Карта паляка

Вось ужо чвэрць стагоддзя, як у беларускіх пашпартах няма графы “нацыянальнасць”. Гэта яшчэ ў савецкіх зялёна-карычневых кніжачках, апроч іншага, пісалі: “беларус”, “рускі”, “украінец”, “габрэй” ці “паляк”. Нашто патрэбная такая інфармацыя пра грамадзяніна БССР, ніхто не тлумачыў. Можна было, напісаўшы адпаведную заяву, змяніць прозвішча, імя, а вось, нацыянальнасць змене не падлягала. Кім нарадзіўся, тым і памрэш.

Вось толькі запісы тыя далёка не заўсёды адпавядалі здароваму глузду. Так, напрыклад, мая жонка, якая па бацьку напалову ўкраінка,  а па маці на чвэрць полька і на чвэрць беларуска, у пашпарце была запісана рускай на той падставе, што нарадзілася на Сахаліне. Бацькам, відаць, давялі, што быць “рускай” у СССР лепш за ўсё – нацыянальнасць універсальная для ўсёй краіны. Таму яны і не пярэчылі, а можа, нават і налягалі на такім запісе ў “Пасведчанні аб нараджэнні”. Добрая палова з маіх знаёмых габрэяў па дакументах былі беларусамі ці рускімі, што праўда, потым не перашкодзіла ім эміграваць у Ізраіль, або ў Штаты ці Германію па габрэйскіх праграмах.

Цяпер пытанне нацыянальнасці або зводзіцца да грамадзянства – калі грамадзянін Беларусі, то і робішся беларусам аўтаматычна, або на ўзроўні самаіндэтыфікацыі ў прыватных дачыненнях, кім хочаш, тым і называйся. Дарэчы, у Расійскай імперыі нацыянальнасць у дакументах таксама наўпрост не пазначалася, яна зводзілася да абавязковага ўказання веравызнання: “праваслаўны”, “каталік”, “іўдзей”, “мусульманін”. У даваеннай Польшчы, у склад якой уваходзіла Заходняя Беларусь, нацыянальнасць пазначалася са слоў уладальніка пашпарта. Мне даводзілася бачыць у даваенных польскіх пашпартах заходніх беларусаў і такія запісы: “паляк праваслаўнага веравызнання”, “тутэйшы”, “ліцвін”…

Не так даўно заходзіў увечары да знаёмага ў офіс, а там, у суседнім памяшканні, праводзяцца курсы польскай мовы. Выкладчыца затрымлівалася, а таму я і разгаварыўся з вучнямі, якія чакалі яе на калідоры. Як высветлілася, практычна ўсе з іх вывучалі мову нашай заходняй суседкі не для таго, каб чытаць класіку ў арыгінале, ці глядзець тэлевізійныя праграмы, а для таго, каб у выніку атрымаць “Карту паляка”.

Я разумею, што ў кожнага павінна быць свабода выбару. Кожны можа выбіраць, дзе яму і яго сям’і лепш жыць. Давесці сваю “польскасць” для заходняга беларуса няцяжка – дастаткова знайсці запісы ў даваенных архівах пра грамадзянства сваіх продкаў, або проста сфатаграфаваць іх надмагіллі. Ну, а потым здаць нескладаны іспыт па веданні мовы, традыцый і атрымаць “Карту паляка”.

Я нікога не асуджаю. Кожны мае права на камфортнае існаванне. “Карта паляка” здымае праблемы з Шэнгенскай візай, з легальным працаўладкаваннем за мяжой. У выпадку пераезду на пастаяннае жыхарства ў Польшчу праз пэўны час уладальнік “Карты паляка” атрымлівае права ўзяць там крэдыт на пабудову жытла пад мінімальны працэнт, які не параўнаць з нашымі крэдытнымі праграмамі, і атрымаць грамадзянства ў краіне Еўразвязу. Аднак, пры гэтым яму давядзецца паставіць подпіс на “Карце паляка”, то бок, прызнаць сваю новую нацыянальнасць, якая, дарэчы, не пазначаецца ў польскіх пашпартах. Нонсэнс – прыродны паляк не мае дакумента пра сваю нацыянальнасць, а беларус яго атрымлівае ў выглядзе “карты”.

Суцяшае адно. Большасць, з кім я гаварыў, не збіраюцца эміграваць. Для іх “Карта паляка” – больш зручны варыянт для афармлення паездак на Захад, чым стаянне ў чэргах у польскім консульстве па часовую візу. Яны, як адчувалі сябе беларусамі, так і адчуваюць.