Крык

Услухайцеся ў слова: “КРЫК”, адразу стане зразумелым яго паходжанне. Яно перагукваецца са звярыным “РЫК”. Чалавек, які крычыць, у нечым звер. Нашто чалавеку, жывёлам дадзена прыродай выдаваць гучныя гукі? Перш за ўсё крык прыдасца, каб запалохаць ворага. Так сабака на падворку брэша на незнаёмца, які праходзіць паўз плот. Дае зразумець – толькі сунься, і падзяру “як Тузік грэлку”. Вось і людзі крычаць на тых, хто пагражае ім, маўляў “пайшоў прэч, адчапіся, а не тое…” Працяг фразы ўжо залежыць ад выхавання, вагавых катэгорый праціўнікаў. Яшчэ крык, рык і людзі з жывёламі выкарыстоўваюць, каб паклікаць на дапамогу у хвіліны небяспекі, папярэдзіць пра яе іншых. Крыкнеш “ратуйце” ці “пажар”, глядзіш, нехта і з’явіцца дапамагаць.

У крыку галоўнае не інфармацыя, а эмоцыя. Менавіта яе мы чуем у першую чаргу. Каб пераканацца ў гэтым, варта праслухаць якую-небудзь прамову аднаго з самых страшных злачынцаў ХХ-га стагоддзя Адольфа Гітлера. Паслухайце яе без перакладу, на нямецкай мове. І вы пачуеце, як ён не гаворыць, а крычыць – брэша на ворагаў германскай нацыі, а натоўп, які абагаўляе яго, гатовы рынуцца знішчаць габрэяў, цыганоў, псіхічна хворых, недачалавекаў увогуле, да каторых можна залучыць каго заўгодна. Так і адбывалася. Скажам, японцаў, саюзнікаў Германіі ў Другой сусветнай вайне, нацысты залічвалі да арыйцаў, а славяне станавіліся для іх унтэрмэншамі. Прыхільнікі нацызму жылі эмоцыяй, а не жыццёвай логікай.

Нікому не прыйдзе да галавы крыкам прызнавацца ў каханні, любові. Хаця, гэта таксама эмоцыі, пачуцці. Мы станем прамаўляць словы прызнання шэптам, магчыма, на вуха. Каб інтымнага шэпту не пачуў ніхто з боку, той да каго словы не адрасаваныя.

Чалавек, дзякуючы свайму розуму і дапытлівасці, заўсёды спрабаваў знайсці пэўным рэчам нечаканае прызначэнне. Так, у старажытнасці з каменя ён зрабіў прыладу дыстанцыйнага палявання, з абпаленай завостранай палкі – прымітыўную рыдлёўку-капалку, з прутка – шампур, на якім можна смажыць або вяліць мяса. Так і выжыў у свеце больш моцных і хуткіх жывёл. Аднак, ніхто не застрахаваны ад памылак. Недзе эксперымент здараецца паспяховым, недзе – правальным. З крыку чалавек паспрабаваў зрабіць інструмент выхавання. І самае дзіўнае, гэтая спроба доўжыцца да нашых дзён.

Варта прыслухацца да размоў мужа і жонкі, бацькоў і дзяцей у транспарце, на выхадзе з універсама, паліклінікі, або проста пастаяць на балконе познім вечарам. І абавязкова пачуеце крыкі-прэтэнзіі наконт таго, хто каму загубіў жыццё, хто не сачыў за сваім здароўем, не вучыў урокі… І ўсё гэта робіцца з найлепшымі пачуццямі, у выхаваўчых мэтах.

Мы забываемся, што інфармацыя праз крык не ўспрымаецца – толькі эмоцыі нянавісці. А нянавісць выклікае раздражненне. Я памятаю адну і другую са сваіх першых настаўніц. Першая крычала на нас – школьнікаў, ламала ўказкі аб парты, драла сшыткі з памылкамі напалам і кідала іх у праход. Яе баяліся, але не паважалі. Другая заходзіла ў клас, ціха віталася, разгортвала журнал, вымаўляла, што зараз да дошкі пойдзе адказваць… і доўга вадзіла алоўкам над нашымі прозвішчамі. Цішыня стаяла такая, што было чутно, як волас падае з галавы. Нарэшце гучала і прозвішча вучня. Потым ані папрокаў, ані пахвальбы. Як адказаў, так адказаў, і абсалютна справядлівая адзнака.

І таксама са школьных часоў. Самае страшнае – не крык аднакласнікаў, не сварка з імі, а “ігнор”. Калі за правіну з табой усе проста перастаюць размаўляць. Давайце забывацца на крык. Заўсёды можна паразумецца спакойна, а калі трэба, то і пашкадаваць адзін аднога з любоўю.