Кіно і немцы

Ёсць пэўныя фільмы, якія круцяць у тэлевізійным эфіры напярэдадні знакавых дат. Так, апошнія гады перад 22 чэрвеня – пачаткам савецка-германскай вайны, абавязкова пакажуць стужку 2010 года выпуску “Брэсцкая крэпасць”.

З Брэсцкай крэпасцю ў мяне не толькі мастацкая повязь праз кнігі і кінематограф. Я чуў пра гісторыю абароны з першых вуснаў. Мой бацька – пісьменнік Алесь Махнач, 19 чэрвеня 1941 года пасля сканчэння Мінскай вайсковай мота-пяхотнай вучэльні прыбыў у крэпасць у званні малодшага лейтэнанта, каб праходзіць службу. У першы дзень яму далі падпісаць у штабе паперу-папярэджанне, што ён не будзе чыніць узброенага супраціву ў выпадку нямецкіх правакацый. Іначай — трыбунал з прадказальным расстрэлам. Ён паспеў яшчэ прайсціся ўздоўж Буга. З другога берага нямецкія салдаты крычалі яму: “Сталін, Гітлер – гут, гут!” Савецкае кіраўніцтва, як і салдаты Вермахта, таксама яшчэ верылі ў непарушнасць мірнай дамовы паміж СССР і Трэцім Рэйхам. Немцаў пераконвалі, што сабралі іх каля савецкай мяжы, каб падмануць англічан. А насамрэч наступ будзе здзейснены на Брытанію.

Ужо назаўтра, калі бацька прымаў узвод ад папярэдняга камандзіра лейтэнанта Смагіна, то падчас палявых заняткаў у паветры з’явіўся нямецкі самалёт і забіў аднаго з чырвонаармейцаў. Бацька расказваў мне, якое гэта было прыніжэнне, ляжаць са зброяй і не мець магчымасці адказаць на злачынства.

Увечары 21 чэрвеня бацька пайшоў з лейтэнантам Смагіным у Брэст, каб адзначыць перадачу ўзвода. Селі на тэрасе ў парку, замовілі белае грузінскае віно, калега па службе спрабаваў навучыць бацьку паліць цыгаркі. З таго дня да самой смерці ў 2002 годзе бацька ніколі больш не датыкаўся да тытуню і да белага сухога віна, не хацелася памяццю павярнуцца ў тую ноч з 21 на 22 чэрвеня.

Вярнуўся ён у крэпасць на світанку. Нават не распрануўся, проста паслабіў афіцэрскую папругу і лёг на канапе ў камандзірскай бакоўцы побач з сейфам. І снілася яму, што кінулі яго ў таварны вагон, які ляціць з гары не па рэйках, а па каменным бруку. Як прачнуўся, убачыў, што выбухам выносіць дзверы. Так пачалася для яго – васямнаццацігадовага, вайна. Абарона Холмскай брамы, праз якую нацысты, прыкрываючыся жонкамі і дзецьмі абаронцаў, рваліся ў крэпасць. Пошукі складоў з боепрыпасамі, зброяй і харчамі, навучанне байцоў абыходзіцца з засакрэчаным на той час аўтаматам ППШ, начны падрыў казармы, дзе заселі гітлераўцы. Шмат чаго прыпала на кароткія дні абароны.

А потым параненага, непрытомнага за кулямётам, у якім скончыліся набоі, яго захапілі ў палон. Ізноў бацьку пашанцавала. У першыя дні вайны афіцэры Вермахта вярнулі нашым хірургам медыкаменты і інструменты. Тыя паспелі зрабіць яму складаную аперацыю. А пасля з’явіліся немцы “спецыяльна абвучаныя”. І з 5000 палонных абаронцаў праз пару месяцаў у жывых засталіся 500.

Апошнім канцлагерам для бацькі стаў “Везуві” на мяжы Германіі і Галандыі. Калі ў 1944-м налятала амерыканская авіяцыя, і немцы хаваліся ў бліндажах, палонныя выскоквалі на плац і, як дзеці пад дажджом, радасна скакалі – нашыя прыляцелі. Пасля вызвалення канадцамі бацька вярнуўся ў БССР. Два гады правёў у савецкім фільтрацыйным лагеры. І толькі пры Мікіце Хрушчове, дзякуючы пісьменніку Сяргею Смірнову справядлівасць адносна абаронцаў Брэсцкай крэпасці часткова аднавілася. Урэшце, бацька стаў пісьменнікам і выдаў кніжкі пра абарону крэпасці.

Так што, у мяне сваё кіно пра немцаў, убачанае вачыма бацькі, захаванае маёй памяццю, перададзенае ўнукам. І гэта толькі азначае, што тэма апошняй вайны дагэтуль “жывая” для нашай краіны.