Крэдытная гісторыя

Памятаю, бацька вучыў мяне, маўляў, старайся на пазычаць грошы, бо бярэш чужыя і на кароткі час, а аддаваць давядзецца свае і назаўсёды. Слушная парада, але, нажаль, сённяшні свет уладкаваны так, што без крэдытаў абысціся цяжка.

Крэдытаванне ўзнікла нават раней за самі грошы. Яе ўжо ведалі ў Старажытным Егіпце, крэдытамі карысталіся жыхары старадаўніх цывілізацый Вавілона, Амерыкі… Як жа можна даць і ўзяць крэдыт без грошай? У дзяржаўных жытніцах старажытных цывілізацый заўсёды захоўваўся стратэгічны запас зерня на выпадак, калі збожжа не ўродзіць. Памятаеце, як у Бібліі святы Язэп тлумачыў фараону яго прарочы сон пра сем тлустых кароў, якія выйшлі з мора і іх з’елі сем худых? Маўляў, будзе сем ўрадлівых гадоў, а за імі настануць сем галодных.

Падданыя ў неўрадлівы год мелі магчымасць атрымаць з дзяржаўных жытніц збожжа, аддаваць пазычанае можна было не толькі зернем, а, скажам, працай на дзяржаву. Мясцовыя чыноўнікі вялі дакладны ўлік, хто колькі атрымаў і колькі аддаў. Аддаваць даводзілася, вядома, больш, чым чалавек пазычаў.

Са з’яўленнем грошай у антычным свеце актыўна пачало развівацца ліхвярства – у сённяшнім разуменні крэдытаванне. Полісы Старажытнай Грэцыі былі першымі дзяржаўнымі дэмакратычнымі ўтварэннямі. Праўда, свабода і дэмакратыя існавалі там не для ўсіх. Як жартуюць гісторыкі: “Дэмакратыя была ўсеагульная – нават апошні земляроб меў не меней чатырох рабоў”. Але ж грамадзяне полісаў, сапраўды, былі вольнымі. Таму дазвалялася і вольнасць у грашовых адносінах. Пазычай колькі хочаш, калі даюць. А за не сплачаную з працэнтамі ў час пазыку чалавек мог і сам трапіць у рабства. Праўда, суд станавіўся на бок нядоімшчыка, калі працэнт быў занадта вялікі, больш, чым удвая перавышаў звычайны на фінансавым рынку. Калі хто і асуджаў ліхвярства, то гэта антычныя філосафы, яны слушна даводзілі, што тыя зрэшты разбураць існуючы дзяржаўны лад — замест палітычнай свабоды грамадзян узнікне фінансавая залежнасць іх адзін ад аднаго.

Цяперашнія сусветныя рэлігіі: іўдаізм, хрысціянства, іслам асуджалі ліхвярства. Яны забаранялі даваць у “рост” грошы адзінаверцам – колькі пазычыў, столькі і мусіш атрымаць назад. Пад працэнты дазвалялася даваць пазыкі толькі іншаверцам. Вось чаму ў пераважна хрысціянскай Еўропе гэтым і займаліся габрэі. Не заставаліся ў баку і багатыя манастыры з кляштарамі. Яны ахвотна пазычалі грошы феадалам пад заклад зямлі, нерухомай маёмасці, родавых каштоўнасцяў, нават каралеўскіх карон. Дамова складалася хітра. Феадал мусіў вярнуць роўна столькі, колькі пазычыў, але ж абгаворваўся абавязак нешта ахвяраваць манахам. Гэта магла быць і абяцанка пабудаваць храм. Паступова манахі сталі займацца ліхвярствам не хаваючыся. Так, на нашых землях базыліяне ў XVIII стагоддзі ўжо выдалі кнігу, дзе падрабязна тлумачылі значэнне асноўных банкаўскіх тэрмінаў.

Цяпер большасць краін свету, і Беларусь таксама, жывуць з выкарыстаннем крэдытаў – і насельніцтва, і самі дзяржавы. Праўда, мара пра тое, што можна пазычыць і не вярнуць, нязводная. Адзін мой знаёмы ўкраінец, які з’ехаў з Крыма пасля таго, як туды прыйшла Расійская Федэрацыя, распавядаў. Напярэдадні на паўвыспу пісьменна запусцілі чутку, што можна будзе не вяртаць узятыя ва ўкраінскіх банках крэдыты.  Некаторыя павяліся і радасна віталі “зялёных чалавечкаў”. Ну, а праз пару месяцаў украінскія банкі прадалі расійскім свае крэдыты і тыя прыслалі калектараў абсалютна справядліва выбіваць грошы з тых, хто іх пазычаў.