Кампазiтар, паўстанец, мастак

Напалеон Орда, без сумневу, адзін з самых выбітных беларусаў. Ягоныя шматлікія таленты далі яму магчымасць стаць знакамітым мастаком, кампазітарам, піяністам, педагогам.  

Напалеон Орда нарадзіўся 11 лютага 1807 года ў маёнтку Варацэвічы тагачаснага Пінскага павета. Ягоны бацька быў інжынерам-фартыфікатарам. Сёння яго б называлі інжынерам-дарожнікам, бо будаваў дарогі, ці інжынерам-гідратэхнікам, бо ўзводзіў таксама масты, пракладаў каналы. Маці – дачка пінскага суддзі і мечніка Тадэвуша Бутрымовіча была таленавітай піяністкай, яна і вучыла сына музыцы.

Імя Напалеон бацькі далі сыну не выпадкова. Яшчэ не мінула і дзесяці гадоў, як Рэч Паспалітая, разарваная на кавалкі Расійскай імперыяй, Прусіяй і Аўстрыяй, спыніла сваё існаванне. Шмат хто на нашых землях звязваў магчымасць яе адраджэння з французскім імператарам Напалеонам Банапартам.

Першапачаткова Напалеон Орда вырашыў прысвяціць сябе дакладным навукам і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Як патрыёт, ён уваходзіць у таемнаю студэнцкую арганізацыю. Пасля яе выкрыцця царскімі ўладамі ў 1827 годзе трапляе за краты. Зрэшты, выходзіць на волю. Аднак, шляхі да сур’ёзнай кар’еры і адукацыі яму, як “недобранадзейнаму”, адрэзаны. Орда паступае на службу жаўнерам у Літоўскі корпус коннай гвардыі. І тут выбухае паўстанне 1831 года. Зразумела, малады чалавек пераходзіць на бок паўстанцаў. За мужнасць у баях ён атрымлівае найвышэйшую ўзнагароду – ордэн Virtuti military і званне капітана. Пасля разгрому паўстання Напалеон Орда вымушаны падацца ў эміграцыю, бо на радзіме яго чакала катарга.

Нарэшце ў 1833 годзе па чужых дакументах ён трапляе ў Парыж, знаходзіць новых сяброў сярод тамтэйшай творчай эліты. Спіс іх уражвае: Фрыдэрык Шапэн, Адам Міцкевіч, Ферэнц Ліст, Джузэпэ Вердзі, Шарль Гуно, Іван Тургенеў, Паліна Віярдо… Фрыдэрык Шапэн у захапленні ад кампазітарскага таленту Напалеона Орды, таленту выканаўцы, грае з ім у чатыры рукі на фартэп’яна, прысвячае сябру шматлікія творы. Пэўны час Напалеон Орда працуе дырэктарам італьянскай оперы ў Парыжы. І знаходзіць новае захапленне – жывапіс, бярэ ўрокі ў знакамітага на той час мастака П’ера Жэрара, майстра архітэктурнага краявіду. Здзяйсняе шэраг падарожжаў па Еўропе і Афрыцы, адкуль прывозіць дасканала выкананыя ў сваёй пазнавальнай манеры малюнкі.

Здавалася б, жыццё склалася. Ёсць становішча ў грамадстве, сям’я, творчае прызнанне. Але ж, як толькі ў 1856 годзе царскім указам была абвешчана амністыя былым паўстанцам, Напалеон Орда, не вагаючыся, вяртаецца на Радзіму. Маёнтак яму ўжо не належаў, царскія ўлады паспелі яго канфіскаваць. Адзінае, што Орду дазволена, арандаваць сваю былую ўласнасць. Ён закупляе самае сучаснае сельскагаспадарчае абсталяванне, займаецца гаспадаркай. А ў вольны час падарожнічае па Беларусі, Украіне, Польшчы і робіць малюнкі замкаў, храмаў, палацаў.

Прамых доказаў удзелу Напалеона Орды ў паўстанні 1863 года не захавалася. Яго арыштавалі, трымалі ў кобрынскай турме, год вялося следства, у выніку асудзілі на высылку ўглыб Расіі. Прысуд перагледзелі ў самы апошні момант. Рэшту жыцця Напалеон Орда жыў у сваякоў, сяброў і даводзіў да ладу сваю асноўную працу – рабіў малюнкі архітэктуры, сістэматызаваў іх, рыхтаваў да выдання альбомы.

Толькі дзякуючы Напалеону Орду мы ведаем, як выглядалі разбураныя ў пазнейшыя часы нашы замкі, касцёлы, цэрквы, палацы, якімі былі беларускія гарады. Ён практычна зрабіў маляўнічую энцыклапедыю нашай старадаўняй архітэктуры.