Год пацука

На каталіцкія Каляды ў сацыяльных сетках спачатку пачыналі мільгацець у стужках выявы Хрыста, анёльчыкі, Каза, калядоўшчыкі, потым іх змянілі выявы пацука, ну а следам – ужо на праваслаўнае Божае нараджэнне, зноў з’явіліся Хрыстос з анёльчыкамі і народнымі каляднымі персанажамі. Спалучэнне такое ж, як у вінегрэце, чым больш інгрыдыентаў, тым лепш.

Пра тое, што 2020 год – год Белага Пацука, не ведае цяпер толькі лянівы. Але ці так гэта насамрэч? Пачну са старога, яшчэ савецкага, анекдота: “Гэта праўда, што Рабіновіч выйграў у латарэю аўтамабіль “Волга”? “Праўда. Толькі не ў латарэю, а ў прэферанс, і не “Волгу”, а сто рублёў, і не выйграў, а прайграў”. Вось так і з годам Белага Пацука. Нібыта і праўда… Пачнём з таго, што гэты хвастаты персанаж – з усходняга календара, а не з нашага, які вядзе летазлічэнне ад нараджэння Хрыста. Да таго ж, кітайцы вядуць адлік гадоў ад узыходжання на пасад іх першага імператара, а гэта 2968 год да нашае эры. Дый усходні новы год яшчэ не наступіў, усходні каляндар прывязаны да месячных цыклаў, а не да сонечных, як еўрапейскі. І таму ягоная дата мяняецца год ад года ў межах месяца. Сёлета ўсходні новы год прыпадае на 25 студзеня. Ну і яшчэ адна рыска. Пацук насамрэч не “белы”, а “металёвы”. Усходні каляндар падзяляецца на 60-ці гадовыя цыклы. Кожнаму году прысвойваецца імя адной з дванаццаці жывёл – сярод іх і пацук, а таксама адной са стыхій: паветра, вады, зямлі, агню, металу. Такім чынам і атрымліваецца цыкл з 60-ці гадоў (12х5=60), які прыкладна роўны працягласці чалавечага жыцця.

Таму, казаць на дадзены момант, што настаў год Белага Пацука, падстаў не больш, чым пра Рабіновіча з анекдота, які выйграў у латарэю “Волгу”. Можна толькі парадавацца за кітайскіх вытворцаў і нашых гандляроў сувенірамі, якія здолелі прапіярыць усходні каляндар ва ўсім свеце і зарабіць на роўным месцы немалыя грошы.

Аднак, сувеніры з пацукамі ўжо купленыя і падараваныя, паштоўкі разасланыя. Застаецца змірыцца з гэтым фактам і паспрабаваць неяк беларусізаваць гэтага новага святочнага персанажа, з якім нам давядзецца пражыць увесь 2020 год.

Кім жа быў пацук для нашых продкаў? Не варта думаць, што яго ўспрымалі толькі, як шкодніка, які псуе харчовыя запасы. Згадаем і іншыя беларускія назвы пацука: “пац”, “бац”, “шчур”. Ад апошняга паходзіць слова “прашчур”, якое азначае даўно памерлага продка-апекуна жывых. Адкуль жа ўзялася гэтая повязь продкаў з грызуном, які жыве побач з чалавекам? Пацук, як і некаторыя іншыя жывёлы – заяц, кот, вужака; або міфічныя – цмок, жывойт, лічыліся праваднікамі паміж жывымі і іншасветам, месцам, дзе знаходзяцца душы памерлых.

Пацук вылазіў у хату з-пад парога, з-пад печы, туды ж і сыходзіў. Таму і лічылі яго ўвасабленнем душы продка. Бо менавіта там паводле некаторых старажытных абрадаў хавалі памерлых. Ад тых часоў да нядаўніх дзён дайшоў звычай закопваць пупавіну нованароджанага пад парогам роднай хаты. То бок, яе адпраўлялі у свет памерлых. І дамавік, які жыве ў падпечку – таксама душа аднаго з продкаў. За печ хавалі і вычасаныя валасы, і зрэзаныя пазногці. Сённяшні звычай выкідаць валасы і пазногці толькі ў праточную ваду таксама азначае, што мы адпраўляем іх у іншасвет, свет памерлых.

Такім чынам – “пацук”, “пац”, “шчур”, не толькі персанаж экзатычнай для беларусаў усходняй міфалогіі, але і нашай, старажытна-славянскай. Будзем спадзявацца, што сёлета нават паўжартаўлівая вера ў яго, як у сімвал увасаблення старажытных продкаў, паспрыяе нам лягчэй вырашаць штодзённыя праблемы.