Матрыярхат

У сённяшняй Беларусі жанчыны ўсё больш і больш праяўляюць сябе ў мастацтве, літаратуры, эканоміцы, палітыцы. Займаць вядучыя ролі ў грамадстве, культуры, навуцы, бізнесе. Згадайце, колькі іх было знакамітых яшчэ сто гадоў таму. Адзінкі! А цяпер? І, як на мой погляд, то фемінісцкі рух тут ні да чаго. Сярод паспяховых суайчынніц феміністак не так і шмат.

Навукоўцы: гісторыкі, археолагі, культуролагі дагэтуль спрачаюцца, ці існаваў у мінулым матрыярхат — грамадскі лад, калі галоўнымі былі не мужчыны а жанчыны. На мой погляд, існаваў. Бо адкуль тады ў такой даўняй нацыі, як габрэі, дагэтуль радавод вядзецца ад маці. Яшчэ старажытныя рымляне юрыдычна сфармулявалі правіла: “бацька ніколі не вядомы”.

Хутчэй за ўсё, калі людзі займаліся збіральніцтвам, то жанчыны былі галоўнымі, бо менавіта яны здабывалі і размяркоўвалі харчовыя запасы. Потым прыйшла пара палявання на мамантаў. Вялізных жывёл заганялі ў пастку і закідалі камянямі ўсім племенем. І жаночы віск быў ці не самай моцнай зброяй. Мужчыны выйшлі на першы план, калі мамантаў выбілі. Цяпер паляваць даводзілася на больш дробных, хуткіх жывёл. Выправы на паляванне доўжыліся некалькі дзён, даводзілася праходзіць не адзін дзясятак кіламетраў.

Вось з таго часу мужчыны і атрымалі кантроль над грамадой. І ўмацоўвалі свае пазіцыі. У сярэднявеччы склалася абсалютна патрыярхальнае грамадства. Улада, маёмасць перадавалася толькі па мужчынскай лініі. За выключэннем выпадкаў, калі чалавек сам адпісваў у тастаменце жонцы, дочкам нешта з таго, чым валодаў сам.

Жанчыны гадавалі малых хлопцаў да пэўнага ўзросту. І хадзілі тыя спачатку без нагавіц, а ў доўгіх сарочках. Калі ж падрасталі, то ім шылі порткі і з гэтага часу яны ўжо пераходзілі ў мужчынскую грамаду, дапамагалі старэйшым у іх працы. Пасвілі коней, вадзілі каня. Яны пераймалі бацькаву прафесію. Сяляне – сялянскую. Рамеснікі – рамесніцкую. Законам нават было забаронена рамесніку – члену цэху, навучаць жонку альбо дачку сваёй прафесіі, яго за гэта маглі, як сказалі б сёння, пазбавіць ліцэнзіі.

Шляхціц-воін з дзяцінства выхоўваў сыноў ваярамі. Для гэтага спецыяльна і вывелі конскую пароду – невысокіх поні, каб хлопец з малых гадоў вучыўся ездзіць верхам і фехтаваць конна. Жыццё амаль кожнага хлопчыка было прадвызначана ягоным сацыяльным паходжаннем. Сын селяніна станавіўся селянінам, сын рамесніка, рамеснікам, сын купца, купцом. За рэдкім выключэннем. Так, сын полацкага купца Францыск Скарына ўжо ў чатырнаццаць гадоў падаўся атрымліваць вышэйшую адукацыю за мяжу. Багатыя людзі маглі сабе такое дазволіць. Але кожны хлопчык, калі станавіўся падлеткам, трапляў у мужчынскі свет праз абрад ініцыяцыі.

Ішоў час, раслі гарады. Па-сапраўднаму гарадской нацыяй беларусы сталі параўнаўча нядаўна. Яшчэ ў 1990-я гады нават ад жыхароў сталіцы на пытанне: “Куды едзеш на выходныя?”, гучаў адказ: “Дахаты!” То бок, у родную вёску. Цяпер вырасла чыста гарадское пакаленне беларусаў. І хлопцам няма патрэбы пераймаць прафесію бацькі. Атрымлівай адпаведную адукацыю, станавіся кім заўгодна, былі б жаданне і здольнасці. Аднак, выхаваннем новага мужчынскага насельніцтва займаюцца жанчыны – каго выхоўваюць да самага войска, каго і ўвогуле, да заканчэння вышэйшай адукацыі ці да жаніцьбы. І ўкладаюць у галовы мужчын жаночую матрыцу пабудовы свету. Не ведаю, добра гэта ці кепска? Знікла ініцыяцыя — момант уваходжання хлопцаў у мужчынскую супольнасць. Але так ёсць. І таму жанчыны ўсё больш і больш адваёўваюць у нас – мужчын, нашу традыцыйную прастору кіравання ўсімі значнымі працэсамі ў грамадстве.

 

Максім КЛІМКОВІЧ