Дзве Марыі
Калі паказваеш гасцям з сапраўды далёкага замежжа, нашы гарады, то часам бачаць яны, скажам, помнік Янку Купалу і пытаюцца: “Хто гэта такі?” Раней я ў такіх выпадках спрабаваў адказваць падрабязна, а потым зразумеў, што трэба сцісла: “Гэта наш вялікі нацыянальны паэт”. І ўсё. Кожны зразумее. Бо ва ўсіх краінах ёсць помнікі сваім вялікім нацыянальным паэтам, якія стварылі сучасныя літаратурныя мовы, стварылі міфы, на якіх грунтуецца бачанне гісторыі, чые творы, біяграфіі вывучаюць у школах. І не трэба дзівіцца, што нехта за тысячу кіламетраў ад Беларусі пражыў немалое жыццё і ніколі не чуў пра таго ж Янку Купалу. Мы таксама не ведаем ані твораў, ані імёнаў чужых літаратурных геніяў. Ну, сапраўды, хтосьці з неспецыялістаў у нас зможа, не зазірнуўшы ў Вікіпедыю, назваць вялікіх паэтаў Нарвегіі, Славакіі, Харватыі?..
Сярод іншых у нас ёсць два вялікія нацыянальныя паэты з аднолькавымі прозвішчамі – абодва Міцкевічы. Адзін Адам, другі Канстанцін, апошняга большасць ведае як Якуба Коласа. Дзядзька Якуб, так называлі песняра ў народзе пры жыцці, правільна зрабіў, што ўзяў сабе літаратурны псеўданім, паколькі двум Міцкевічам у нашай паэзіі было б не “павярнуцца”, а школьнікі блыталіся б у адказах настаўнікам літаратуры.
Апроч прозвішчаў, і ў Адама Міцкевіча, і ў Якуба Коласа супалі імёны каханых жанчын. І адну, і другую звалі Марыя: Марыя Верашчака і Марыя Каменская. Кожны прысвячаў ім свае вершы. Вось тут супадзенні канчаюцца.
Адам Міцкевіч пазнаёміўся са сваёй каханай “завочна”. Прыехаў да яе разам са сваім сябрам Тамашом Занам, не заспеў у маёнтку, але ж убачыў сукенку Марылі, кінутую на крэсла. Так і закахаўся – паэт здольны прыдумаць сабе жанчыну нават па дэталі вопраткі. Пры сустрэчы закахалася ў паэта і дзяўчына. Яны сустракаліся, разам хадзілі па беразе возера Свіцязь. Каханая грала для яго на фартэпіяна. Размаўлялі пра гісторыю, паэзію, музыку. Але ж Марыля была ўжо заручаная з графам Путкамерам. І, калі надышоў час, выканала волю бацькоў — выйшла замуж за багатага графа.
Вось так Марыля Верашчака і стала для Адама Міцкевіча да самага яго скону недасяжнай марай.
Са сваёй будучай жонкай другі Міцкевіч – Якуб Колас, пазнаёміўся на курсах настаўнікаў у Пінску, паэт там выкладаў. Прыгожую, разумную Марыю Каменскую ён заўважыў адразу, колькі разоў праводзіў яе дахаты. У таямніцы для іншых пісаў прысвечаныя ёй вершы. Аднак, пайсці далей у адносінах не наважваўся. І аднойчы Марыя сама сказала яму: “Што хадзіць, Костусь, можа, пажэнімся ўжо?” І яны ўзялі шлюб у 1913 годзе. Марыя Каменская стала Марыяй Міцкевіч. Вянчаліся маладыя ў Пінскай царкве Святой Варвары.
Яны пражылі доўгае, шчаслівае жыццё. У іх нарадзіліся трое сыноў: Даніла, Юрка і Міхась. Юрка загінуў на апошняй вайне. Даніла да пенсіі працаваў ў Акадэміі навук, а потым да апошніх дзён свайго жыцця, а памёр ён у 1996 годзе, дырэктарам, навуковым супрацоўнікам Літаратурнага музея свайго бацькі. Малодшы сын – Міхась, таксама навуковец, пайшоў з жыцця толькі летась. Марыя была ўзорнай жонкай і маці, першым чытачом і крытыкам твораў мужа. Мармуровы помнік на яе магіле – самы прыгожы і велічны на Вайсковых могілках беларускай сталіцы. Яго ставіў сам Якуб Колас.
Сёлета днямі спаўняецца 130 гадоў са дня нараджэння жонкі Якуба Коласа.
Цікава, што каханая Адама Міцкевіча Марыя Верашчака, якая зрабілася графіняй Путкамер, стала для свету адным з сімвалаў узвышанага кахання. А вось Марыю Каменскую – каханую жонку Якуба Коласа, згадваюць, хіба, толькі яе родныя.