Лясны край

Неяк перачытваў Часлава Пяткевіча — даследчыка беларускага Палесся, які жыў у даваеннай Польшчы, і натрапіў на такія радкі: “Паляшук, прыйшоўшы на белы свет, жыццё пачынае ў сасновай калысцы, цэлае жыццё жывучы ў сасновай хаце, абаграванай і асветленай сасной, спіць, адпачывае і есць на сасновай мэблі. У вольны ад працы час слухае гукі, узмоцненыя слаямі сасновага дэка скрыпкі, а адыходзячы на вечны адпачынак ад зямных турбот, забірае з сабой чатыры сасновыя дошкі ў выглядзе дамавіны”.

Сапраўды, для нашых продкаў больш справядліва было б называць папярэднюю эпоху не жалезным векам, а драўляным. Нават посуд – талеркі, кубкі, лыжкі рабілі не толькі з гліны, але і драўляныя. Ды і цяпер беларусы нярэдка будуюць сабе дамы з бярвёнаў. Гісторыкі, даследчыкі старажытнай архітэктуры справядліва пішуць, што, калі ў Заходняй Еўропе у асноўным узводзілі мураваныя будынкі, то ў нас нават буйныя гарады ў сярэднявеччы былі амаль цалкам драўляныя. Вось таму мала архітэктурных помнікаў і захавалася да нашага часу, што згарэла, што збуцвела. Але ж гэтая акалічнасць нярэдка падаецца даследчыкамі, як нейкая другаснасць, недасканаласць нашых будаўнікоў, дойлідаў. Маўляў, на Захадзе існавалі высокія тэхналогіі будаўніцтва, а мы карысталіся прымітыўнымі. Насамрэч гэта не так.

Проста, у нашым клімаце каменная будыніна для жыцця занадта халодная. Каб крыху сагрэць мураваныя залы замкаў і палацаў, даводзілася дзень і ноч паліць каміны, печы. А, каб не змерзнуць у ложку, на ноч клалі пад коўдру сагрэты каля каміна камень. Затое дрэва добра захоўвала цяпло ўзімку. Так што нярэдка замак выкарыстоўваўся толькі як парадная рэзідэнцыя для прыёмаў, як сховішча каштоўнасцяў  і для абароны падчас войнаў. А самі гаспадары жылі ў больш сціплым палацы, узведзеным непадалёк, нярэдка драўляным.

Да нашага часу захаваўся анекдот, што паходзіць яшчэ з  XVI-XVII стагоддзяў. Тады ў мірны час наша рэгулярнае войска амаль цалкам складалася з наймітаў. Служылі ў ім за грошы швейцарцы, немцы, шатландцы, датчане. Гэта была або збяднелая шляхта, або малодшыя сыны, якім у спадчыну ад бацькі дасталіся адно зброя і конь. Нашая ж шляхта кідала гаспадарку і вырушала ў паход толькі, калі пачыналася вайна. І вось беларускі шляхціц пасля вайны запрашае да сябе ў маёнтак свайго заходне-еўрапейскага баявога пабраціма і хваліцца драўляным палацам. Той глядзіць і здзіўлена кажа, што ўпершыню ў жыцці бачыць так прыгожа складзеныя дровы.

Насамрэч, і заходнія еўрапейцы ахвотна будаваліся б з дрэва. Але ж свае прыдатныя для будаўніцтва лясы яны даўно звялі, высеклі. Таму, скажам, для будаўніцтва караблёў ім даводзілася купляць драўніну ў нас. Яшчэ ў XVI стагоддзі беларускі паэт-лацініст Мікола Гусоўскі ў паэме “Песня пра зубра” пісаў: “Купляй і будуйся, сын краіны бязлеснай”.

Для будаўніцтва беларусы заўсёды выкарыстоўвалі хвою, часцей за ўсё сасну. Існавала цэлая навука па нарыхтоўцы драўніны. Для будаўніцтва ніколі не бралі падсочаны лес, той, з якога спусцілі смалу. Дрэвы валілі, вывозілі з лесу і акорвалі толькі ў першай палове зімы, калі рух сокаў у сасне спыняўся, і ўтрыманне смалы было максімальным. Год-два складзеныя ў штабель бярвёны сохлі. І толькі потым з іх рабілі зруб, або распілоўвалі на брусы, дошкі. Прасякнутая смалой сухая драўніна, рабілася звонкай, яе не бралі ані цвіль, ані шашаль. Забіць цвік у такое бервяно можна, а вось выцягнуць яго ўжо амаль немагчыма. Цяпер такога “правільнага” лесу амаль не нарыхтоўваюць.