Монтэ-Касіна

Савецкая прапаганда трывала замацавала ў свядомасці жыхароў былога СССР дзве даты, звязаныя з апошняй вайной: 9 мая 1945 года і 22 чэрвеня 1941 года. З Днём Перамогі ўсё зразумела, хаця ў большасці краін яго адзначаюць 8 мая. Проста, немцы падпісалі капітуляцыю позна ўвечары, калі па маскоўскім часе ўжо наступіла 9 мая. Вось адсюль і разбежка ў адзін дзень. Дзеля справядлівасці трэба дадаць, што Другая сусветная вайна скончылася перамогай над Японіяй, а здарылася гэта ужо пасля капітуляцыі Германіі — 2 верасня 1945 года. Гэтую дату, дарэчы, і адзначалі адразу пасля вайны, як Дзень Перамогі, яна нават адзін час была ў СССР выходным днём.

З датай 22 чэрвеня 1941 года не ўсё так проста, у гэты дзень Вермахт перайшоў савецкую мяжу. І таму яна з’яўляецца датай пачатку савецка-германскай вайны, самага крывавага і працяглага эпізоду Другой сусветнай. Тое, што вайна пачалася раней – 1 верасня 1939 года, жыхарам Заходняй Беларусі асобна тлумачыць не трэба. І сёння яшчэ жывуць сведкі таго, як нямецкая авіяцыя на пачатку верасня скідала бомбы на Баранавічы, Гродна, Брэст. Тады ж адбыліся першая гераічная абарона Брэсцкай крэпасці, бітва пад Кобрынам. Вайсковыя маракі Пінскай флатыліі прайшлі свой трагічны шлях у пачатку гэтай вайны. У большасці сваёй яны былі беларусамі, бо Войска польскае фармавалася па тэрытарыяльным прынцыпе, салдаты служылі непадалёк ад родных мясцін.

Міжваенная Польшча атрымала паразу ў вайне. Сотні тысяч афіцэраў і салдат трапілі ў палон. Сярод іх і нашы землякі. Большасць палонных салдат праз нейкі час распусцілі па хатах, каб потым знаў мабілізаваць ужо ў Чырвоную армію. Афіцэрам і падафіцэрам пашанцавала менш. Значную частку іх расстралялі ў Катыні на Смаленшчыне, Харкаве, у іншых мясцінах СССР. Частку выслалі ў Казахстан, Сібір, як і цывільных – іх сем’і. Ініцыятарам па-за судовай расправы быў Іосіф Сталін. Так ён вырашыў адпомсціць палякам за паразу Чырвонай арміі, якой камандаваў асабіста, у савецка-польскай вайне 20-х гадоў. Паслалі на смерць людзей, якія нават не мелі статусу ваеннапалонных, бо Савецкі Саюз не абвяшчаў Польшчы вайну. Ці не палова з іх не з’яўляліся і кадравымі афіцэрамі – інжынераў, медыкаў, настаўнікаў забралі ў войска падчас мабілізацыі.

Сваё стаўленне Сталіну давялося змяніць пасля нападу Германіі на СССР. Польскі эміграцыйны ўрад у Лондане цяпер стаў саюзнікам СССР, гэтага вымагалі дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі. У жніўні 1941 года было падпісанае пагадненне паміж Іосіфам Сталінам і прэм’ерам Польшчы генералам Сікорскім. З пазасталых у жывых палонных тэрмінова пачалі ствараць польскае войска. Займаўся гэтым генерал Уладыслаў Андэрс – былы камандзір Навагрудскай кавалерыйскай брыгады.

Сваё войска, якое потым атрымала назву 2-гі Польскі корпус, а ў ім служыла нямала заходніх беларусаў і ўкраінцаў, генерал Андэрс збіраў непадалёк ад савецка-іранскай мяжы, адкуль пралягаў самы кароткі шлях да злучэння з брытанцамі. Разам з вайскоўцамі ён вывеў і цывільных.

Далей былі Палястына, Афрыка. З канца 1943 года пачынаецца высадка корпусу ў Італію. І ў маі 1944 адбываюцца крывавыя баі па авалодванню Монтэ-Касіна – кляштарам, ператвораным гітлераўцамі ў непрыступную крэпасць, так званая Бітва за Рым. Бо менавіта тут немцы стрымлівалі наступ брытанцаў і іх саюзнікаў на сталіцу Італіі. У авалодванні крэпасцю вызначыўся 2-гі корпус. Аднак, за перамогу 18 мая 1944 года давялося заплаціць жыццямі. 2-гі корпус страціў 1000 байцоў забітымі, з іх больш за 200 былі ўраджэнцамі Беларусі.