Дзяды

Дзень памяці памерлых ва ўсім каталіцкім свеце адзначаюць 2 лістапада. Але ж нельга забываць, што большасць хрысціянскіх святаў проста замянялі традыцыйныя, што адзначаліся ў народзе задоўга да з’яўлення на нашых землях першых цэркваў і касцёлаў. Культ памерлых продкаў у нас адзін з самых старажытных і галоўных. Адсюль і яго народная назва – Дзяды. Да нядаўняга часу Дзяды адзначаліся не толькі на пачатку лістапада. Былі яшчэ Масленічныя, Радаўніцкія, Траецкія, Пятроўскія… Восеньскія. І толькі за апошнімі замацавалася сама назва – Дзяды. Звычай адзначаць іх па старажытных абрадах захаваўся толькі ў Беларусі, Літве, частцы Украіны і ў некаторых рэгіёнах Польшчы.

У народзе лічаць, што ў гэтыя дні душы памерлых выходзяць з магіл і вяртаюцца ў свае дамы да нашчадкаў на памінальную вячэру. Каб палегчыць шлях Дзядам, з вечара на могілках браму пакідалі адчыненай, адчынялі і комін у хаце. Трапіць у яе маглі толькі “чыстыя душы”, а “грэшным” было дазволена адно зазіраць у вакно. Напярэдадні забаранялася снаваць кросны, каб “душы не заблыталіся ў нітках”, бяліць печ, каб “Дзядам не замазаць вочы”. На стол выстаўлялі пачастунак, асобны посуд ставілі і для Дзядоў. Па мігценні свечкі сямейнікі стараліся вызначыць, колькі душаў памерлых з’явілася на памінальную вячэру. Існавала павер’е, што можна нават пабачыць Дзядоў, калі выканаць пэўныя рытуалы. Так, напрыклад, нібыта бачылі іх або бязгрэшныя людзі, альбо тыя, каму было наканавана памерці цягам года.

У дзяцінстве звычайна чуеш шмат розных гісторый, але на ўсё жыццё запамінаюцца адзінкі. Так мне ўрэзалася ў памяць гісторыя, якую мне – пяцігадоваму, расказала мая бабуля. Да таго ж пад час расповяду я бачыў усё ў сваім уяўленні так выразна, нібыта глядзеў фільм. Нібыта адна сяброўка маёй бабулі ў дзяцінстве вырашала на Дзяды пабачыць душу сваёй памерлай маці, па якой моцна плакала і вельмі сумавала. Дзеля гэтага дзяўчынка цэлы дзень напярэдадні Дзядоў мусіла пасціцца і маўчаць. А потым пайшла на вечаровую імшу да касцёла. Пад час набажэнства яна неўпрыкмет для іншых схавалася. Так і засталася на ноч у храме. Апоўначы яна дастала рэшата і стала глядзець праз яго, бо толькі так можна было пабачыць душы памерлых. Яна і згледзела іх. Душы ішлі па праходзе паміж радамі лавак. Злодзей нёс прыгаршчы скрадзеных ім манет, якія выпальвалі яму далоні, ажно куродым ішоў. Маладая жанчына трымала на руках задушанае ёй немаўля… Дзяўчынка пабачыла шмат памерлых – сваякоў і чужых ёй людзей. Апошняй, бо памерла нядаўна, ішла яе маці-нябожчыца, яна несла цяжкія, налітыя па беражкі вёдры. Здань маці спынілася, паглядзела на дачушку і вымавіла: “Кінь плакаць па мне, бачыш, я мушу насіць з сабой усе слёзы, што ты выплакала. Вёдры ўжо поўныя”. Дзяўчынка кінулася да маці, але выпусціла рэшата з рукі. І ўсе здані зніклі. Больш яна не плакала па памерлай.

Вось такую гісторыю пачуў я ў дзяцінстве ад сваёй бабулі. Цяпер разумею, што гэта народная творчасць – фальклор. Але тады я свята верыў, што чую чыстую праўду, што ўсё так і было.

У некаторых мясцінах менавіта на Дзяды ўносілі запісы ў “сямейную хроніку”, выкрэслівалі памерлых і запісвалі тых, хто нарадзіўся цягам года. “Сямейная хроніка” звычайна пісалася алоўкам, але не на паперы, а на тыльным баку вечка ад куфра.

Пад канец вячэры “праводзілі” Дзядоў да дзвярэй і гасілі свечку. Яе ані ў якім разе не задзімалі, бо задзьмуць – азначае – плюнуць. Яе гасілі хлебнай скарынкай. Калі дым ішоў угару, то гэта лічылася добрым, калі ішоў у бок дзвярэй, то наступным годам мусіў памерці нехта з прысутных.