Эмiграцыя

Ніколі нічога не меў супраць эмігрантаў. Ані супраць тых суайчыннікаў, якія з’язджаюць за мяжу ў пошуках лепшай долі, ані супраць людзей з іншых краін, якія прыязджаюць да нас.

З развалам Савецкага Саюза эміграваць мог практычна кожны. Тады шмат каму з маіх калег, а працаваў я на тэлебачанні, было гадоў пад сорак. Росквіт для творчага чалавека. І адначасова гэты ўзрост – апошні шанец паспрабаваць пачаць новае жыццё. Жыць у Беларусі было тады складана. Людзі да гэтага мэтанакіравана рабілі кар’еру, адкладалі грошы, стаялі ў чэргах на кватэры. І раптам ўся гэтая сістэма страціла сэнс. Шмат якія сем’і распаліся. Памятаю, што ўсе калегі, хто ад’язджаў жыць за мяжу, тлумачылі свой учынак аднолькава: “Еду дзеля дзяцей. Хай, хоць яны вырастуць у нармальных умовах”. Жадаць шчасця сваім дзецям – зразумелае тлумачэнне. Так з’ехаў разам з сям’ёй у Паўночна-Афрыканскую Рэспубліку таленавіты аператар. Неблагі тэлевізійны рэжысёр, якога кінула жонка, падаўся разам з сынам у Ізраіль і ўладкаваўся санітарам у шпіталь. Сцэнарыстка папулярных перабудовачных перадач выйшла замуж за значна старэйшага за яе багатага амерыканца. У яе ў Беларусі былі праблемы – сын звязаўся з нейкімі прайдзісветамі, якія здымалі з машын магнітолы. Жанчыне цудам удалося пакінуць яго на свабодзе. Вось і спадзявалася, што ў ЗША сын зменіць кампанію. Усе яны ледзь не за рукі і ногі цягнулі за сабой ў эміграцыю яшчэ адну калегу – па спецыяльнасці дырэктара фільмаў, такіх цяпер называюць лінейным прадзюсарам. Тую кінуў муж, яна засталася адна з дзесяцігадовым сынам. Аднак, замест таго, каб падацца за мяжу, яна падабрала на вуліцы практычна бамжа, беспрацоўнага, былога інжынера і намагалася вярнуць яго да нармальнага ладу жыцця.

Каб адмыслова сачыць за далейшым лёсам сваіх былых калег, я не сачыў, але інфармацыя час ад часу даходзіць. Аператар знайшоў сабе працу па спецыяльнасці ў Ёханэсбургу. Але неўзабаве пераканаўся, што ў Паўночна-Афрыканскай Рэспубліцы жыццё імкліва развальваецца. Палітыка апартэіду ўжо скончылася, і цемнаскурыя тубыльцы з бандустанаў запаланілі яго элітны раён, дзе раней жылі толькі белыя. Шматкватэрны дом жыхарам давялося абнесці высокай агароджай з калючым дротам паверсе і наняць ахоўнікаў з агняпальнай зброяй. Страляніне ўначы ніхто асабліва не здзіўляецца. Ну, а сына яму даводзілася вазіць у школу на машыне ад брамы да брамы.

Рэжысёру ў Ізраіле пашанцавала яшчэ менш. Яго сын давучыўся ў школе і пайшоў служыць у войска. Праз некаторы час застрэліўся. Па неасцярожнасці, ці скончыў жыццё самагубствам, не ведаю. Выніку гэта не мяняе. Бацька страціў сына, дзеля якога з рэжысёраў перакваліфікаваўся ў санітары.

Сцэнарыстка папулярных перабудовачных тэлепраграм так і не здолела абараніць сына ад турмы. Цяпер ён сядзіць за кратамі ў Штатах і не за крадзеж магнітол, а за наркотыкі. Яе багаты муж аказаўся вельмі сквапным, нават у тастаменце адпісаў жонцы зусім невялікія грошы, асноўны капітал пакінуў дзецям ад ранейшага шлюбу.

Больш за ўсіх пашанцавала дырэктарцы фільмаў, якая засталася ў Беларусі. Былы інжынер, падабраны ёй, літаральна, на вуліцы, адчуў адказнасць за лёс яе сына. Кінуў піць, вылюднеў, адкрыў свой бізнес. Праз нейкі час разарыўся, але рукі не апусціў, падаўся на дзяржаўную службу і ў выніку стаў чыноўнікам дастаткова высокага рангу.

Я не кажу, што няшчасці і беды – вынік эміграцыі маіх знаёмых. Дастаткова паламаных лёсаў і ў Беларусі. Проста, так сталася. Шчасце яно або ёсць, або няма. І геаграфія тут ні да чаго.