Конь пад вакном

Памятаю, як яшчэ ў 1970-я гады мая цётка, якая была замужам за габрэем, з’ехала жыць у Злучаныя Штаты Амерыкі. У першым лісце, які яна даслала, быў каляровы фотаздымак.

Даўжэзны, нібы двухвагонны аўтобус, “Крайслер”, а на яго фоне стаіць уся сям’я: жонка, муж і трое дзяцей.На адваротным баку ганарлівы надпіс: “Мы купілі аўтамабіль”. Для тагачаснай Савецкай Беларусі здымак выглядаў фантастычна. На той час падобную машыну я бачыў толькі ў спевака Віктара Вуячыча. Дый, увогуле, уласная машына тады была раскошай. Звычайна да машыны чалавек яшчэ будаваў і гараж. Бо машына куплялася не на некалькі гадоў, а практычна на ўсё жыццё, таму з яе лезь не парушынкі здзімалі.

Гэта цяпер машына ёсць амаль у кожнага беларуса. Па аўтамабілізацыі мы пераўзыходзім усіх нашых суседзяў. Здзівіць тым, што ў цябе ёсць аўтамабіль, немагчыма, вядома, калі вы не ўладальнік “Хамера”. Стаяць машыны па дварах пад самымі вокнамі. Бо кожны хоча адразу з ганку трапіць за руль. Амаль, як у каўбойскіх фільмах, калі супергерой скача з вакна ў сядло свайго каня.

Вось толькі ці патрэбна нам столькі машын? З аднаго боку, свой транспарт — зручная рэч. Дабіраешся з пункту “А” у пункт “Б” без перасадак. Ёсць людзі, каму аўтамабіль неабходны. Тым, хто жыве за горадам і кожны дзень ездзіць на працу. Або тым, каму даводзіцца аб’язджаць заказчыкаў. Аднак, такіх меншасць. Большасць проста штодня дабіраецца да завода ці да офіса з хаты, хаця маглі б скарыстацца грамадскім транспартам. Або ўвогуле ездзяць “гады ў рады” – на вёску да сваякоў або на дачу. Што ж, права кожнага рабіць свой выбар – як каму зручней, як танней. У аўтааматараў галоўны аргумент – я выдаткоўваю грошы толькі на бензін. Здавалася б, так яно і ёсць. Вось толькі варта падлічыць, колькі насамрэч каштуе паездка на сваім аўтамабілі. Бензін – адзін з шматлікіх артыкулаў выдаткаў. Трэба дадаць грошы на замену “расходнікаў” – алей, антыфрыз. Замену гумы з летняй на зімнюю. Праходжанне тэхаглядаў, аплату падатку на допуск да руху, за атрыманне медычнай даведкі, страхоўку. А колькі забіраюць запчасткі і рамонт? Ёсць, вядома, аматары рамантаваць машыну ўласнаруч. Але ў такім выпадку варта падлічыць час, які гэтая праца забірае. Час таксама каштуе грошай. Ёсць яшчэ адзін артыкул выдаткаў, пра які звычайна забываюцца. Кожная машына за два гады эксплуатацыі губляе палову свайго кошту, і яго таксама трэба разнесці на кіламетраж. Так што плата за кожны кіламетр становіцца значна большай, чым “толькі бензін”.

Калі выязджаць са двара раз на тыдзень, то часам у выніку атрымалася б танней і зручней узяць таксі, чым мець уласную машыну. Па падліках спецыялістаў сярэдняя адлегласць, на якую ездзяць людзі ў гарадах, дзе насельніцтва перавышае 100 000, складае 5 кіламетраў.

Усе ж таксі не заўсёды прымальны варыянт, асабліва, калі выпраўляешся за горад на колькі дзён. У такім выпадку прыдалася б служба арэнды аўтамабіляў. Нажаль, у Беларусі яна на сёння развітая вельмі слаба, дый кошты вялікія. Хаця традыцыя ёсць – у Пінску у міжваенны час можна было браць аўтамабілі напракат, чым даволі шырока карысталіся заможныя турысты, каб падарожнічаць Палессем.

У Заходняй Еўропе людзі ў вялікіх гарадах паступова адмаўляюцца ад уласных машын, аддаюць перавагу арэндзе. І працэс толькі паскорыўся са з’яўленнем электрамабіляў. Навукоўцы прадказваюць, што серыйны выпуск беспілотных машын зробіць яго незваротным. Фантастыка? Не. Згадайце, як яшчэ гадоў трыццаць таму цяжка было ўявіць сабе магчымасці масавай сотавай сувязі.