Год свінні, або…

Сродкі масавай інфармацыі і гандляры сувенірамі моцна пастараліся, каб кожны беларус ведаў, што 2019 год – год Свінні, да таго ж не звычайнай, а Жоўтай Земляной. Мне асабіста не даводзілася ў жыцці бачыць ані жоўтых свінняў, ані тых, якія жывуць у земляных норах. Яно і не дзіва, бо азначаць гады каляровымі жывёламі і стыхіяй, у якой яны жывуць, кітайская традыцыя. Да таго ж, кітайскі Новы год яшчэ не распачаўся. Так што ўсе спрэчкі пра тое ці варта было ставіць на святочны стол стравы са свініны, пакрыўдзіцца на гэта Свіння, ці наадварот, паспрыяе гаспадарам, марныя.

Зразумець беларусу — прадстаўніку хрысціянска-еўрапейскай цывілізацыі, прадстаўніка іншай — будысцка-кітайскай, няпроста. Гэта тое ж самае, што нам слухаць кітайскую музыку, а кітайцу еўрапейскую. Але ж паспрабуем разабрацца. Мы ўспрымаем час лінейна, для нас ёсць мінулы час, цяперашні і будучы, ёсць і нулявы пункт адліку. Кожны момант у гісторыі дакладна зафіксаваны на гэтай часавай лінейцы. Кітайцы цяпер, вядома, выкарыстоўваюць і агульнапрыняты ў свеце каляндар, але ж традыцыйна жывуць шасцідзесяцігадовымі цыкламі. Для адліку гадоў у іх ёсць дванаццаць жывёл, пяць колераў і пяць стыхій. Вось яны і вар’іруюцца. Мінае 60 гадоў, і цыкл распачынаецца зноў. Таму часам і цяжка разабрацца з падзеямі ў далёкай кітайскай гісторыі, бо той жа год Жоўтай Земляной Свінні паўтараецца раз на 60 гадоў. Таму ў летапісах кітайцы звычайна да года падзеі дадавалі ў праўленне якой імператарскай дынастыі мела месца тое ці іншае здарэнне.

Да ўсяго ў кітайцаў каляндар прывязаны не да сонечных цыклаў, як у нас, да месячных. Год у іх пачынаецца з другой поўні пасля зімовага сонцастаяння і можа прыпадаць на любы дзень ад 21 студзеня да 21 лютага. Сёлета ён распачнецца 5 лютага. Так што прыхільнікі кітайскага календара, насамрэч, па-ранейшаму жывуць у год Жоўтага Землянога Сабакі, і ўсе віншавальныя паштоўкі са свінкамі, сувенірныя статуэткі разышліся па Беларусі крыху зарана. Ну, што ж, хаця б пашанцавала тым, хто іх вырабляе, дарэчы, амаль усе яны паходзяць з Кітая.

Кітайцы, увогуле, унікальная нацыя. Пачыналі яны сваю цывілізацыю паралельна са старажытнымі егіпцянамі. Дзе цяпер той Старажытны Егіпет? Толькі піраміды, сфінксы і храмы нагадваюць пра яго існаванне. Колькі цывілізацый, колькі імперый змянілі на карце свету адна адну. І толькі Кітай з іх застаўся да сённяшніх дзён. Магчыма, таму, што яго насельнікі цягам тысячагоддзяў прывыклі асэнсоўваць час цыкламі, якія паўтараюцца? Таму яны і мысляць лёсам усяго свайго народу, а не толькі адным-двума пакаленнямі. У сярэднявеччы і еўрапейцы былі такімі. Кароль, князь мог закласці велічны сабор, замак і ведаць, што будаўніцтва расцягнецца на стагоддзі, што ён не пабачыць скончаны будынак. Але ж закладалі. Сітуацыю змяніла эпоха Рэнесансу, вось тады мы і сталі складаць планы практычна толькі на сваё ўласнае жыццё, у галовах адукаваных людзей запанаваў індывідуалізм. Не ведаю, што лепш. Як кажа прымаўка нашых усходніх суседзяў: “Что русскому здорово, то немцу смерть”. У кітайцаў свой шлях, у нас свой. І ад таго, што некаторыя з нас заўчасна адзначылі Новы год, як год Жоўтай Земляной Свінні, мы не сталі мысліць, як кітайцы.

Мне больш падабаецца, калі адзін за адным ідуць Год кнігі, Год навукі, Год малой радзімы. А, калі захочацца нечага экзатычнага, то варта разгарнуць “Каляндар беларускіх і міжнародных святаў”. Там знойдуцца не толькі Дзень дэсантніка і Дзень танкіста, але і Дзень пацалункаў, і Дзень абдымкаў.