«Каханак Вялікай Мядзведзіцы»

Ва ўсім свеце ведаюць агента 007 Джэймса Бонда. Прыдумаў гэтага персанажа брытанскі пісьменнік Ян Флемінг. Вось толькі ані ў воднай кінасерыі няма згадак пра мінулае Бонда. Нібыта ён адразу нарадзіўся суперагентам брытанскай выведкі. І ўсё ж такі ў яго існаваў рэальны прататып. Гэта наш зямляк з Ляхавічаў цяперашняй Брэсцкай вобласці, з якога і спісаў свайго знакамітага героя Ян Флемінг. Звалі яго Сяргей Пясецкі. Сёлета 1 красавіка, акурат, спаўняецца 120 гадоў з дня яго народзінаў.

1918 год. Сяргей Пясецкі ўжо ў Мінску. Вакол віравала палітычнае жыццё, адна ўлада змяняла другую. Спачатку Пясецкі браў удзел у беларускай партызанцы, пасля яе паразы пайшоў служыць у адну з так званых Літоўска-беларускіх дывізій Войска польскага. Браў удзел у Польска-савецкай вайне. І па яе сканчэнні дзевятнаццацігадовым юнаком апынуўся ў Вільні без прафесіі, без сродкаў існавання. Вось тут і раскрыліся ягоныя авантурыстычныя здольнасці. Ён з сябрамі гандляваў самагонам, друкаваў эратычныя паштоўкі, падрабляў грашовыя паперы. Цвярозы розум падказваў яму, што так доўга працягвацца не можа. Ён вырашыў спалучыць свае крымінальныя ўменні з дзяржаўнай службай на карысць Другой Рэчы Паспалітай. З улікам баявых заслуг Сяргея Пясецкага прынялі ў выведку. У ягоныя абавязкі ўваходзіла падтрымліваць кантакт з польскай агентурай у Савецкай Беларусі. Месцам базавання стаў Ракаў – мястэчка на самай мяжы з БССР — у сарака кіламетрах ад Мінска. Ён нелегальна пераходзіў мяжу, сустракаўся з агентамі, атрымліваў ад іх інфармацыю, перадаваў грошы. Крымінальнае мінулае дазволіла Пясецкаму ўзяць пад кантроль памежных кантрабандыстаў. Ён спрашчаў ім перасячэнне мяжы, дазваляў карыстацца каналамі выведкі, а кантрабандысты мусілі дзяліцца “заробкам”. Неўзабаве падначалены яму аддзел выведкі перайшоў на самафінансаванне і нават дзяліўся грашыма з “цэнтрам”. Праз колькі гадоў такога бізнесу начальства ў Варшаве зразумела, што Сяргей Пясецкі з выведніка ператварыўся ў кантрабандыста, і яго паперлі з дзяржаўнай службы. Давялося вяртацца да таго, што ўмеў – да крыміналу. У 1927 годзе Пясецкага і пару ягоных сяброў арыштавалі за ўзброены напад на пасажырскі цягнік на вузкакалейцы Гродна-Ліда. Суд прысудзіў яго да павешання, аднак з улікам баявога мінулага смяротную кару замянілі на пятнаццаць гадоў турмы.

Магчыма, прозвішча Пясецкага так і засталося б зафіксаваным толькі ў архіўных дакументах. Але ў турме Сяргей пачаў пісаць прозу. Першыя два рукапісы не прапусціла турэмная цэнзура, а вось трэці – раман “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” пра ракаўскія прыгоды выведніка-кантрабандыста, дазволілі пераслаць у рэдакцыю. Раман імгненна набыў папулярнасць, яго пераклалі на адзінаццаць моў! Распачалася грамадская кампанія па датэрміновым вызваленні таленавітага пісьменніка з турмы, дзякуючы якой пасля адзінаццаці гадоў вязніцы Пясецкі выйшаў на волю. Да вайны ён паспеў выдаць колькі раманаў. Пасля нямецкай акупацыі змагаўся ў антынацысцкім падполлі ў Вільні. А потым эміграваў ў Вялікабрытанію, дзе на літаратурнай ніве і пазнаёміўся з Янам Флемінгам, які так захапіўся пакручастым лёсам ураджэнца Ляхавічаў, што стварыў на яго аснове вобраз агента 007 – Джэймса Бонда.

Можна па рознаму ставіцца да постаці рэальнага Сяргея Пясецкага. Да таго ж даследчыкі сцвярджаюць, што больш за палову сваіх авантурных прыгод ён проста выдумаў. Аднак, Пясецкі здолеў пакінуць захапляльныя літаратурныя сведчанні жыцця ў 1920-я гады на савецка-польскім памежжы.

Максім КЛІМКОВІЧ  

Афиша города