Лінейка вымярэння

Чалавек прывык усё вымяраць. Адлегласць, вышыню, аб’ём, вагу. Нават прынаравіўся вымяраць час – практычна неіснуючую субстанцыю, якая не мае ані пачатку, ані канца. Так, чалавек прыдумаў своеасаблівыя лінейкі на ўсе выпадкі жыцця. Поспехі спартоўцаў мы звыкла мераем колькасцю забітых мячоў, закінутых шайбаў, вышынёй пераадоленай планкі, здабытымі залатымі, срэбнымі, бронзавымі медалямі. Поспех у бізнесе ацэньваем коштам актываў, прыбыткаў. Поспех пісьменніка – тыражамі ягоных твораў. Мастака – коштам ягоных карцін  на аўкцыёнах… Але такія вымярэнні не заўсёды справядлівыя. Скажам, самым паспяховым, у сэнсе коштаў палотнаў, заўсёды будзе мёртвы мастак. Бо аўкцыяністы маюць гарантыю таго, што на рынку масава не з’явяцца новыя творы. Вялікія тыражы пісьменніка-класіка змогуць абваліцца, калі яго творы прыбяруць з абавязковай школьнай праграмы па літаратуры.

Навукоўцы ў сваёй празе вымяраць абсалютна ўсё прыдумалі нават індэкс шчасця нацый і складаюць яго табліцы для розных краін. І тут пачынае высвятляцца цікавая рэч, якая у пэўнай ступені адмяняе ўсе папярэднія вымярэнні. Высвятляецца, што некаторыя народы шчаслівейшыя за больш багатых суседзяў, якія да таго ж жывуць у лепшым клімаце. Так, скажам, паводле табліцы беларусы больш шчаслівыя за грэкаў. Чаму так? Патлумачыць, мяркую, не здолеюць ані беларусы, ані грэкі. Вось мы больш шчаслівыя, і ўсё. Гэта, як з прагнозамі надвор’я: “Заўтра тэмпература будзе да мінус двух градусаў, але адчуваецца, як тры цяпла”.

Грошы, матэрыяльны дабрабыт, прафесійная рэалізацыя, безумоўна, важныя складнікі шчасця. Аднак… да пэўнага моманту. Яны толькі інструмент, які дае больш шырокія магчымасці рэалізаваць пэўныя мары, і не болей за тое. Адчуванне шчасця – адна з эмоцый, якую проста так за грошы не купіш. А эмоцыі нам дораць людзі побач з намі. Праз іх мы ўспрымаем свет і саміх сябе. Вельмі важна для самапавагі, для душэўнага спакою мець побач з сабой тых, каго паважаеш і любіш, тых, хто паважаюць і любяць цябе. Толькі эмацыйная повязь з такімі людзьмі дазваляе падтрымліваць цікавасць да жыцця.

Дзеля кар’еры, поспеху часам даводзіцца трываць над сабой уладу начальства, якое не паважаеш, паціскаць рукі нягоднікам, абдымаць здраднікаў, аддаляць ад сябе шчырых, але нязручных з-за гэтага ў прафесіі людзей. Раздражненне ад такіх кантактаў канцэнтруецца ў нашай душы і абавязкова несправядліва выплюхнецца на тых, хто насамрэч нам дарагі – на родных, каханых, дзяцей.

Часам гавораць – мы тое, што спажываем. І гэта справядліва ва ўсіх сэнсах. Нездаровы лад жыцця падрывае здароўе, нішчыць дадзеную прыродай прыгажосць. Нашы псіхіка, характар складаюцца падчас выхавання, вучобы, гульняў, на іх уплываюць кнігі, што мы чытаем, фільмы, якія глядзім, музыка, якую слухаем. І галоўнае, уплываюць людзі, якія нас атачаюць. Толькі яны здольныя падарыць нам адчуванне шчасця. Толькі з тымі, каго любіш і паважаеш, можна шчыра пасмяяцца, паплакаць, падзяліцца сумненнямі і поглядамі на жыццё.

Чалавек нараджаецца “чыстым”, у яго галаву немагчыма адразу “заліць” уяўленне пра сорам, справядлівасць, сумленне, патрыятызм. Усё гэта з’яўляецца з цягам часу ад тых, хто побач з ім. Ён вольны ў сваім выбары – стаць яму на бок святла або цемры. З гадамі ён усё часцей апынаецца сам насам са сваімі ўспамінамі. Нарэшце ў старасці яму робіцца зразумелым, што новае жыццё ўжо не пачнеш, дый пражытае выправіць не атрымаецца. Пра крывадушнае і брыдкае згадваць не хочацца. Помніцца толькі светлае і шчырае. І вельмі важна, каб было пра што згадаць.