Грошы, грошы…

“А, як маеш грошы, то і сам харошы…” Так спяваюць у адной народнай песні. Наогул, грошам прысвечана шмат фальклорных прымавак, выслоўяў. Скажам: “Грошай, шмат не бывае”; “На той свет грошы з сабой не возьмеш”; “Не варты і шэлягу меднага”… Сапраўды, грошы займаюць вялікую частку нашага жыцця. Мы зарабляем іх, выдаткоўваем, марнуем, укладаем. Іх прайграюць і выйграюць у азартныя гульні. Іх крадуць, даюць імі хабар, пазычаюць. Грошы маюць вартасць не самі па сабе, яны пашыраюць магчымасць здзяйснення нашых мар, уплыву на іншых. Таму ў народных казках, паданнях спрэс згадваюцца чароўныя скарбы і іх інфернальныя ахоўнікі, людзі за грошы прадаюць душу д’яблу. Нават адзін з нацыянальных сімвалаў беларусаў Папараць-кветка дазваляе яго ўладальніку бачыць схаваныя пад зямлёй скарбы.

Ну, і зразумела, народ пастаянна прыдумляе розныя рэцэпты, ці, як кажуць сёння, “лайфхакі”, якія дазваляюць эканоміць грошы, весці іх улік. Адзін з такіх лайфхакаў выкарыстоўвала мая бабуля 1905 года нараджэння. Кожны раз пасля паходу ў краму, або, вярнуўшыся з прагулянкі з унукамі ў гарадскі парк, у канцы дня яна даставала са старога камода вучнёўскі сшытак за дзве капейкі, разлінаваны на слупкі. Завастрыць графітны аловак яна даручала мне. І потым акуратна, як і належыць настаўніцы па прафесіі, запісвала ўсе сённяшнія выдаткі: хлеб, малако, мяса з кулінарыі, яйкі, лімон… Следам ішлі кошты атракцыёнаў у парку, марозіва, ну і іншая дробязь. Потым мая бабуля падбівала вынік – колькі грошай сышло за дзень. Так яна пільна сачыла, каб не перавысіць дзённы ліміт.

Цяпер я разумею, адкуль ішла такая педантычнасць. Яшчэ з да вайны ў нас жыла нанятая домработніца, якая вяла гаспадарку. І яе трэба было кантраляваць, каб не прысабечыла грошы. Калі бабуліны дзеці – мая маці і яе сястра, выраслі, то знікла неабходнасць і ў прыслузе, а вось звычка засталася.

Мой дзіцячы мозг не прымаў такой фінансавай скрупулёзнасці. Калі з бабуляй выпраўляліся ў парк, я адразу ж пытаўся: “Баба, а колькі ў цябе грошай?” Яна цярпліва тлумачыла, што грошай у партманэтцы можа быць і пяцьдзясят рублёў, але гэта не значыць, што мы змарнуем іх за адзін дзень. А потым прыводзіла свой любімы прыклад з літаратуры. Адзін з персанажаў англійскага раманіста Чарлза Дзікенса так фармуляваў сакрэт свайго дабрабыту. Маўляў, ён заўсёды выдаткоўвае за месяц на адно пенні менш, чым зарабляе. А вось, калі б ён выдаткоўваў на адно пенні больш, чым яго заробак, то жыў бы ў няшчымніцы, а ягоныя дзеці пасля яго смерці не змаглі б разлічыцца з пазыкамі. Кажучы словамі іншага персанажа таго ж пісьменніка: “Парада добрая, калі ведаеш, як з яе скарыстацца”.

А вось у маёй бабулі атрымоўвалася. Той самы ўмоўны “лішні пені” яна рэгулярна заносіла ў Ашчадную касу. На канец 1980-х, калі збіранне савецкіх грошай увогуле страціла сэнс, на кніжцы сабралася колькі тысяч – на вяселле для ўнучак і на ўласнае пахаванне. Грошы “згарэлі”, але ж прынцыпу бабуля датрымалася.

Выкарыстоўваць яе праду з “лішнім пенні” у сённяшнім свеце вельмі цяжка. Грошы часткова страцілі матэрыяльнасць, іх не бачыш. Прыкладаеш банкаўскую картку да тэрміналу, і з яе нешта спісалі. Карта пры гэтым ніяк знешне не змянілася. А яшчэ ёсць варыянты лёгка залазіць у “мінусы” – розныя авердрафты і карткі растэрміноўкі. Добра, што яны існуюць. Але заўсёды трэба памятаць, што мэта любога банка – атрыманне прыбытку, а не дапамога людзям. Ужо потым з атрыманага прыбытку банкіры могуць нешта пусціць на дабрачыннасць, але ўжо па-за межамі лініі банк-кліент.