Дзядзька Колас

На мінулым тыдні ў Беларусі адзначалі дзень нараджэння Якуба Коласа. Ёсць людзі, без якіх наша краіна была б крыху іншай. І адзін з іх – гэта Якуб Колас. Былі ў яго і афіцыйныя пасады, аднак пісьменнікам, паэтам яго ніхто не прызначаў. Бо немагчыма прызначыць. Цяпер ён нам уяўляецца ў бронзе помнікаў, у тамах збору твораў. Аднак быў ён жывым чалавекам, са сваімі звычкамі, дзівацтвамі, поспехамі і няўдачамі. Згадаем у гэтыя дні колькі гісторый з яго жыцця.

Яшчэ дзіцёнкам будучы паэт быў упэўнены, што разумее мову жаўрукоў. Вось радкі з яго ўспамінаў: “…мне здавалася, быццам я разумею ўсё, што спявалі гэтыя птушкі. Маё вуха прывыкла адзначаць новыя тоны песень. Я памятаю дзесь у небе кружылася з песняю жаваранка, прыйшла мне ў галаву думка, што жаваранка просіць у Бога пажару. З неба стала падаць штось маленькае цёмнае і ўпала каля маіх ног. Я паглядзеў — на зямлі ляжаў яшчэ не патухлы акурак папяросы…”

Якуб Колас пачынаў сваю працу настаўнікам на Піншчыне. І ў 1906 годзе браў ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе ў сябе на радзіме ў Мікалаеўшчыне. Беларускія настаўнікі-патрыёты былі канспіратарамі. З’езд быў арганізаваны пад выглядам так званай “маёўкі”. Нібыта, калегі проста сабраліся на прыродзе на беразе Нёмана, каб павесяліцца. Насамрэч збіраліся абмяркоўваць сур’ёзныя пытанні, што тычыліся школьнай адукацыі. На з’езд быў запрошаны і Янка Маўр, які вылучаўся франтаватасцю. Ён вырашыў прыехаць з Мінску на ровары. Гэта цяпер веласіпедыст з’ява звычайная. А ў 1906 годзе апрануты ў стройчык, пры гальштуку Янка Маўр на ровары падаўся мясцовым сялянам падазроным. Яны паведамілі пра яго ў паліцыю. Так царскія праваахоўнікі выпадкова і трапілі на месца правядзення з’езду. З’езд разагналі, а яго арганізатарам забаранілі працаваць настаўнікамі. Праз нейкі час Якуба Коласа ўвогуле арыштавалі. Вось так атрымалася, што праз Янку Маўра Якуб Колас на тры гады апынуўся ў турэмным Пішчалаўскім замку ў Мінску, дзе працаваў над паэмай “Новая зямля”. Пасля выхаду на волю, аказаўся пад наглядам паліцыі. І не мог выехаць з родных мясцін.

Пра Якуба Коласа ў народзе хадзілі чуткі, што пісьменнік вельмі сквапны. Ён, насамрэч, ведаў кошт грошам. Сваіх дзяцей, а потым і ўнукаў, прымушаў насіць і здаваць парожнія бутэлькі, што накопліваліся дома, збіраць прачытаныя газеты і здаваць у макулатуру. Пры гэтым атрыманыя грошы не ішлі дзецям на забавы, яны аддавалі іх Якубу Коласу. Калі народны паэт атрымліваў у выдавецтве немалыя ганарары, то лічыў грошы каля касы не пачкамі, як іншыя пісьменнікі, а пералічваў усе купюры па адной, што магло паралізаваць працу касіркі ледзь не на гадзіну. Аднак, пры гэтым вядома, што ён нярэдка дапамагаў даволі значнымі сумамі незнаёмым людзям, якія звярталіся да яго па дапамогу. Скажам, купіў аднаму селяніну адразу пасля вайны карову. Даваў грошы на жыццё студэнтам, якія прыязджалі ў сталіцу на вучобу з вёскі. На ўласныя грошы пабудаваў у роднай Мікалаеўшчыне школу, бо старая згарэла ў вайну.

З Янкам Купалам у Якуба Коласа было не толькі сяброўства, а яшчэ і творчая зайздрасць. Кожнаму творцу хацелася быць першым. Мы ж і цяпер не можам сказаць, хто з іх больш зрабіў для беларускай літаратуры. Часам даходзіла да кур’ёзаў. Купала лепш гуляў у шахматы за Коласа. І аднойчы, калі Колас усё ж выйграваў партыю, Купала назваў яго “мужыком”. Колас у адказ назваў таго “шляхцюком”. Купала ўскочыў з-за стала і нібыта выпадкова скінуў фігуры з дошкі, так і не даў Коласу выйграць нават у шахматы.