Могілкавыя жарсці

Могілкі – сакральнае месца ў кожнага народа. Існуе безліч забабонаў, звязаных з магіламі. Напрыклад, калі нешта ўжо прынёс з сабой, то забіраць потым дахаты нельга. Няхай, гэта нават фарбы, пэндзлі, секатар ці грабелькі. Нават спарахнелыя драўляныя крыжы зносіць з могілак і паліць нельга, іх на вясковых могілках або кладуць побач з новымі помнікамі, або збіраюць у адным вызначаным месцы, дзе прыродныя сілы самі дадуць ім рады, ператвораць у пыл.

Аднак, паміраюць, раз’язджаюцца па свеце блізкія сваякі, а на могілках застаюцца зарослыя пустазеллем пахаванні. Агароджы бяруцца іржой, абсыпаецца тынкоўка, зарастаюць мохам прозвішчы, даты нараджэння і смерці, кранальныя эпітафіі.

У Пінску раней не аднойчы ўзнікалі спрэчкі і канфлікты вакол прац па высяканню, падрэзцы дрэваў на Старых могілках, на аднаўленні надмагілляў працавалі валанцёры. Але сёння ўвага сродкаў масавай інфармацыі і грамадства Беларусі прыкаваная да адных самых вядомых у краіне — Вайсковых могілак у Мінску. Там, па вялікім рахунку, упершыню праводзіцца маштабнае і комплекснае добраўпарадкаванне гэтага нацыянальнага некропаля, дзе пахаваная беларуская палітычная, творчая, навуковая эліта 1930-1950-х гадоў. Меркаванні наконт таго, што робіцца, самыя розныя. Ад захаплення працай Спецкамбіната, да абвінавачванняў у вандалізме.

Вайсковыя могілкі мне не чужыя, тут сярод магіл іншых пісьменнікаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Паўлюка Труса, Кузьмы Чорнага, Валянціна Таўлая і магіла майго дзеда — аўтара слоў гімна “Мы беларусы” Міхася Клімковіча. У сваіх ацэнках я стараюся сыходзіць з таго, што ніхто не хоча нашкодзіць: ані камунальнікі, ані валанцёры, якія аберагаюць некаторыя старыя надмагіллі ад знішчэння і замены на стандартныя “падгалоўнікі”.

Логіку супрацоўнікаў Спецкамбіната я разумею. Яны імкнуцца максімальна спілаваць старыя агароджы, дэмантаваць надмагіллі з кветнікамі. Так будзе лягчэй пракласці сцежкі, паставіць ліхтары, нішто не стане замінаць касіць траву трымерамі. Аднак, валанцёры, якія за ўласныя сродкі, ахвяруючы вольным часам, рамантуюць, паднаўляюць старыя надмагіллі, маюць свой рэзон, яны лічаць, што ўпарадкаваныя паводле планаў Спецкамбіната могілкі будуць выглядаць так, нібыта ўсе пахаваныя на іх, памерлі ў адзін дзень. Знікне аўра амаль двух стагоддзяў існавання некропаля. Кожны час адбіўся сваімі адметнасцямі ў пахаваннях, якія самі расказваюць нам гісторыю краіны. Напрыклад, на Вайсковых могілках шмат дзіцячых пахаванняў часоў акупацыі і першых дзён вызвалення. Надмагіллі вельмі сціплыя. Часам ужо безыменныя, складзеныя з цэглы, якую гараджане набіралі сярод руін і абмазвалі цэментам, які ім нейкім цудам удавалася знайсці ў зруйнаваным горадзе. Або пахаванне вайсковага лётчыка, якому саслужыўцы паставілі замест агароджы чатыры абалонкі авіяцыйных бомб і прыварылі да іх ланцугі. Нажаль, апошняга ўжо даўно няма. А яно расказвала пра апошнюю вайну без лішніх слоў.

Трэба разумець, што працы па добраўпарадкаванню на Вайсковых могілках у Мінску – гэта выпрацоўка падыходаў, якія з часам будуць рэалізаваныя ў тым ліку і ў Пінску на так званых Старых могілках, дзе таксама пахавана шмат знакамітых людзей. Таму, пакуль ёсць час, людзям варта яшчэ раз згадаць пра закінутыя магілы далёкіх продкаў. Паднавіць іх, акультурыць. Магчыма, некаторымі пахаваннямі павінны апекавацца пэўныя арганізацыі, установы. І калі на іх пачнецца рэканструкцыя, удасца пазбегнуць узаемных прэтэнзій і нараканняў. Бо могілкі – тэрыторыя “вечнага спакою”, а не спрэчак.