дзедавага пахавання не павесіш. І тут мне згадаўся адзіны са знаёмых, хто мае выхады на зваршчыкаў. Мой аўтамеханік. Машына ў мяне старая, яшчэ карбюратарная, толькі ён адзін і ведае, як яе наладзіць. Завуць яго Андрэй, але ўсе клічуць яго Андэрсанам.

І вось Андэрсан узяўся мне дапамагчы. Ён завёз мяне ў стары гаражны кааператыў, што месціцца недалёка ад цэнтру горада. Я ніколі раней не ведаў, што побач з люднымі вуліцамі, па якіх мы з вамі ходзім, месціцца свая субкультура, свая цывілізацыя.

За шлагбаўмам гаражнага кааператыва я не ўбачыў аніводнай жанчыны, тут была тэрыторыя мужчын. Ніколі не меркаваў, што на гэтай, агароджанай ад горада пляцоўцы, працякае ўласнае па ўсіх параметрах жыццё.

Аўтамеханік з літаратурнай мянушкай Андэрсан павёў мяне па спецыялістах. Чаго я толькі не нагледзеўся. Хтосьці паглыбіў свой гараж ніжэй узроўню зямлі. Там меліся падземныя паверхі. Залы з канапай, тэлевізарам, лядоўняй, мікрахвалёўкай, мяккім кухонным кутком. У другіх развіццё гаража ішло ў гару. На другім паверсе месцілася гасцёўня з тым самым наборам выгодаў. Давялося пабачыць і душавую кабінку і нават адзін ватэр-клазет. Наколькі законныя такія збудаванні, падключэнні да вадаправоду і каналізацыі, я не ведаю і не цікавіўся. Было зразумела адно – там мужчыны “шыфруюцца” ад жонак. Нібыта, ідуць рамантаваць машыну, а насамрэч, адпачываюць, хто як можа. Хаця, і машынай займаюцца.

Майстра, які ўзяўся рабіць мой заказ, папярэдзіў, што гэта зойме некалькі гадзін. Давялося сесці і чакаць пад каву з механікам Андэрсанам у адным з падземных сховішчаў, дзе пры жаданні можна перачакаць ядзерную вайну. Па сценах паліцы з закруткамі – памідоры, агуркі, марынаваныя грыбочкі, пачкі з крупамі і макаронай.

Вестка пра тое, што ў гаражны кааператыў наведаўся журналіст-пісьменнік, які прынцыпова гаворыць па-беларуску, неўзабаве абляцела жыхароў гэтай “мужчынскай планеты”, куды жанчыны баяцца наведацца. Людзі падыходзілі, нібыта, проста так, нечага папрасіць, а потым заставаліся, садзіліся, заводзілі размовы і спрэчкі. Я адчуў, што раблюся для іх музейным “экспанатам”.

Той, хто зрабіў мне рамку са сталёвых вугалкоў для могілак, аддаў мне яе, практычна, за капейкі. А дакладней, за размову па беларуску і пра нашае цяперашняе жыццё.