Memento mori

Звычайна стараюся напісаць у калонку нашай газеты штосьці пазітыўнае, кранальнае, ці пазнавальнае. Але сёння буду пра смерць. Нездарма ж мудрыя старажытныя рымляне прыдумалі вельмі кароткую прымаўку MEMENTO MORI – памятай пра смерць. А мы жывём з думкай, якую больш за сто гадоў таму сфармуляваў у афарызме геніяльны амерыканскі пісьменнік Амброзій Бірс: “Смерць – гэта тое, што здараецца з іншымі”. Сапраўды, памятаць пра яе трэба, бо яна частка жыцця, яго заканамерны фінал. І нікому яшчэ не ўдалося яе пазбегнуць.   

Днямі адбылося страшнае. Мой сябра-журналіст, а жыў ён у Чарнігаве, бо ажаніўся з украінкай і перабраўся да яе з Мінска, паехаў па справах у Беласток Там у яго раптоўна проста на парозе здымнай кватэры спынілася сэрца. Знайшоў яго сусед, адразу ж выклікаў “хуткую дапамогу”. Ніхто дакладна не ведаў, колькі ён праляжаў у стане клінічнай смерці. Польскім медыкам ўсё ж удалося запусціць яму сэрца. Рэанімацыя, восем дзён комы і потым смерць. Дзякуй Богу, польскія калегі-журналісты ўсе гэтыя дні дапамагалі, як маглі. Гэта ж безліч фармальнасцяў, папер, якія патрэбны, каб аформіць смерць у іншай краіне і атрымаць дазвол на перавозку цела ў Беларусь.

Зразумела, у пахавальныя клопаты аказаўся ўцягнуты і я. Нечым займаўся сам, пра праблемы, з якімі сутыкаліся іншыя, проста ведаю ад іх. Таму хачу падзяліцца з вамі тымі праблемамі, з якімі можа сутыкнуцца практычна кожны праз смерць блізкага чалавека, і якія можна было абысці, крыху парупіўшыся пры жыцці.

Калі вы лічыце, што да смерці яшчэ далёка, усё ж варта наважыцца і расказаць каму з блізкіх або сяброў пра тое, дзе б вы хацелі, каб вас пахавалі. Згодны вы на крэмацыю, ці для вас важна, каб труну з целам апусцілі ў магілу. Ці даяце вы згоду, каб вашы органы пасля смерці, магчыма, перасадзілі тым, каму яны патрэбныя. Я разумею, што размова не з самых прыемных, але ж гэтыя пытанні абавязкова потым паўстануць перад сваякамі і блізкімі нябожчыка, а спытацца не будзе ў каго. Да таго ж, згадайце, колькі часу мы гаворым пра розную лухту, а тут усё вельмі сур’ёзна. Размовы па вялікім рахунку на дваццаць хвілін, затое сваякі потым будуць ведаць, што дакладна выканалі вашую волю.

Асобная тэма для тых, хто ездзіць за мяжу. У ідэале без страхоўкі ў іншую краіну не ўедзеш, візы не атрымаеш. Вось толькі, калі чалавек трапляе ў бяду на вуліцы, то поліс звычайна не з ім, а ў багажы, у гатэльным нумары. Таму трэба насіць з сабой або ксеракопію, або хаця б сфатаграфаваць поліс на мабільнік так, каб можна было прачытаць нумар дакумента і кантактны тэлефон страхоўшчыка. Дарэчы, і страхоўкі не аднолькавыя па сваіх магчымасцях. У некаторых няма пункта, што ў выпадку смерці страхоўшчык мусіць забяспечыць вяртанне цела на Радзіму. Калі пункта няма, то і плаціць сваякам давядзецца самім.

Калі вы карыстаецеся банкаўскімі карткамі, то варта парупіцца, каб самы блізкі вам чалавек хаця б ведаў, дзе ён зможа знайсці коды доступу. Іх можна выдатна зашыфраваць у сваім нататніку пад выглядам тэлефонных нумароў. Бо падчас арганізацыі пахавання грошы вырашаюць шмат. А іначай зняць іх з карткі нябожчыка ніхто не здолее.

Есць яшчэ шмат нюансаў, якія могуць выплыць у працэсе. Тут і пасведчанні аб нараджэнні, каб давесці ступень сваяцтва пры падзахаванні, асабліва ў выпадку, калі жанчыны заставаліся на дзявочых прозвішчах, і іншае, іншае…

Усё ж нашыя продкі былі больш абачлівыя за нас. У сямейным куфры заўсёды ляжала тое, што потым надзявалі нябожчыку. І за кожным кланам, сям’ёй быў замацаваны свой кавалак могілак.