Магдэбургскае права

440 гадоў таму – у 1581 годзе наш тагачасны кароль і вялікі князь Стэфан Баторый надаў Пінску прывілей кіравацца Магдэбургскім правам і зацвердзіў герб. Агулам гэтым правам за ўсю гісторыю ВКЛ карысталіся 60 гарадоў і мястэчак. Што азначала для горада Магдэбургскае права? Яно ўяўляла сабой, як цяпер сказалі б, стандартны пакет норм, правілаў, якімі кіраваўся ў сваім жыцці кожны больш-менш буйны горад у Заходняй Еўропе. Калі горад атрымліваў гэтае права, то ён станавіўся вольным, і больш ужо не падпарадкоўваўся наўпростава ані войту, ані старостам, а толькі каралю і вялікаму князю, атрымліваў шмат ільготаў, палёгкі для развіцця гаспадаркі. Жыхары горада – месцічы, набывалі поўную ўласную свабоду і падпарадкоўваліся толькі агульнадзяржаўным законам. На аснове права ў горадзе ствараўся орган самакіравання магістрат. Месціч атрымліваў права набываць у межах горада зямлю і маёмасць у прыватную ўласнасць.

У магістраце існавалі дзве калегіяльныя галіны ўлады: рада і лава. Раднікі кіравалі эканамічным, грамадскім жыццём горада, а лаўнікі разглядалі крымінальныя справы. Бягучым штодзённым жыццём займаўся бурмістр. За яго дзейнасцю ад цэнтральнай улады прыглядаў войт – кіраўнік, прызначаны манарху, але ён умешваўся ў гарадскія справы толькі ў крытычных выпадках.

Пасля атрымання Магдэбургскага права горад не мог заставацца без ратушы. Дзе менавіта стаяла пінская ратуша, нажаль, сказаць сёння немагчыма. Вядома толькі, што першая ратуша была драўляная і згарэла ў 1628 годзе падчас казацкіх войнаў.

Пры ратушы ў сутарэннях былі памяшканні для ўтрымання злачынцаў. У сённяшнім разуменні – гэта следчы ізалятар, а не турма. Затрыманыя чакалі тут прысуду і яго выканання. У нашай дзяржаве не было каменаломняў, руднікоў, вайсковых галер з катаржнікамі на вёслах. Таму прысуды не прадугледжвалі пазбаўлення волі. Шмат у якіх выпадках абмяжоўваліся выгнаннем з гораду, грашовымі штрафамі і выплатамі на карысць пацярпелых, фізічным пакараннем, маглі прысудзіць пэўны час прастаяць прыкутым да ганебнага слупа на рынку. Прымянялася і смяротнае пакаранне – “кара горлам”. Найбольш шляхетным лічылі расстрэл і адсячэнне галавы, ганебным — спаленне на вогнішчы, шыбеніцу. Атрымаць “вышку” можна было за дзяржаўную здраду, фальшываманецтва, згвалтаванне, забойства, нават у тым выпадку, калі жанаты мужчына спакусіў чужую жонку, і каханкаў злавілі на “гарачым учынку”. Тут ужо і саму жонку-здрадніцу маглі выправіць на смерць. Канчатковую кару вызначалі зняважаныя муж і жонка, яны маглі дараваць здраду. Тады ў распуснікаў бралі распіску ў ратушы, яны прылюдна абяцалі, што не будуць больш сустракацца.

У ратушы захоўваліся эталоны вагі, аб’ёму, даўжыні. Кожны ахвочы, хто лічыў, што яго абважылі, абмералі, не дасыпалі, не далілі на рынку, мог прыйсці і дамагчыся справядлівасці. Яшчэ ў ратушы быў архіў, дзе захоўваліся дакументы, якія тычыліся маёмасных і сацыяльных становішчаў месцічаў. Хто і які зямельны пляц набыў ва ўласнасць, якая нерухомая маёмасць каму належыць.

Магдэбургскае права праіснавала на беларускіх землях да самага канца XVIII стагоддзя, калі нашае Вялікае Княства захапіла Расійская Імперыя. Менавіта тады і былі вывезены ў Расію гарадскія летапісы, хронікі, архівы. Так царызм трымаў “на гачыку” гараджанаў. Не лаяльна сябе паводзіш да новай улады, аддай, што маеш. На руках у чалавека заставаліся толькі копіі дакументаў на зямлю, будынкі, а арыгіналаў у гарадскіх архівах ужо не было. Вось тады і з’явіўся вядомы цяпер ва ўсім свеце мэм – “а вы дакажыце”.

 

Максім КЛІМКОВІЧ      

Афиша города