Купала – ён цi яна?

Адно з язычніцкіх святаў, якое беларусы актыўна працягваюць адзначаць, выконваючы старажытныя абрады, Купалле. На пачатку аднаўлення незалежнасці Купалле нават хацелі зрабіць дзяржаўным святам. А ў некаторых еўрапейскіх краінах яго адзначаюць на дзяржаўным узроўні.

Па ўсёй Беларусі на Купальскую ноч, як і тысячы гадоў таму, запальваюць на былых капішчах вогнішчы. Раней падпальвалі асмоленыя драўляныя колы ад вазоў, насадзіўшы іх на слуп. Ды дзе ты іх цяпер знойдзеш? Таму паляць гумовыя — ад трактароў. І скачуць парамі праз агонь.

Здавалася б, знешняя сутнасць свята зразумелая – людзі адзначаюць самую кароткую ноч і самы доўгі дзень, моладзь шукае сабе пары. Выпрабоўваюць свае адносіны агнём… Аднак паспрабуем разабрацца, хаця б у тым, хто Купала – ён ці яна? Згадаем народную песню, якую у свой час пераспявалі “Песняры”. “Ой рана на Купала”. Здавалася б, Купала тут, адназначна, жанчына, бо мужчынскі род даў бы “Ой рана на Купалу”. Да таго ж, далей ідзе радок: “Дзе Купала начавала?” Тут адпадаюць апошнія сумненні. Але потым гучыць: “Ой рана на Йвана!” Іван, Ян – гэта ўжо мужчына без ніякіх варыянтаў. Як паэт Янка Купала, які ўзяў сабе такі псеўданім, бо нарадзіўся на Купалле. Вось і разбярыся. Можна, вядома, спаслацца на тое, што язычніцкае Купалле з прыходам хрысціянства прымеркавалі да дня святога Яна, Івана, адсюль і дваістасць.

Існуе меркаванне, што на Купалле раней была дазволеная інтымная свабода, якая не выключала выпадковага шлюбу паміж братам і сястрой. Менавіта пра такое каханне распавядае адна з купальскіх песняў, якая тлумачыць ўзнікненне сіне-жоўтых кветак: Браткі або Іван ды Мар’я, Брат-Сястрыца, Кветка плачу. Так называюць адну і тую ж кветку ў розных славянскіх народаў. Паводле старажытнай купальскай песні брат і сястра, якія не ведалі пра сваяцтва, пакахаліся. Калі ж даведаліся, то жахнуліся страшнаму граху, які здзейснілі. Брат і сястра, а цяпер яшчэ і муж з жонкай, ператварыліся ў двухколерную кветку. “Пойдзем, сястра, у поле, // Рассеемся з травою: З цябе будзе сіні цвет. // Будуць дзеўкі краскі рваць // І брата з сястрою памінаць”.

Гэты міф натхніў нашага класіка Вінцэнта Дуніна  Марцінкевіча стварыць першую ў новай беларускай літаратуры паэму “Травіца брат-сястрыца”. Дарэчы, жыў ён тады у маёнтку пад Пінскам і пісаў на палескай гаворцы. Гэта пазней Дунін Марцінкевіч, перабраўшыся ў Мінск, стаў пісаць і перапісаў некаторыя свае раннія творы мовай, блізкай да сучаснай літаратурнай нормы. У паэме Алёнка – дачка жанчыны, уцеклай ад мужа з палюбоўнікам, і сотнік Мірон пакахаліся, але не ведалі, што яны родныя брат і сястра. Дазнаўшыся пра сваяцтва, яны не перажылі гэтай весткі і загінулі, іх пахавалі ў адной магіле: “Мірона ж Алёнку усе жалавалі, // У адной магіле родных пахавалі. // Ды на той магіле вырасла травіца, // І людзі назвалі яе “Брат-сястрыца”. // Дзеўкі ж маладзенькі траўку тую рвалі // І няшчасных песняй паміналі …”

Міфы пра шлюб сястры з братам вядомыя са старажытнасці. Можна згадаць, што ў егіпецкіх фараонаў такія сем’і былі нормай і нават патрабаваннем. Гэта звязвалі з максімальнай ўрадлівасцю. Так і нашы старажытныя продкі лічылі, што шлюбы блізнятаў — брата з сястрою: Месяца і Сонца, Вады і Агню, распачалі жыццё на зямлі. Адсюль і водгалас у песні пра брата з сястрыцай. Адсюль і традыцыя скочваць падпаленае кола ў ваду.