Моц грошай

Што мацнейшае ў свеце за грошы? Любоў да Радзімы, каханне, сяброўства, сваяцтва? Але гісторыя ведае не толькі герояў, а і тых, хто здраджваў Радзіме за грошы, хто прадаваў бацькоў, каханых, уласных дзяцей. У фальклоры безліч казак, паданняў, у якіх герой прадае д’яблу сваю несмяротную душу. І веру ў Бога, здараецца, прадаюць. Так што грошы маюць страшную моц, здольную зламаць волю чалавека, разбурыць ідэалы.

Існуе нават такая тэорыя, што ў прынцыпе кожны чалавек прадажны. Пытанне толькі ў суме, якую яму прапануюць. Адзін гатовы прадацца за сотню, а другога даб’е прапанова ў мільён. Вам калі-небудзь прапаноўвалі мільён, ці хаця б сто тысяч хабару? Сумняваюся. Здавалася б, правільнасць гэтай тэорыі пацвярджаюць прыклады высокапастаўленых чыноўнікаў, якіх час ад часу ловяць на хабары. Калі чалавек дасягнуў пэўнай ступені ўлады, то хутчэй за ўсё раней збольшога рабіў усё па законе, яму давяралі і тыя, кім ён кіраваў, і тыя, хто кіраваў ім. Але, чым вышэй падымаешся, тым большыя спакусы з большай колькасцю нулёў ўзнікаюць. Гэта, як для кожнай будаўнічай канструкцыі, існуе крытычная нагрузка, якую яна ўжо не ў стане вытрымаць. Як любіць казаць адзін мой вельмі багаты прыяцель: “Пасля пэўнай сумы ўжо не чалавек круціць грашыма, а грошы круцяць ім”. Здавалася б, правільная тэорыя.

І ўсё ж, ёсць тое, што мацней за грошы. Гэта — смерць. Ад яе ніяк не адкупішся. Грошы з сабой у труну не пакладзеш. Разуменне непазбежнасці смерці ў спалучэнні з верай у Бога, у несмяротнасць душы робіць з людзьмі цуды. Толькі таму і ёсць на свеце мецэнаты, тыя, хто аддае грошы на добрыя справы, дапамагае іншым.

Адной з яскравых постацяў у канцы ХІХ стагоддзя ў Расійскай імперыі быў золатапрамысловец Інакенцій Сібіракоў. За сваё кароткае жыццё ён раздаў на дабрачыннасць каля 10 мільёнаў царскіх рублёў. Каб адчуць маштаб, варта параўнаць гэтую суму з тымі грашыма, якімі мы аперуем сёння – гэта эквівалент 400 мільёнаў цяперашніх даляраў ЗША. Сібіракоў часткова атрымаў іх у спадчыну, часткова зарабіў, як прамысловец. У яго быў шыкоўны асабняк, які ён ахвяраваў манастыру, а сам жыў у невялікай кватэры. За ўласныя грошы золатапрамысловец заснаваў некалькі вышэйшых навучальных устаноў, у тым ліку для жанчын, выплачваў здольным студэнтам стыпендыі. Ён ахвяраваў манастырам і цэрквам, стварыў спецыяльны фонд для выплаты сваім рабочым пенсій, адчыняў для іх бясплатныя школы і бібліятэкі. Да дзвярэй яго кватэры ў Пецярбурзе заўсёды стаяла чарга, і кожнаму наведвальніку ён дапамагаў.

Гэты чалавек не ўпісваўся ў сваю сацыяльную нішу. Калі б ён прагульваў грошы ў карты, прапіваў іх у дарагіх рэстарацыях, выдаткоўваў на каханак, яго б зразумелі. А тут – дапамагаў простым людзям. І ў колах багачоў вырашылі абвесціць Інакенція Сібіракова вар’ятам. Двойчы яго афіцыйна падвяргалі ганебнай працэдуры – псіхалагічнай экспертызе, ягоную маёмасць арыштоўвалі. Ён вытрымаў гэтыя выпрабаванні, яго апраўдалі.

Сваё жыццё былы мільянер скончыў у 41 год манахам у манастыры на Святой гары Афон. Апошнімі ягонымі словамі да святара былі: “Ойча, мне няма чаго расказаць, апроч сваіх грахоў”.

Дарма ў народзе кажуць, што грошы – гэта ліха. Самі па сабе яны ані добрыя, ані кепскія. Грошы – інструмент, з дапамогай якога мы можам увасабляць свае мары, памкненні, спакушаць імі іншых да кепскіх спраў, або, наадварот, рабіць шчаслівымі. Яны, як сякера, якой можна збудаваць дом, або накалоць дровы на зіму, а можна і забіць іншага. Усё залежыць ад таго, у чыіх руках яна апынецца.