Краіна замкаў

“Краіна замкаў”. Так прэзентуюць Беларусь замежнікам некаторыя турыстычныя кампаніі. Гэты тэрмін узнік не ўчора-сёння. Цяперашнія рэкламшчыкі проста падхапілі і крыху змянілі тое, што прыдумалі да іх. Яшчэ ў раннім сярэднявеччы шведскія крыніцы называлі нашыя землі “Гардарыкай”, то бок, краем умацаваных гарадоў. Цяпер мы часцей за ўсё ўжываем да тых умацаванняў назву “гарадзішча”. Бо саміх пабудоў, сценаў не захавалася, яны былі драўляныя. Да нашага часу дайшлі толькі абарончыя земляныя валы. Іх памеры ўражваюць. Не трэба думаць, што нашыя далёкія продкі ленаваліся будаваць з камянёў. Проста лесу было шмат, і драўляныя пабудовы цалкам адпавядалі задачам абароны і ўмовам нашага дастаткова суворага клімату. Паспрабуй ацяпліць узімку каменны будынак! Уявіце сабе аб’ём працы па ўзвядзенню такіх замкаў.

Возьмем не самы вялікі, але найбольш даследаваны перад яго знішчэннем у другой палове ХХ стагоддзя – мінскі. Мінск ХІ-ХІІ стагоддзяў быў далёка не самым вялікім горадам на тэрыторыі сучаснай Беларусі, хоць трывала ўваходзіў у лік пяці самых буйных пасяленняў. Каб земляныя валы замка не абсыпаліся, іх будавалі па наступнай тэхналогіі. Укладалі сасновыя бярвёны ўздоўж вала, засыпалі слоем зямлі, затым укладалі слой бярвён упоперак, засыпалі і іх. Так да самага верху – вышыні ў 10-12 метраў. Схілы атрымліваліся стромымі – вораг проста так не ўскараскаецца і не пракапае такі вал.

Так вось, археолагі падлічылі колькасць бярвёнаў для яго ўзвядзення. Калі іх раскласці на зямлі адным слоем, то яны зоймуць тэрыторыю 14-ці сучасных футбольных палёў. А яшчэ ж трэба ўзвесці драўляныя брамы, сцены наверсе валоў.

Першыя каменныя замкі ў нас пачалі будаваць на захадзе краіны з ХІІІ-ХІV стагоддзяў для абароны ад крыжакоў. Самае цікавае, што кіравалі будаўніцтвам за нашыя грошы запрошаныя нямецкія спецыялісты. Бо ўласныя яшчэ слаба валодалі тэхналогіямі мураванага дойлідства. На будоўлю замкаў мабілізавалі людзей з усёй краіны. Так, у Магілёўскай вобласці яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя была зафіксаваная прымаўка-праклён: “Каб ты на Крэўскі замак камяні цягаў”. Дзе той Магілёў і дзе тое Крэва? Ды і амаль шэсцьсот гадоў прайшло, а праклён захаваўся ў памяці людзей.

Апошнім па часе класічным замкам, а не палацава-замкавым комплексам, як у Нясвіжы, Гальшанах, быў пабудаваны ў ХVІ стагоддзі Мірскі замак. Цікава, што вайсковай патрэбы ў яго ўзвядзенні не было. Але ж уладальніку Міра магнату Юрыю Ільінічу вельмі карцела стаць графам. А надаць яму графскі тытул за грошы мог толькі імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі. І адной з умоў была наяўнасць у прэтэндэнта ўласнага замка.

Класічныя каменныя замкі зрабіла непатрэбнымі развіццё мастацтва артылерыі. Цяпер муры ўжо не штурмавалі з дапамогай драбін, вяровак. Іх проста разбівалі з цяжкіх гармат, або падрывалі выбухам, зрабіўшы падкоп, і войскі кідаліся ў пралом. Тады зноў вярнуліся да ўзвядзення земляных умацаванняў з бастыёнамі, так званая італьянская сістэма фартыфікацыі. Ядры не маглі іх разбурыць. Такі прынцып выкарыстоўваўся для ўзвядзення крэпасцей амаль да пачатку ХХ стагоддзя. Аднак, з’яўленне авіяцыі прымусіла адмовіцца і ад іх.

Відаць, памяць пра “краіну замкаў” не дае беларусам спакою. Варта паглядзець на багатыя катэджныя пасёлкі пад буйнымі гарадамі. Тыя беларусы, каму дазваляюць грошы, зноў будуюць “дамы-замкі” з вежамі, вінтавымі сходамі, зубцамі. Не думаю, што абараняцца ад некага збіраюцца, ці мараць атрымаць графскі тытул ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі, як некалі атрымаў яго Юры Ільініч. Проста генетычная памяць, і нічога больш.