Дзядзька Якуб

На мінулым тыдні ў Беларусі адзначылі чарговую гадавіну з дня народзінаў Якуба Коласа. Пісьменнік настолькі вядомы, што нават на магіле напісаны толькі ягоны літаратурны псеўданім і даты жыцця, больш нічога. Нават сапраўднае прозвішча – Міцкевіч, не пазначанае. Кожны сам павінен ведаць, хто ён такі.

І, як заўсёды здараецца пад пэўныя даты, у газетах, на сайтах пачалі з’яўляцца публікацыі, успаміны пра Якуба Коласа. Сярод сур’ёзных значную частку склалі і розныя забаўныя гісторыі з жыцця Песняра. Ну, хаця б і такія.

Нібыта Якуб Колас быў вельмі сквапным чалавекам, прымушаў сваіх дзяцей збіраць у гаражы старыя газеты, пустыя бутэлькі і потым здаваць іх, грошы вяртаць у сямейны бюджэт. А ганарары ў яго, як у народнага пісьменніка Беларусі, былі вялікія, ды і выдавалі яго кнігі пастаянна. Касірка ў “Доме друку” скардзілася, што дзядзька Якуб увесь час затрымлівае чаргу ў дні выдачы ганарараў. Іншыя пісьменнікі атрымаюць свае грошы, кінуць ёй колькі рублёў на “цукеркі для дзяцей”, сунуць пару пачкаў заробленых грошай у кішэню і ідуць з сябрамі адзначаць. А Якуб Колас садзіўся за столік, кожны пачак распячатваў і скрупулёзна пералічваў па адной паперцы. Покуль не ўпэўніцца, што атрымаў напоўніцу, не сыходзіў. І вось аднойчы касірка вырашыла правучыць народнага пісьменніка, замовіла ў банку грошы дробнымі купюрамі. Думала, хаця б у такім выпадку ён палічыць свой ганарар адразу пачкамі.

Колас прыйшоў у выдавецтва, калегі яго, як жывога класіка, зразумела, без чаргі прапусцілі. І стала касірка перад ім выстаўляць пачкі дробных грошай штабелямі. У Якуба Коласа нават брыво не здрыганулася. Узяў ён гэты штабель двума рукамі, перанёс на столік і спакойна, як заўсёды, пачаў пералічваць купюры па адной. Лічыў больш за гадзіну. Склаў у партфель, падзякаваў і выйшаў. Больш такіх эксперыментаў касірка не рабіла, змірылася.

А яшчэ Якуб Колас любіў гуляць у шахматы з Янкам Купалам. Вось толькі любіць гуляць, яшчэ значыць любіць прайграваць. І асабліва не любіў прайграваць Янка Купала. Калі адчуваў, што сітуацыя на дошцы складваецца не на яго карысць, пачынаў злаваць і, кажучы сучаснымі словамі, “троліць” Якуба Коласа. Маўляў, той просты мужык. Ну і Колас не стрымліваўся, казаў: “А ты шляхцюк недабіты”. Тады Купала тэатральна ўскокваў з-за стала і нібыта выпадкова перакульваў фігуры на дошцы, каб толькі шахматная партыя не падышла да разгромнага фіналу.

Другім разам, нібыта, Янка Купала запрасіў Якуба Коласа паехаць разам у грыбы. Выбраліся з Мінска на купалавай машыне. Яму якраз беларускі ўрад падарыў шыкоўны “Шэўрале”, рэквізаваны ў 1939 годзе ў князя Радзівіла. А ў Якуба Коласа пакуль яшчэ быў сціплы легкавік савецкай вытворчасці, які вельмі часта ламаўся. Класікі набралі грыбоў і паехалі назад. Па дарозе завязалася спрэчка. Купала даводзіў, што ў яго машына лепшая, а Колас сцвярджаў, што ягоная. Купала раззлаваўся і сказаў: “Калі твая лепшая, то ідзі пешкі”. Высадзіў Якуба Коласа ў чыстым полі, і той мусіў з дзясятак кіламетраў ісці да Мінска пехатой.

Гісторыі забаўныя. А ці праўдзівыя? Мне гэтымі днямі, калі адзначалі дзень нараджэння Якуба Коласа, пашчасціла сустрэцца з малодшым сынам класіка Міхасём Міцкевічам. Яму ўжо за дзевяноста гадоў, але розум мае вельмі светлы, шмат памятае пра бацьку і яго сяброў. Ён крыху раздражнёна засмяяўся, калі пачуў ад мяне пра гэтыя гісторыі і сказаў, што іх нельга ўспрымаць, як праўду. Проста пра вялікіх людзей заўсёды складаюць анекдоты. І нічога з гэтым не паробіш – слава, яна такая.