Магiя старых здымкаў

Мяркую, некаторыя сутыкаліся з падобнай праблемай. Папрасілі ў мяне калегі журналісты даслаць у рэдакцыю мой фотаздымак, для таго, каб паставіць яго ў газеце разам з маім інтэрв’ю. Я адразу, не падумаўшы, паабяцаў. Здымак трэбы было даслаць да заўтрашняй раніцы, калі пачыналі вярстаць нумар, а тэлефанавалі мне ўвечары. Чамусьці ў карэспандэнта, які гутарыў са мной напярэдадні, здымкі не атрымаліся.

Здавалася б, якая праблема? Дома ёсць сучасны лічбавы фотаапарат, кожнага разу, калі з сям’ёй некуды, хоць на дачу ў выходныя, выязджаем, фатаграфуемся. І вось, я ўключаю кампутар, пачынаю калупацца ў “папках” са здымкамі. Высвятляецца, што іх сотні! Раскіданыя, дзе заўгодна. Ніводны не падпісаны. Меркаваць пра дзень здымкаў немагчыма, бо папярэдне на фотаапараце мы з жонкай не выстаўлялі бягучую дату, ставілася яна сама ў залежнасці ад году выпуску і маркі фотакамеры. Таму фоткі і калываюцца ў прамежку нібыта паміж 1991-м і 2030-м годам, хаця, я дакладна ведаю, што яны рабіліся бліжэйшым часам. Здавалася б, якое бяды, мне ж не дата патрэбная, не месца здымкаў, а ўласнае якаснае фота. Кадраў шмат, толькі яны ўсе не ў тэму, у сэнсе, не ў салідную газету. То я на дні нараджэння сябра на фоне гасцей і святочнага стала, то дзесьці каля вогнішча з цыгарэтай і сумнеўнымі персанажамі на заднім плане. Ніводнага прыстойнага здымку, годнага таго, каб прэзентаваць сябе публіцы, як беларускага літаратара.

Нарэшце, я зразумеў, што з лічбавымі фота апошніх гадоў карысці не будзе, і ўзяўся перабіраць старэйшыя, зробленыя яшчэ на фотастужку “Kodak”, раздрукаваныя на паперы. Няхай сабе, розніца ў дзесяць гадоў, але ж гэта я буду ў кадры – маладзейшы і прыгажэйшы. Чым кепска?

Давялося перабіраць пачкі здымкаў: з адпачынку, з сямейных свят. Таксама нічога вартага не знайшоў. І тут згадаў, што ўсё самае лепшае я пераставіў у сямейны альбом. Стары, адразу пасляваенны, з плюшавай вокладкай, кардоннымі старонкамі, які дастаўся мне ад дзеда з бабуляй. Сямейны рарытэт выцягнуў з кніжнае паліцы, садзьмуў пыл, разгарнуў першыя старонкі. І адразу зніякавеў, сустрэўшыся позіркам са сваімі продкамі. Прадзед з прабабулей – дарэвалюцыйны фотаздымак, зроблены ў Лібаве (сённяшняй латышскай Ліепае), дзе яны пазнаёміліся і потым пабраліся шлюбам. Паглядзеў у вочы дзеду з бабуляй, калі яны ў 1920-я здымаліся ў слуцкім фотаатэлье. Потым былі бацька з маці яшчэ да майго нараджэння… На ўсіх здымках былі вельмі сур’ёзныя людзі, годныя, адухоўленыя. Хоць адразу давай іх выявы ў газету. Няўжо, я настолькі горшы за сваіх продкаў, што ў іх ёсць такія здымкі, а ў мяне няма?

І толькі, перагарнуўшы некалькі альбомных старонак, пабачыўшы сваю сястру, сябе ў першым класе, я зразумеў, што ў тыя далёкія часы людзі ішлі фатаграфавацца, як на свята. Рыхтаваліся да гэтай падзеі, надзявалі лепшае. Ведалі, што здымкаў будзе ўсяго некалькі за жыццё. Іх здымалі прафесійныя фатографы ў студыях з выстаўленым святлом. Майстры рыхтавалі кліентаў, падказвалі паставы для найлепшай кампазіцыі. Чалавек, калі меў кішэнны гадзіннік, адмыслова, але ненавязліва,  адводзіў крысо пінжака, каб паказаць ланцужок. А мы цяпер бяздумна шчоўкаем камерай, уладкаванай у мабільныя тэлефоны. Дзясяткі здымкаў за дзень з выкарыстаннем палкі для сэлфі. Мы размянялі “якасць для вечнасці” на “колькасць для сучаснасці”. А ў выніку – няма прыстойнага здымку для газеты.

Калі я зразумеў гэта, то падняўся ад кампутара, апрануўся ў параднае і папрасіў жонку, каб зрабіла некалькі маіх здымкаў. Яны і пайшлі ў газету, дзе друкавалі інтэрв’ю.