Лявош з-пад Пiнска

У жыцці ці не кожнага беларуса часам з’яўляецца праблема – варта звяртацца да знахара, калі дактары і псіхолагі не дапамаглі. І большасць усё ж звяртаецца. Мушу прызнацца, і ў мяне быў такі выпадак. Сын, калі быў малым, пачаў заікацца. Лагапеды не далі рады, і мы паехалі па падказцы знаёмых да знахара ў Бярэзінскі біясферны запаведнік, які існуе з 1920-х гадоў. Там ніколі не было калгасаў. Хутары ўсутыч падыходзяць да азёраў або да ракі. Дзверы нам адчыніла бабуля, выслухала, запусціла ў хату і сказала чакаць. У бакоўцы знахар рыхтаваўся да ўрачыстага выйсця. Дзядок-знахар выйшаў у пінжаку ўвешаным ардэнамі і медалямі, атрыманымі за вайну. Ветэран нешта пашаптаў на ваду, распавёў, як яе піць. Майму сыну дапамагло. Яму цяпер ужо за трыццаць, і ён не заікаецца, нават тады, калі хвалюецца.

Можна верыць у сілу слова, можна не верыць. Але яна адназначна існуе. І дзейнічаюць не адно замовы ад хвароб, але і праклённыя словы, прамоўленыя не толькі ведзьмакамі, аднак і неабазнанымі ў народнай магіі людзьмі. Варта прамовіць нейкі праклён, і ён можа здзейсніцца.

Не так даўно лёс звёў мяне з прафесарам, доктарам філалагічных навук Аляксеем Ненадаўцам, які прафесійна займаецца збіраннем народных праклёнаў, фіксуе выпадкі, калі неасцярожна прамоўленыя словы мелі трагічныя наступствы, вывучае народную магію, збірае інфармацыю пра знахараў, ведзьмакоў. Сам ён родам з Піншчыны, нарадзіўся непадалёк ад вёскі Новы Двор. Ён і распавёў мне гісторыю пра знахара з той самай вёскі. Ягоная мянушка была Лявош – ад прозвішча Лявошка, а звалі яго Трафімам, жыў ён у міжваенныя часы, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы.

Той чалавек мог не толькі лячыць людзей замовамі, але і мог бачыць праз сцяну, прадказваць лёс, мала гэтага, мог сказаць, дзе схаванае скрадзенае і паказаць на таго, хто гэта зрабіў. Зразумела, што мясцовыя злодзеі ненавідзелі Лявоша. Двое мужчын надумалі яго забіць. Распрацавалі хітры план, каб потым не трапіць пад падазрэнне. Пра свае намеры, ясная рэч, нікому не апавядалі. І вось тады Лявош сам прыйшоў да іх. І сказаў, каб яны адмовіліся ад забойства. Калі, не, то ён ідзе ў паліцыю. Злодзеі не рызыкнулі выпрабоўваць сілу ягонага яснабачання.

Нават у побыце Лявош выкарыстоўваў свае надзвычайныя магчымасці. Ён ніколі не мянташыў сваю касу, але яна выдатна касіла. Неяк ён з суседам і яго двума сынамі пайшлі касіць на далёкі – кілометраў за пяць, поплаў. Сусед і сыны не маглі ўтрох угнацца ў касьбе за адным Лявошам. Калі звечарэла, знахар проста павесіў сваю цудадзейную касу на лазовы корч і пайшоў дахаты. Вось тады сусед і наважыўся яе скрасці. На сярэдзіне дарогі яму так скруціла спіну, што не мог разагнуцца. Ледзь дапоўз да вёскі і ўбачыў Лявоша, які пагразіў яму пальцам і паказаў на зваротны шлях. Небарака ледзь прапоўз тыя пяць кілометраў. Спіну адпусціла адразу ж, як ён вярнуў касу на месца, дзе ўзяў.

Лявош ніколі не браў за свае паслугі грошы або алкаголь, казаў, што, калі зробіць так, то згубіць частку сваёй сілы. Затое з задавальненнем браў ўзнагароду харчамі, альбо вопраткай, асабліва, калі тая была не саматужная, а крамная. Пра сваю смерць ён ведаў загадзя, хаця і пачуваўся добра. Калі аднойчы да яго прыйшоў чалавек па дапамогу, знахар сказаў, што нічога не можа зрабіць бо “яго сіла сышла”. Праз тры дні Лявош сеў за стол, павячэраў з сямейнікамі, абышоў сваю гаспадарку, вярнуўся, расказаў сынам, дзе і што трэба падправіць, лёг на палок і спакойна памёр.

Прафесар Ненадавец нядаўна выдаў цэлую кнігу падобных гісторый “Сіла праклённага слова”.