Дзяды, дзеці, унукі

Па гэтай траістай схеме чалавецтва жыве не першае стагоддзе. З таго часу, як людзі перавысілі працягласць зямнога існавання ў шэсцьдзесят гадоў. Бо дваццаць гадоў – працягласць аднога пакалення. Тры пакаленні адной сям’і ў адным часе. 

Актуальнасць тэмы заўсёды можна праверыць, закінуўшы пытанне ў гасцях, калі за сталом сабралося нямала гасцей. Проста закіньце на абмеркаванне пытанне: “Бацькі павінны падтрымліваць дарослых дзяцей? Або, наадварот, дзеці павінны падтрымліваць бацькоў у старасці?” Я ўпэўнены, вы адразу пачуеце безліч гісторый. Нехта распавядзе, як аддаваў дзецям усё, што мог. Праплочваў школьныя гурткі, потым плаціў за навучанне ў інстытуце, купіў маладой сям’і кватэру, даваў сродкі на мэблю, рамонт. А ў выніку нічога добрага не атрымалася, маладыя разбегліся, падзялілі-прадалі жытло, пазбавіліся маёмасці. І гэта яшчэ не горшы выпадак. Нярэдка мужчына, пасля таго, як яго кінула жонка, упадае ў дэпрэсію. Бацькам даводзіцца трымаць сына каля сябе, або наведвацца да яго, прыносіць харчы, гатаваць есці колькі разоў на тыдзень.

Дарэчы, жанчыны лягчэй пераносяць расстанне, калі толькі муж раптоўна не сыходзіць да маладой каханкі. Ды й у гэтым выпадку мала якая жанчына кінецца ў роспач, каб за ёй мусілі даглядаць бацькі.

Другі чалавек зможа вам распавесці сваю гісторыю “з другога боку”. І хутчэй за ўсё, гэта будзе гісторыя сына-дачкі маці-адзіночкі. Маўляў, маці заўсёды адчувала дыскамфорт ад нашчадкаў, і пры першай лепшай магчымасці выправіла іх з хаты. Аддала дачку замуж, сына прымусіла паступіць у вайсковую вучэльню. Потым яны маглі дзесяцігоддзямі не сустракацца. А пасля свабодалюбная маці, якая жыла на самоце, як ёй падабалася, састарэла, адчула нямогласць, і згадала пра дачку-сына. Пачынаецца шантаж: я цябе нарадзіла, і ты мусіш даглядаць мяне да самай смерці. Пры гэтым яшчэ ўключаецца матэрыяльны чыннік – не станеш даглядаць, я адпішу кватэру-хату на каго іншага. Даглядаюць не толькі з-за матэрыяльных чыннікаў. Хаця, прасцей і справядлівей было б сказаць на прэтэнзіі: “Мы не прасілі, каб вы нас нараджалі”. Некаторыя так і кажуць. І тады сямейная нерухомасць адыходзіць сумнеўным суб’ектам – апошняму выпадковаму сябру свабодалюбівай маці, або яе рэлігійным аднадумцам.

Усё ж такі сэрца дзяцей не камень. Заўсёды згадаецца нейкі светлы момант з папярэдняга дзіцячага жыцця: купленае ў парку марозіва, паход у музей, катанне на атракцыёнах. Чым менш было ў жыцці такіх момантаў, тым больш яркімі яны становяцца ва ўспамінах. І тады дзеці прыходзяць на дапамогу. Глядзяць сваіх бацькоў да таго часу, пакуль іх не забярэ смерць.

Адна з самых складаных, але адначасова і простых межаў – дзяды-унукі. Трэцяе пакаленне пакуль што не патрабуе ад дзядоў кватэр, сур’ёзнай маёмасці. Звычайна можна адкупіцца ўвагай, дранікамі ці бульбай-фры ў кавярні. Затое ўнукі, як губка, убіраюць у сябе нашыя ўспаміны пра ранейшыя пакаленні. Расказвайце ім усё, што памятаеце. Потым яны будуць шкадаваць, чаму не ўключалі дыктафон. І менавіта так захаваецца еднасць пакаленняў. Яны раскажуць сямейныя паданні сваім унукам-праўнукам.

Звычайна нам і нашым нашчадкам давядзецца ляжаць на адных вясковых могілках разам з продкамі. Цяпер менавіта так і хаваюць, а не ў горадзе, куды з’язджаюць дзеля кар’еры. А наконт адносінаў “бацькі-дзеці-унукі” рабіце так, як вам камфортна. Проста не дазваляйце цягнуць з сябе сокі. Можаце штомесяц даваць дзецям пэўную суму – давайце. Патрэбныя вам у старасці лішнія грошы – не прасіце ў дзяцей. Самі ўбачаць – дадуць, калі вы іх правільна гадавалі.