Мурашы і людзі
Ёсць растыражаваны літаратурны штамп. Маўляў, можна бясконца глядзець на тое, як палае вогнішча, як цячэ вада… Ну, а потым кожны дадае нешта сваё: “як узнімаюцца бурбалкі ў фужэры з шампанскім”, “як прыгожая жанчына чытае разумную кнігу”… З агнём і з вадой у хуткаплыннай рачулцы спрачацца не буду.
У дзяцінстве я мог гадзінамі стаяць каля мурашніка і глядзець, як працуюць мурашы. Спачатку іх рух здаваўся хаатычным, неўпарадкаваным, нібыта казюркі проста мітусяцца. Але ж варта прыгледзецца, і пабачыш, што адныя цягнуць голкі хвоі, сухое лісце, палачкі, другія выносяць смецце і выкідаюць яго з мурашніка. Мурашы неслі да сябе і ежу – насенне раслін, жукоў, мух, мятлікаў, здаралася, і жывых яшчэ чарвякоў, вусеняў.
Асабліва мяне ўражвала здольнасць мурашоў прадчуваць змены надвор’я. Нібыта нехта нябачны пстрыкаў пальцамі, і ўсе яны спяшаліся вярнуцца, хаваліся і закрывалі хады ў мурашніку кавалкамі кары, лісцем. Неўзабаве пачынаўся дождж.
Было нясцерпна цікава, а што ж робіцца ўсярэдзіне мурашніка? Аднак, ставала розуму не разбураць мурашынае жытло. Давялося звярнуцца да кніг, энцыклапедый. Гады прайшлі, а цікаўнасць засталася. Чытаю даследаванні пра мурашоў дагэтуль. Мурашнік – не проста куча голак, трэсак і палачак, гэта складаная інжынерная канструкцыя з паверхамі, пераходамі, складскімі і жылымі камерамі, радзільным домам, дзіцячымі садкамі, падземнымі памяшканнямі, сістэмамі вентыляцыі, рэгулявання тэмпературы, падтрымання пэўнага ўзроўня вільготнасці. Дзівіць і сацыяльная арганізацыя мурашоў. У іх ёсць пэўныя прафесіі. Салдаты, мурашы-будаўнікі, тыя, хто гатуе ежу і разносіць яе супляменнікам. Ёсць і пастухі. Яны пасвяць статкі тлі і абараняюць іх ад драпежных казюрак. Пастухі “дояць” тлю, пераганяюць са старой пашы на новую. А на зіму забіраюць самак да сябе ў мурашнік, дзе іх даглядаюць, каб па вясне зноў выгнаць пасвіцца. Мурашы садзяць патрэбныя ім расліны, грыбы і знішчаюць на плантацыях пустазелле, шкоднікаў.
Зразумела, што ніводзін з мурашоў не можа трымаць у сваёй галаве (ці чым яны там думаюць?) усю неабходную інфармацыю па будаўніцтве, арганізацыі працы, ставіць іншым задачы і вызначаць спосабы выканання. Занадта кароткае мурашынае жыццё, каб спасцігнуць такія навукі, замала ў іх нейронаў, каб трымаць падобны аб’ём інфармацыі і планаваць сітуацыю на будучыню. Відаць, у іх існуе калектыўны мозг. Увесь неабходны аб’ём дадзеных падзелены на часткі паміж жыхарамі мурашніка. Гэта падобна да мноства камп’ютараў, злучаных у адну сетку. Людзі дагэтуль не ведаюць якім чынам мурашы імгненна абменьваюцца інфармацыяй, але гэта не значыць, што такіх каналаў не існуе. Варта згадаць, як на судзе над Галілеа Галілеем у XVII стагоддзі, забойчым аргументам абвінавачвання было: “Калі б Зямля круцілася вакол Сонца, як сцвярджаеце Вы, то з яе ветрам садзьмула б аблокі”. І вялікаму астраному давялося публічна адмовіцца ад сваіх перакананняў.
Зрэшты, падобным чынам існуе і чалавецтва, кожны з нас валодае ў лепшым выпадку некалькімі прафесіямі і не мае ўсяго аб’ёму ведаў, досведу. Вось толькі чамусьці мурашыная цывілізацыя склалася больш за 100 мільёнаў гадоў таму і застыла, а чалавецтву ўсяго каля 1 мільёна гадоў, і нашая цывілізацыя развіваецца. Відаць, таму, што кожны чалавек кіруецца не толькі калектыўным розумам і мэтазгоднасцю, а яшчэ мае свабоду выбару і тое, што называецца сумленнем. Гэта мураш, які нарадзіўся салдатам, будзе ім да скону дзён, а чалавек робіць выбар сам.
Максім КЛІМКОВІЧ