Магічнае кола

Кітайскі вірус імкліва ўварваўся ў жыццё чалавецтва. І ад таго, што яго немагчыма памацаць, унюхаць, пачуць, як ён шарудзіць лапкамі, чпокае прысмочкамі, робіцца вусцішна. Нібыта пачалася нябачная акупацыя ўсяго свету. Імгненна аказаліся зачыненыя нацыянальныя межы. Што ў Еўрасаюзе, што паміж Расійскай Федэрацыяй і Беларуссю, якія людзі здаўна звыкліся перасякаць без аніякага кантролю. А раней жа было, як у суседні магазін выйсці – пашпарт прыхапіў з сабой, то і добра, а можна і без яго.

Які цяпер сэнс у тым, што ў вас ёсць шэнгенская віза? Далей за Брэст ці Гродна ўсё адно не з’едзеш. Жывуць у вас сваякі за мяжой? Калі ласка, стасуйцеся з імі ў сацыяльных сетках, а не асабіста. Эксперты, аналітыкі ў апошнія гады шмат разважалі пра навамодныя гібрыдныя войны, але такога ніхто не прадбачыў. Вірус-акупант паўсюль, але адначасова – нідзе, і мірныя перамовы з ім не правядзеш.

Усялякае выпрабаванне чалавецтва, зрэшты, выкарыстоўвала на ўласную карысць і магчымасці далейшага прагрэсу. Пагрозу ліквідуюць, альбо яна сыходзіць сама, а грамадства пачынае новае жыццё. Кожны крызіс зрушвае людзей з камфортных пунктаў быцця. Колькі ўжо казалі пра тое, што адукацыя з часам станецца дыстанцыйнай. І вось прагноз на далёкія гады наперад стаўся явай. Беларускія школьныя настаўнікі і ўніверсітэцкія выкладчыкі тэрмінова разгарнулі дзейныя платформы для інтэрнэт-навучання. Наўрад ці гэтая практыка знікне пасля таго, як мы пройдзем пандэмію.

Шмат хто з працадаўцаў і працаўнікоў цяпер вольныя выбіраць – яны ходзяць на службу, альбо працуюць з хаты праз кампутар, ці знаходзяцца ў адпачынку за свой кошт, калі маюць такую магчымасць. Зразумела, што ёсць прафесіі, каго не перавядзеш на аддаленую працу. Тут і працаўнікі грамадскага транспарту, гандлю, сельскай гаспадаркі, праваахоўнікі, медыкі, камунальнікі… Але ж частка людзей, якія раней хадзілі на службу ў офісы, як высветлілася, могуць эфектыўна працаваць, седзячы дома. Пасля таго, як захворванне пойдзе на спад, наўрад яны вернуцца да ранейшага фармату. Працадаўцы справядліва паспрабуюць зэканоміць на арэндзе памяшканняў, мэблі і кампутарнай тэхніцы.

Цяперашні крызіс шмат мяняе ў заведзеным ладзе жыцця. Традыцыйна ў беларускіх сем’ях выхаваннем дзяцей займаюцца збольшага жанчыны. Цяпер здараецца, што муж перайшоў на аддаленую працу, ці ўвогуле яе страціў, а жонка вымушаная хадзіць на службу штодня. Галоўным выхавацелем у сям’і становіцца менавіта бацька. І гэты новы трэнд ломіць устоі некаторых сем’яў. Добра, калі мужчыны разумеюць непазбежнасць зменаў, а не патрабуюць ад жонак захаваць ранейшы лад жыцця.

Новыя расклады закранулі і таемныя бакі жыцця некаторых беларусаў. Некаторыя жывуць у сям’і ўмоўна. Дзеля агульнай гаспадаркі, кватэры, дзяцей сям’ю захоўвалі, а насамрэч будавалі адносіны з каханкамі і каханкамі. Умовы каранвіруса абрэзалі гэтыя магчымасці. Па-першае, пасля таго як будуць выяўлены станоўчыя вынікі тэсту на захворванне, давядзецца распавядаць медыкам пра кантакты ўсяго ланцуга зносінаў. Па-другое, у выніку ў адной бальнічнай палаце могуць апынуцца і муж жанчыны, і яе каханак. У іх будзе час на тое, каб абмеркаваць тэму.

Берагчыся трэба, але давайце паспрабуем выкарыстаць гэты крызіс сабе на карысць. Паболей быць з сям’ёй – жонкай, мужам, дзецьмі, гэта значны бонус пры самаізаляцыі. Калі гэта пакута, то задумайцеся, ці з тым чалавекам звязалі сваё жыццё. Разышліся з каханкай, якая баіцца і надалей сустракацца з вамі, то наўрад ці яна вас кахае. Знаходзьце станоўчае ва ўсім, што даводзіцца перажываць.

Афиша города